Сабраліся, каб нарэшце запаліць на знак памяці сьвечкі ад Шарашова да самых Купічаў. А пасьля — на канцэрт Андрэя Мельнікава, які прыехаў у Пружаны сьпяваць свае найлепшыя балады.
Тыя, хто тады перамог, чамусьці не сьвяткуюць. Ані дату далучэньня беларускіх земляў да Расеі, ані дзень народзінаў Мураўёва, ані дзень сьмерці Каліноўскага.
Але нашчадкі тых, каго вешалі, памятаюць.
Дарога з Шарашова на Купічы цяпер асьветленая агнямі — каб Богу згары быў бачны той шлях. Жыць жыцьцё сярод страху, дзеля некалькіх месяцаў волі ў безнадзейнай вайне, выступіць — і памерці.
А можа, і праўда паўстаньні 1830 і 1863 гадоў насамрэч былі правакацыямі царскага шэфа жандараў, Бенкендорфа, ды ягоных наступнікаў, якім карцела адабраць маёнткі ў беларускіх магнатаў ды шляхты?
Няўжо дваццацігадовыя, узброеныя дубальтоўкамі ды косамі супраць рэгулярнага, шматкроць большага войска, ды з гарматамі, не разумелі, што паўстаньне асуджана?
Тыя, хто возьмуць меч, ад мяча і загінуць.
Але — колькі сьвятых, ды і сам апостал Пётр, за меч усё-ткі хапаліся, гатовыя аддаваць сваю душу за іншых!
Сумленны беларус, народжаны ў час Каліноўскага, мог выбраць шлях Дастаеўскага. Служыць імперыі, каб як мага глыбей ператвараць яе знутры праўдай і прыгажосьцю. Мог выбраць шлях Міцкевіча — выгнаньне і змаганьне за волю на чужыне. Шлях Баброўскага, урэшце, сьпярша ўніята, а потым праваслаўнага, — упакорыцца сіле, але ціха і настойліва ратаваць людзей вакол сябе...
Гарачыя маладыя сэрцы выбралі паўстаньне. І вось пытаюся самога сябе: ці ня ёсьць дарога на Купічы, устаўленая шыбеніцамі, шляхам да самагубства?
Ключавая падзея эпохі беларускага адчаю, паўстаньне насамрэч было вялікай ахвярай. Да гэтага вузкая, шляхецкая патрыятычная сьвядомасьць раптам пашырылася да ўсенароднай, незалежніцкай. Польскасьць пачала пераплаўляцца ў беларускасьць. А разгром паўстаньня абудзіў у тых, хто застаўся жывым, пякучае жаданьне знайсьці выйсьце. Пераможнае. І вось Багушэвіч (сам колішні паўстанец, паранены, доўга хаваўся ва Ўкраіне) бярэцца абараняць сялянаў у судах, выдае хрысьціянскія вершы і распачынае Адраджэньне. Хвалю падхопліваюць Дунін-Марцінкевіч, Эпімах-Шыпіла, народнікі-грамадоўцы і ксяндзы з БХД.
І былі і БНР, і Рэспубліка Беларусь, і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
Сёньняшняя і будучая наша незалежнасьць аплочаная ў тым ліку і крывёй каліноўцаў. Тых, хто ў апошнім шыхце паўз дарогу на Купічы выцягваўся, курчыўся і не даставаў нагамі да сваёй зямлі, чые вочы вылазілі з арбітаў, каб у апошні міг убачыць неба, са сьцятымі ззаду намёртва, да крыві, крыж-накрыж рукамі, са здушаным горлам, адкуль так і ня выбухне крык волі, — юных, моцных, скалечаных, гатовых ірвануць з астатніх сілаў.
За Ім.
За Асуджаным, Катаваным і гэтак жа Расьпятым на дрэве зь перакладзінай, у спазмах паміж небам і зямлёй — каб збавіць кожнага з нас Сабою.
23 лютага 2013 г.
LXIV. СТАСЕВІЧ, СЬВЯТЫ АНТЫСАВЕТЧЫК
Хіба ня ведаеце,
што сьвятыя будуць
судзіць сьвет?
І да Карынфянаў 6:2
Значыць, вы нічога ня чулі пра сьвятога Лявонція Стасевіча?..
Беларусы-беларусы, хрысьціянскі мы народ... Як гэта выйшла, што нават пасынкі саўка і дзеці перабудовы, зацятыя антысаветчыкі, дагэтуль ня ведаюць пра вялікіх, хто згараў у самай глыбіні імперыі, каб хоць трошкі падсьвяціць бацькам выйсьце? Тыя, чыя штодзённая пяшчота ў рэшце рэшт дала магчымасьць Станіславу Шушкевічу ў адзін цудоўны засьнежаны момант паставіць у Віскулях свой зьнішчальны росчырк?.. Тых, чыя веліч выявіцца з часам, калі нам прыйдзе пара рассыпацца ў прах і ўгнойваць беларускую зямлю сабою?... Чыё жыцьцё — адказ на пытаньне, што рабіць сярод страху, хлусьні, безнадзейнасьці, а лёс — жывая, пакутлівая і агаломшвальная беларуская місія...
Героі вечнасьці чакаюць на нябёсах. Толькі адтуль відаць, наколькі дробязныя нашыя высілкі па-чалавечаму вылучыцца і наколькі велічныя дробязі, каторымі мы так звыкла і настойліва грэбуем.
Леў, будучы Лявонцій Стасевіч, нарадзіўся ў Тарнаградзе на Падляшшы, непадалёк ад Белавежскай пушчы, за стагодзьдзе ад Віскулёў.
Зь сялянскай сям’і, юны, поўны сілаў, беларускі Леў аднойчы крадком увайшоў у Яблачынскі праваслаўны манастыр і быў пастрыжаны ў манахі пад імем Лявонція. У час Першай сусьветнай эвакуяваны ў Маскву і накіраваны, дарэчы, патрыярхам Ціханам у разрабаваны бальшавікамі Суздаль.
Першы раз айца Лявонція арыштавалі ў 1930-м за звон. «Захацеў Госпада звонам праславіць — а звон ужо забаронены быў. Доўга званіў. Спускаюся са званіцы — а мяне ўжо з кайданкамі сустракаюць».