Выбрать главу

— Слухай, вось Пасха, Біблія, — гэта раскацісты барытон палкоўніка Ягоравіча, — узяўся за Евангельле і адразу ўпёрся... Што значыць убогія духам?

З дамавіны «амерыканкі» трапляеш на дно Пружаншчыны, у край забытай і занядбанай велічы, у колішнюю медсанчасьць, а цяпер каменду, поўную няшчасных асуджаных і іх змучаных ахоўнікаў з сумнымі вачыма, а пытаньне пра «ўбогіх духам» аддаецца і аддаецца рэхам увушшу ўжо трэці Вялікі пост — і робіцца зразумела, што аднойчы пра гэта зь беларусамі трэба пагаварыць усур’ёз.

«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае».

Хвілінку. Тут трэба ўчытацца яшчэ раз. «Шчасьлівыя ўбогія духам...» Калі вы не імкняцеся хутчэй прабегчы вачыма і пракаўтнуць паміж салодкімі «шчасьлівымі» і «Валадарствам Нябесным» у залацістым зьзяньні такіх няёмкіх, недарэчных і ўрэшце проста абуральных «убогіх духам», калі вы запаволіце перахопленае сэрца і з намаганьнем правернеце ў галаве менавіта гэтыя два ключавыя словы — вы зьдзейсьніце самае глыбокае пагружэньне і ў сутнасьць хрысьціянства, і ў зьмест беларускасьці.

Хочацца ж быць «духоўна багатым», ці ня так? Ці ня гэтага ад нас вымагаюць гісторыя, цывілізацыя, школа, бацькі... і, напэўна, Бог?

«Шчасьлівыя ўбогія духам, — першае, што кажа Ісус у Нагорнай казані, сэрцы Евангельля, — бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае».

Беларуская ўбогасьць — найрадчэйшы феномен у Еўропе. Агледзімся вакол. Расейцы — шырокія душы, але ганарлівыя. Украінцы — эх, казакі, ды ганарлівыя! Палякі, чаго і казаць — шляхта. Нават балты, нетаропкія, павольныя — поўныя ўнутранага гонару.

А беларусы. гэта беларусы.

Адсутнасьць нацыянальнай пыхі, крайняя кволасьць адасабленчых рэфлексаў кругом у сьвеце тоесныя дыягназу: народ не жылец.

Але Ісус кажа: шчасьлівыя.

Насамрэч у сёньняшнім разгубленым, сырым, паўмёртвым стане беларускай нацыянальнай сьвядомасьці нічога самакаштоўнага няма. Галоўнае — пад рабскай падбітасьцю, халуйствам, ніякавасьцю ўгледзець першапачатковы евангельскі падмурак, глыбокі, асноватворны дар Бога беларусам.

Убогасьць духу.

Прыроджаная сьціпласьць замест ганарлівай крыклівасьці, ціхая моц прыстойнасьці, пакора перад Богам, здольнасьць зь любоўю аддаваць сваё бліжняму, простая праўдзівасьць і чысьціня, унутраная, а не паказная, свабода, ахвярная міласэрнасьць — вось якой убогасьцю дыхае Нагорная казань у Беларусі.

Таму сёньняшні беларус баіцца быць беларусам. Куды прасьцей ірвануць на грудзях славянскія карані — «ну ты чё как нерусский!» — або спаслацца на бабку-каталічку ды атрымаць карту паляка, ды хоць выкалупаць нямецкае гучаньне ў беларуска-габрэйскіх, празь ідыш, прозьвішчах, каб быць як усе.

І як жа прыемна бывае, хай сабе і тут, на сьметніку чалавечым, смачна схаркнуць, плюнуць на ўсіх і ўсё, расправіць плечы ды адчуць сябе гаспадаром жыцьця...

Хай грамадзянін начальнік дастане вантробы адным позіркам, хай прадавачка скрывіць вусны, быццам твае зашмальцаваныя грошы даводзіцца каштаваць на смак, хай бывалы зэк уваліць высьпятка новенькаму і ржэ ўся хата — затое пры выпадку ты сам, зьмерыўшы якога-небудзь мужычка вачыма, грэбліва тыцкаеш пальцам: чуеш, ты...

І вось мы гніем і гінем ад задушлівасьці ўласнага духу, што расьпірае знутры.

А можа, яшчэ і пашкадаваць сябе? Беларусы, бедненькія...

Нам так часта шкада сябе — хоць плач, вакол так цяжка, нам так дасталося, як было балюча, мы столькі пацярпелі... Яшчэ адна з праяваў бяздоннага, невынішчальнага сябелюбства, енк параненай пыхі, якой палудзенны бес закусвае на абед.

Не, убогасьць духу ня ў гэтым. Глыбей.

Адчай актывістаў, што прыязджаюць спустошаныя ў госьці і разводзяць рукамі: нічога не ўдаецца, людзі... Затурканасьць калгасьнікаў, асуджаных за п’янкі і няшчасныя выпадкі на працы, зь якіх кпяць нават у камендзе... Маўчаньне жанчынак, каторыя гадамі, з ранку да вечара, уручную перабіраюць бульбу... Нешта такое роднае, але нераскрытае, недагаворанае, безнадзейнае.

Сёньняшняя наша ўбогасьць самасьвядомасьці захавала ад хрысьціянскай убогасьці духу толькі форму. Пад беларускай пакорай і маўклівасьцю 2013 года цэлае балота на сем сьмяротных грахоў углыб.

Дык што — склаўшы ручкі, тонем? Не. Але што рабіць, калі рабіць і як рабіць, можна ясна зразумець толькі тады, калі прызнацца самому сабе ў сваёй нішчымнасьці перад Богам.

Яна тут жа, побач: непрыкметная соль тутэйшых вернікаў, ціхае сьвятло настаўнікаў беларускай, сарамлівая сумленнасьць тэхнароў, нечаканая дапамога людзей, якія ўзьнікаюць у тваім жыцьці на гадзіну-дзьве і якім ты ніколі ня зможаш адплаціць за дабрыню; пранізьлівыя лісты падтрымкі без зваротнага адрасу; грошы, перададзеныя з рук у рукі ў каменду — «каму-небудзь, хто там мае патрэбу», і лёгкае, быццам ветрыкам зьдзьмула, прабачэньне тваёй уласнай рэзкасьці і раздражненьня — усё гэта сапраўднае беларускае багацьце дзеля Хрыста.