Выбрать главу

На наступным паверсе, верагодна, жыве самотны стары. У яго шмат усялякіх хвароб, магчыма, ён нават інвалід. Аднак, сілы яго пакуль не пакідаюць. Хаця жыццё яму ўжо быццам бы і не патрэбна: надакучылі фізічныя і маральныя пакуты, невы­носная адзінота, ды і сэнсу ў жыцці ўжо не засталося. Была б магчымасць, перадаў бы свой запас жыццёвага часу таму, каму ён насамрэч патрэбны. Суседу знізу, напрыклад. Але няма такой магчымасці, і стары жыве, пакуль жывецца — хворы, слабы, нікому не патрэбны. Вельмі хочацца яму з кім-небудзь паразмаўляць. Нават не затым, каб перадаць свой вопыт ці распавесці якую-небудзь цікавую гісторыю з жыцця, вялізная колькасць якіх без патрэбы захоўваецца ў слабой памяці. А проста паразмаўляць: пра навіны, пра надвор’е. Пажартаваць. Старыя ж таксама ўмеюць жартаваць і смяяцца... Але нікога няма, толькі ён у кватэры, прапахлай лекамі. І каб нечым сябе пацешыць, ён глядзіць усякую лухту па тэлебачанні ці чытае мастацкія кніжкі. Здавалася б, навошта чытаць, калі і абмеркаваць гэта няма з кім, ды і неўзабаве давядзецца паміраць. Але ж ён чытае. І яму цікава... Кладучыся спаць, вера­годна, спадзяецца ён, што хвароба не прывядзе да агоніі, што памрэ лёгка, а пасля сустрэне недзе там сваіх блізкіх і сяброў, і будуць яны разам узгадваць багатае на падзеі жыццё...

Прыкладна такімі ўяўляў Ён сабе суседзяў з вышэйшых паверхаў. Кожны раз пры гэтым раздражняўся, што яны — паводле Яго ж уяўлення — жывуць штучнымі, мяшчанскімі сэнсамі, але адначасова адчуваў невыноснае спачуванне і шкадаванне. Цяпер жа Ён зноў уявіў сабе гэтых людзей, іх розныя і ў той жа час шмат у чым падобныя лёсы, і адчуў супярэчлівыя эмоцыі.

— Вось бы яны ўсе разам заснулі і пабачылі нейкі добры сон... Кожны свой канешне ж... І ў той жа час — астэроід... Магчыма, пабылі б яны яшчэ нейкі час у сваіх снах... А магчыма, адразу патрапілі б у нейкі іншы, сапраўдны свет, дзе няма гэтых штучных зямных праблем...

Яму адказаў Добры:

— Я ведаю, што ты нядрэнны чалавек. Я ведаю, што ты хочаш зрабіць як лепш. Але ў цябе няма права вырашаць за іншых. Накіруй сваё памкненне на нешта са праўды добрае. Хай гэта будзе толькі кропля ў моры. Хай гэтага нават ніхто не заўважыць, але так будзе правільна...

Ён ляжыць і маўчыць. Словы Добрага быццам бы застаюцца па-за ўвагай, і Ён зноў пачынае свой дзіўны рытуал набліжэння каменнай глыбы.

НОЧ ДЗЯВЯТАЯ

Бог з машыны.

Аўтар невядомы

Ён ляжыць нерухома. Узгадвае ўчарашнюю размову. Нягледзячы на тое, што ўчора Яго недаслухалі, вырашае агучыць сваю думку цяпер:

— Як я прыйшоў да ідэі агульнага вынішчэння?.. Тут усё... Я казаў, што смерць часткі чалавецтва выратуе гэтых загінулых і падштрухне некаторых іншых да сапраўднага жыцця. Аднак я выдатна разумею, што гэта будзе і вялікі боль — у першую чаргу для сваякоў памерлых, а таксама для некаторых чуллівых асоб... Канешне, гэты боль часткі грамадства варты таго, каб усё чалавецтва ўвогуле стала крыху лепшым і яшчэ раз задумалася над сваім існаваннем... Бо лепш ахвяраваць тысячамі цяпер, каб не страціць мільёны потым...

Яго перабіў Добры:

— Жыццё кожнага асобнага чалавека — самае каштоўнае ў гэтым свеце. Ты не маеш права так легкадумна казаць пра нейкія тысячы і мільёны... У табе няма Бога, бо Ён — гэта любоў. Палюбі кожнага асобнага чалавека...

— Як самога сябе? — з’едліва запытаў Злы, відавочна намякаючы, што самога сябе Ён не любіць і таксама хоча забіць.

— ...Потым ты ўжо не зможаш успрымаць людзей, як нейкую сухую статыстыку.

Гэтыя словы амаль абурылі Яго:

— Ты памыляешся! Нават недаслухаўшы! Я якраз хацеў сказаць пра гэта. Мая ідэя і ёсць праяўленне вялікай любові, усеахопнай любові да кожнага. Толькі знішчыўшы ўсіх разам, я магу даць сваю любоў пароўну кожнаму. Нікога пры гэтым не пакрыўдзіць. Я нават гатовы ахвяраваць сабой. Бо тут я буду адзіным, хто ведае, што свядома ідзе на ахвяру — астатнія да апошняга будуць у шчасным няведанні. А там я гатовы прыняць статус забойцы і ўзяць на сябе ўсе грахі ахвяр, калі на тое будзе воля Бога, як казаў Злы. І хіба ж гэта — не любоў?

— Гэта амбіцыі і ганарлівасць. Няўжо ты сам гэтага не разумееш?.. Табе неабходна пакора. Неабходна змірыцца і прыняць свет такім, які ён ёсць. Прыняць людзей такімі, якія яны ёсць. І палюбіць іх такімі... Гэта і будзе сапраўдная любоў. Ты ж гатовы любіць толькі тое, што адпавядае нейкім тваім уяўленням і патрабаванням. Гэта значыць, ты гатовы любіць толькі сябе.

Да размовы зноў далучыўся Злы:

— Памятаеш, мы размаўлялі наконт таго, што ўсё чалавецтва з’яўляецца пэўным эксперыментам? Эксперыментам, сэнс якога — самаразвіццё, эвалюцыя, прагрэс. Але ты ж лічыш, што прагрэс не адбываецца, што цяпер назіраецца толькі заняпад...