Выбрать главу

Сувязь паміж асабістай сьвятасьцю, нацыянальнай сьвядомасьцю і роднай мовай у Беларусі наўпроставая.

Сёньняшнія беларусы, перасавецкія, бледнарускія, недапалякі, з падазрэньнем на лёгкую габрэйскасьць, напаўразваранымі вываленыя з плавільнага катла імперыі ў калгасную дыктатуру, аглушаныя глабалізацыяй, абязбожаныя — ды куды там, пакуль проста ня ў стане адчуць сябе носьбітамі найчысьцейшага цуду Слова.

Як у роце, запоўненым бырлам, матам, ванітамі, сярод адрыжак спажывецтва і вострай злосьці, дзе варочаецца барвовы, разбухлы ад сварак і пустаслоўя язык, выжыве пяшчотная, сатканая з дыханьняў адценьняў і гармоніяў, натхнёная евангельскім зьместам мова любові?

Беларускасьць (і ўвогуле сэнс існаваньня 10-мільённага народа ў глыбіні Еўропы) можа ўратаваць толькі ўсенароднае пакаяньне, скразная евангелізацыя, нацыянальнае абуджэньне перад Богам. І вырашальны, пераломны момант беларусізацыі — усьведамленьне каштоўнасьці мовы Царквою. Касьцёл, дальнабачны Касьцёл гэтае пытаньне ўжо вырашыў. Калі заўважная доля праваслаўных і пратэстанцкіх супольнасьцяў прыме беларускую як код хрысьціянскай ментальнасьці, як уласную спадчыну, як мову веры і мову любові — Адраджэньне ўспыхне зь небывалай сілай.

«Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (І Яна 4:16).

Беларусь, пакліканая быць сэрцам Еўропы, ня можа размаўляць інакш чым па-беларуску. У адваротным выпадку сэрца сьцінаецца, захлынаецца і выклікае інфаркты на Захадзе ды ў Расеі.

Беларуская непазьбежна будзе моваю нашага вяртаньня прытомнасьці, моваю пераменаў — бо толькі найвышэйшай любові пад сілу адолець паміраньне грамадства, гвалт тыраніі і зло імперыі.

Беларускай наканавана крышталізаваць нацыянальную ідэю сутнасна хрысьціянскай — толькі тады мы адкрыем гэтую краіну Таму, Хто любіць нас мацней за нас саміх.

Бо што значыць стаць беларусам?

Гэта значыць аднойчы паверыць, што за кожнага з нас і за ўвесь народ аддала сябе на пакуты і сьмерць дасканалая, найчысьцейшая, сьвятая Любоў, якая ўцелавілася ў Слове.

26 студзеня 2013 г.

LXI. ПАШЫХТАВАНЫЯ НА ШЫБЕНЩАХ

І стаялі людзі і глядзелі.

А насьміхаліся разам зь імі

і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў,

хай уратуе Сябе Самога,

калі Ён Хрыстос,

выбранец Божы.

Лукі 23:35

31 студзеня 1863-га, праз тыдзень пасьля абвяшчэньня паўстаньня супраць Расейскай імперыі, атрад з двухсот узброеных паляўнічымі стрэльбамі і пісталетамі хлопцаў увайшоў у мястэчка Шарашова.

Паўстанцы пад кіраўніцтвам шляхціца Рамана Рагінскага ішлі з пушчы: менавіта туды па сігнале сьцякалася моладзь, падлеглая раптоўнаму рэкруцкаму набору ў заходніх губернях — так царскі ўрад разьлічваў абяскровіць хваляваньні, выкліканыя адменай прыгону. Ішлі як гаспадары: у адрозьненьне ад расейскай жандармерыі, жаўнераў і чыноўнікаў, яны былі на сваёй зямлі. І сустракалі іх як вызваліцеляў: «Нашы!..»

У Шарашове вітаць герояў каля касьцёла сабралася ці ня ўсё мястэчка. «Нашых» забясьпечылі паўкажушкамі, лекамі, бялізнай, ежай...

Потым былі Пружаны, таксама ўзятыя бяз бою (начальнік аховы ўцёк, пераапрануты селянінам), першыя сутычкі з вартавымі залогамі акупантаў, бітвы з рэгулярным войскам, далёкія рэйды ў глыбіню Беларусі (атрад Рагінскага прайшоў усё Палесьсе, самога шляхціца паланілі пад Туравам), дэвіз «межы Айчыны пазначым крывёю!». І паразы. І дзікае паляваньне — аблавы па ваколіцах ды лясах. Арышты. Сьледства. Катаваньні... Касьцёлы, ператвораныя ў турмы.

І, нарэшце, укрыжаваньні — шыбеніцы Мураўёва-вешальніка.

Навакольле пушчы як логва паўстаньня Расея вырашыла выпаліць жахам. Замардаваных «інсургентаў», што некалькі месяцаў таму трыумфальна ўваходзілі ў Шарашова ды Пружаны, вешалі ўздоўж дарогі на Купічы — гасьцінец на Вільню, тры кіламетры шыбеніцаў.

Каб нават у астатніх сутаргах змучаныя беларусы не даставалі нагамі роднай зямлі. І забаранілі здымаць — пад страхам сьмерці.

Ужо потым, калі шлях ад смуроду зрабіўся нясьцерпным, здранцьвелыя трупы сьцягвалі ў ямы пры дарозе — па дзесяць-пятнаццаць у кожную.

З тае пары захаваліся тут хіба два ўпотай пастаўленыя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, — назва дарогі Магілаўка і ўрочышча Каліновец, дзе, кажуць, быў паўстанцкі штаб.

Праз 150 гадоў такім жа ціхім сінім вечарам па талым сьнезе, па якім паўстанцы калісьці ўваходзілі ў Шарашова, на гэтай дарозе сабраліся людзі з бліжэйшых Пружанаў, Малеча, Бярозы...