Выбрать главу

— А што з сапраўдным Богам?

— А што з Ім? Я думаю, што такое становішча Яго задаволіць. Усё ж лепш, чым вынішчаць адно аднога і спрачацца, якая з рэлігій адзіна правільная. Людзі будуць актыўна развівацца, ствараць нешта, праяўляючы свой боскі пачатак. Акрамя гэтага, я думаю, што ніхто не стане забараняць рэлігіі. Сістэму ж не стануць успрымаць як сапраўднага Бога і пакланяцца ёй. У рэшце рэшт, магчыма, Сістэма з’яўляецца часткай Яго задумы...

Ён ляжыць і імкнецца ўявіць сабе свет, што апісаў Злы. Нейкая Утопія... Ды і ўвогуле, Злы звычайна не кажа штосьці так. Тым больш, станоўчае. Няўжо насам­рэч Злы з’яўляецца такім аптымістам? Гэты цынік, які супраць астэроіда толькі таму, што астэроід будзе для людзей вялікім і незаслужаным падарункам, а самі яны, паводле слоў Злога, заслугоўваюць горшага. Сам жа казаў, што з задавальненнем назіраў бы за пакутамі... А цяпер — такая ўтапічная карціна светлай будучыні. Не, як заўжды, нешта нячыста... І Ён чакае адказу Добрага. І Добры, адчуўшы гэта, адказвае:

— Шмат у чым ён мае рацыю. Бо ўсё ідзе сваім парадкам. І павінна ісці столькі, колькі трэба. Не табе вырашаць, калі ставіць кропку. Табе трэба толькі змірыцца і прыняць гэты парадак... Нікому не дадзена ведаць, калі прыйдзе апошні час — зау­тра ці праз тысячы год. Аднак жадаць яго набліжэння — не ёсць добра...

Гэтыя словы Ён чуў шмат разоў. І цяпер яны не маюць на Яго ўплыву. Ён, па сваёй звычцы, ляжыць і ўяўляе ў чорным космасе вялікую каменную глыбу. Уяўляе, як накідвае на яе ласо ці нешта такое, — дэталі не маюць значэння, ды і стомлены мозг не можа ўжо іх ствараць — і цягне гэтую глыбу на сябе...

НОЧ ДЗЯСЯТАЯ

Пад самаізаляцыяй чалавека няцяжка выявіць падмурак з славалюбства і ганарыстасці.

А. АДЛЕР

Ён ляжыць на сваім няўтульным ложку на спіне, амаль як нежывы. Чамусьці гэтым разам настрой Яго незвычайна кепскі. Магчыма, нешта здарылася мінулым днём, магчыма, нешта змянілася ў Яго свядомасці. З нейкай незвычайнай узлаванасцю цягне Ён у сваіх думках да сябе каменную глыбу з бясконцых глыбінь чорнага космасу. Пачынае балець галава. Спачатку Ён трывае, аднак потым пачынае варушыцца, фізічна дублюе дзеянні, якія ўяўляе. Рэальна падымае рукі і «цягне» нябачны канат. «Цягне» старанна — максімальна напружваючы рукі і плечы. Спачатку выкідвае правую руку, хапае «канат», моцна яе напружваючы ад пальцаў аж да грудзей, роўна і павольна ў такім напружанні «цягне» да цела. Пасля — тое ж самае левай... У яго набухаюць вены і пачынаюць балець суставы, спіна робіцца вільготнай ад поту. Затое галава крыху праясняецца. Невядомая ўзлаванасць і раздражнёнасць надаюць Яму сіл ды трываласці, бо Ён выконвае свой дзіўны рытуал надзвычай доўга. Аднак, у рэшце рэшт, стамляецца. Ляжыць знясілены і цяжка дыхае...

— Што зноў здарылася? — запытаў Добры.

— Нічога... Здарылася... Было б лепш, каб іншым часам насамрэч нешта здары­лася... Адбылася нейкая падзея... А так... Калі пачынаецца вайна, — гэта здарэнне. А калі людзі кожны дзень па-ціхаму забіваюць адзін аднога за пляшку гарэлкі — гэ­та быццам бы і нармальна... Калі чалавек раптоўна памірае ад інфаркту, — гэта здарэнне. А калі месяцамі канае ад прастуды — гэта быццам бы і нічога... Калі раптоўна становіцца інвалідам, — гэта здарэнне. А калі з кожным днём паступова губляе здароўе — гэта быццам бы звычайна... Калі ўсе ў адзіны момант ад цябе адварочваюцца, — гэта здарэнне. А калі людзі паступова аддаляюцца — быццам бы нічога страшнага... Калі пясочны гадзіннік разбіваецца, — гэта здарэнне. А калі пясок павольна перасыпаецца з адной колбы ў іншую — гэта нічога. Табе застаецца назіраць за гэтым і разумець, што аднойчы пясок будзе сыпацца з кашчавай далоні ў тваю пустую вачніцу... І ўсё... Калі нешта насамрэч ЗДАРАЕЦЦА, тады ўсё падзяляецца на «да» і «пасля», цябе ставяць перад фактам: абставіны змяніліся, цяпер будзе вось так, а не інакш. І ты думаеш, што з гэтым рабіць, як жыць далей... А так — ты нейкі назіральнік, які знаходзіцца ў гэтым прамежкавым стане паміж «да» і «пасля». І ні туды, і ні сюды. Змяніць нічога не можаш, аднак вымушаны назіраць за ўсім гэтым і нават прымаць удзел... У такім становішчы не можаш нават дакладна адказаць на пытанне «што здарылася?», бо быццам бы і нічога. І як жа ад гэтага ўсяго хочацца памерці...