Адбыў тры гады, але як непапраўны сьвятар толькі вынырнуў каўтнуць волі.
Царкву ўжо апанавалі застрашаныя чэкістамі «абнаўленцы» ды сергіяне — і ўпартасьць антысавецкіх бацюшак і манахаў старога гарту была для іх невыноснай. Даносы... Сьледства... і ў Караганду.
Ужо на пероне некалькі арыштаваных сьвятароў запяялі хорам малітву. У пакараньне вагоны з асуджанымі на некалькі марозных дзён загналі ў тупік. Было шмат замерзлых — і толькі ў вагоне айца Лявонція, які заахвочваў усю ноч маліцца з паклонамі, не загінуў ніхто.
Лагернае начальства ўзялося айца Лявонція перавыхоўваць. У ноч на Вялікдзень, напрыклад, Стасевіча прывязвалі да вяроўкі і апускалі галавой у прыбіральню. Падымалі і крычалі:
— Выракаесься?!
А ён ім:
— Хрыстос уваскрос, хлопцы.
Выйшаў, вярнуўся ў Іванаўскую вобласьць. Прызначаны ў аддалены прыход, адкрыта сароміў тых сьвятароў, што дагаджалі ўладзе болей, чым прыхаджанам. І, вядома, дачакаўся трэцяга арышту — за
тое, што «тлумачыў рэлігійныя пісаньні ў антысавецкім духу». Далі 10 гадоў — у Комі.
Ужо 70-гадовым старым айцец Лявонцій выбраўся з ГУЛАГа ў сяло Міхайлаўскае ўсё той жа Іванаўскай вобласьці.
Накіраваны ў храм Міхаіла Арханёла, пераможцы д’ябла, штодня адпраўляў набажэнствы і пешшу абыходзіў усю ваколіцу з трэбамі — спавядаў, прычашчаў, сабораваў... Жыў па-манаску, у пакойчыку, дзе стаялі адно стары жалезны ложак, стол і некалькі зэдлікаў для гасьцей. На ананімныя даносы, што сыпаліся з усіх бакоў і на кожны зь якіх трэба было абавязкова адказваць, айцец Лявонцій пісаў: «Слава Госпаду Богу! Жыў і жыву з братамі ў міры, усім і ўсімі задаволены. Госпад ім судзьдзя. Скарга не адпавядае праўдзе. Я ні на каго не злуюся».
Калі яго, зьнямоглага, шкадавалі прыхаджане: «Бацюшка, ты ж зусім хворы», — ён адказваў: «У Бога хваробаў няма, гэта грахі нашы хварэюць».
Калі ён спаў, людзі ня бачылі: адпрацаваўшы дзень, ноччу маліўся. Штодня на памяць прачытваў увесь Псалтыр.
Тым, хто прызнаваўся, што ня можа адмовіцца ад нейкага граху, айцец Лявонцій прапаноўваў патрымаць далонь над сьвечкай, і калі спаведнік зь пякучым сіпеньнем прыбіраў руку, бацюшка зьдзіўляўся: у вечным полымі гарэць збіраесься, а сьвечкі баісься.
Савецкія бацюшкі лагерніка травілі. А людзі сьцякаліся ў такой колькасьці, што ўладам давялося адмяніць бліжэйшы прыпынак чыгункі — ехалі да яго.
Відавочцы згадваюць ашаламляльныя прароцтвы айца Лявонція — і пра лёс ягоных ганіцеляў, і пра сьмерць патрыярха Алексія, і пра крыніцу, што праб’ецца на вясковых могілках з-пад ягонага ўласнага пахаваньня. Перад сьмерцю за апошняй літургіяй
айцец Лявонцій радасна падымаў угору аслабелыя рукі: «Да Бога ідзём... да Бога ідзём!»
Дарогі беларусаў Стасевічаў за апошнія сто гадоў разбрыліся па ўсім сьвеце. З гэтага роду — і знакаміты амерыканскі скрыпач, дырыжор Павел Стасевіч, і савецкі і расейскі мастак Аляксандр Стасевіч, і футбаліст мінскага «Дынама» ды зборнай Беларусі Ігар Стасевіч.
Але з сучасьнікаў найбліжэй да роду айца Лявонція Сяргей Стасевіч з той жа беларускай глыбіні, з-пад Івацэвічаў. Грэка-каталіцкі сьвятар, што скончыў папскі ўніверсітэт сьвятога Тамаша Аквінскага (Анжэлікум) у Рыме, магістар кананічнага права, рэканструюе «Марыйны дом» (Marian House) у Лондане ды будуе там царкву, пераймаючы справу айца Аляксандра Надсана.
Два сьвятары-беларусы аднаго кораня, адзін — у глыбіні Расеі, другі — у глыбіні Захаду, аддаюць свае жыцьці іншым. Як сама Беларусь, расьпятая на крыжы — ад таго месца, дзе сонца ўзыходзіць, да таго, дзе яно хаваецца ў цемры. Перабіраеш лёсы, бліскучыя ды невядомыя імёны і думаеш: найбольш разбуральным выклікам для змрочных рэжымаў урэшце аказваецца ня зброя, палітыка ці культура, а ціхая асабістая сьвятасьць.
Сьвятасьць — гэта калі ты цалкам аддаеш усе сілы, час, волю Богу і людзям, не пакідаючы анічога сабе. Такая сьвятасьць перасоўвае горы і перамяшчае краіны — зь мінулага ў будучыню.
Сьцежка Стасевіча на першы пагляд непрыкметная, сьлед крочыць ціхенька, часам пераходзіць на шэпт — але потым высьвятляецца, што гісторыя прайшла менавіта гэтым шляхам.
Бо гэты шлях на зямлі штодня абірае Ісус.
13 красавіка 2013 г.
LXV. УБОГІЯ ДУХАМ
Дабраславёныя ўбогія духам,
бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
Мацьвея 5:3
Камеры «амерыканкі» падобныя да трунаў. Турма круглая, памяшканьні па коле, шырэй да акна, вузей да жалезных дзьвярэй, і калі дранцьвееш на нарах, гледзячы ў столь, нагамі на выхад, слухаеш глухое рэха і чуеш, як памірае чарговы дзень, — раптоўны голас суседа вырывае цябе зь містычнага одуму зь сілаю ўваскрасеньня.