Трэба было зрабіць неабходнае — пакласці канец бессэнсоўнаму кругавароту. Гэта было навідавоку: як тое, што смецце трэба выкідаць, непатрэбнае — аддаваць, музыку, якую не слухаеш — выдаляць з плэйліста. Аднак нават на такім бытавым узроўні заўжды ўзнікалі сумненні. Па-першае, не хацелася б страчваць сваё — нават калі яно сто гадоў было непатрэбным і яшчэ столькі ж ім будзе. Па-другое, заўжды ўзнікала думка: а што, калі аднойчы спатрэбіцца? І праз гэта, нават на бытавым узроўні, усе пытанні наконт яўнай непатрэбшчыны адкладваліся на «потым». Часта Ён так і думаў: «калі-небудзь разбяру ўвесь гэты бардак, потым выкіну ўсё непатрэбнае»; «калі-небудзь гэтае непатрэбнае спатрэбіцца»; «калі-небудзь дараблю тое, што не скончыў»; «калі-небудзь захачу паслухаць музыку, якая мне ніколі не падабалася»... І ў такія часы Ён пакідаў усё так, як ёсць.
Аднак цяпер Ён вырашыў дзейнічаць. Спраў, адкладзеных на «потым» і на «калі-небудзь», назбіралася ўжо столькі, што толькі на разгляд іх патрабавалася, напэўна, яшчэ адно жыццё. А на рэалізацыю — некалькі жыццяў. І натуральна, у працэсе з’яўляліся б новыя і новыя справы — тупіковая сітуацыя. Бо паўстаў бы выбар: дарабіць тое, што пачаў, ці разабрацца спачатку з тым, што ўзнікла падчас гэтай працы. Так ці інакш, адну з гэтых спраў зноў трэба было б пакідаць на «потым». Такая парадыгма давала ўяўленне пра бясконцасць і, адначасова, бессэнсоўнасць гэтай бясконцасці. Карацей кажучы, цяпер Ён вырашыў дзейнічаць — пакласці канец усяму адным махам. Ён зразумеў, што шкадаваць усё гэта, ва ўсякім разе ў Яго выпадку, — тое ж самае, што шкадаваць непатрэбную і нецікавую працу, адкладзеную на «потым»... Быццам сам сабе аднойчы даў слова, што «калі-небудзь потым» разбярэцца з непатрэбнымі справамі і атрымае пэўны сэнс, дзеля якога трэба ўставаць кожную раніцу. Г этаму цяпер быў роўны сэнс усяго Яго жыцця: тайным абяцанням разабрацца «калі-небудзь потым» з тым, што ніколі нікому не спатрэбіцца. Нават самі справы, з якімі быццам бы трэба было разбірацца, не мелі ніякай вартасці, аднак вось неабходнасць пазбавіцца гэтага штучнага грузу і была сэнсам. У той жа час тое, што Ён рабіў фактычна, было рэчаіснасцю, якая заставалася па-за ўвагай. Атрымлівалася, што ўсё рэальнае жыццё — пустэча, а вось існаванне нейкіх нявырашаных бессэнсоўных спраў — увесь сэнс. Тое, што Ён рабіў дзень за днём: зарабляў грошы, гатаваў ежу, камунікаваў з людзьмі, займаўся самаадукацыяй, слухаў музыку, чытаў кнігі, рамантаваў нешта — усё гэта было фонам, дэкарацыямі. А вось неабходнасць «калі-небудзь потым» упарадкаваць уласную дзіцячую калекцыю нейкага смецця, памяняць непатрэбную лямпачку на балконе, узяцца за выпраўленне здароўя, наладзіць адносіны з блізкімі, стаць добрым сем’янінам, завесці сабаку — усё гэта быццам было сэнсам жыцця.
Калі Ён зразумеў, што гэты сэнс з’яўляецца пэўным даляглядам, да якога, колькі не ідзі, усё адно не дойдзеш; што перашкодай на гэтым шляху з’яўляецца жыццё, праз якое трэба прабівацца не спыняючыся, каб бегчы да недасяжнага; што ў такіх умовах нельга ні атрымаць задавальнне ад жыцця, ні дасягнуць далягляду, у Яго апусціліся рукі. І тады Ён вырашыў абарваць гэты далягляд, каб можна было дайсці да сапраўднага канца. Ён вырашыў абрынуць каменную глыбу, каб пазбавіць кожнага ад «калі-небудзь» і ад «потым», пазбавіць кожнага штучнай будучыні. А разам з тым пазбавіць кожнага танных штучных сэнсаў. Каб кожны раптоўна паўстаў перад безданню і зразумеў: усё, канец. Няма больш далягляду, няма больш куды ісці. Каб кожны зразумеў, што дасягнуў канчатковай кропкі, што цяпер можна спыніцца і азірнуцца навокал. Можна паразважаць над тым, што мае сэнс насамрэч. Магчыма, тыя, хто будуць стаяць на гэтай мяжы, убачаць у безданні сапраўдную ісціну і зразумеюць яе. І ўсё гэта — дзякуючы Яму. Ніхто б, акрамя Яго, пра гэта, канешне, не ведаў, але для Яго гэта быў бы трыумф. І Ён быў гатовы ахвяраваць сабою для такога трыумфу. Ён быў гатовы стацца не збаўцам, а самым вялікім забойцам у гісторыі, панесці любыя пакаранні за гэта, толькі каб спыніць абсурдную сістэму і прывесці ўсіх да адзінай мяжы. І гэтая глабальная ідэя стала Яго сапраўдным сэнсам.