“Зараз-зараз, яшчэ крыху, вось я скончу…”
Пералазячы зваротна, Дзяніс па іроніі зачапіўся нагой за цвік у транспаранце і павіс на версе кветніка.
— Табе дапамагчы?! — пачуў ён кплівы голас знізу. Прыгледзеўся — мянты.
Зарад адрэналіну дазволіў яму адразу вызваліцца з пасткі і саскочыць на зямлю. Перад Дзянісам узнікла два міліцыянера: старшына і малодшы сяржант. Старшына нагадваў друзлага цюленя з мулявінскімі вусамі, а малады сяржант лыпаў вачыма і нервова аглядаўся па баках.
— Ну і што ты там рабіў, сябрук? — спытаў старшына.
— Мачыўся…
— Цікава. А што іншых месцаў няма, акрамя, як каля Палацу Рэспублікі?
Дзяніс паціснуў плячамі.
— Вось што, малады чалавек, — сур’ёзна вымавіў старшына, — калі б гэта было якое-небудзь завуголле, мы б цябе не чапалі, але, прабач мяне — тут, і яшчэ на сімвал нашай суверэннай рэспублікі!
Дзянісу раптам захацелася смяяцца.
“А што, крута, я, як самы радыкальны панк абмачыў дзяржаўную сімволіку”.
На яго твары ўзнікла ледзь прыкметная ўхмылка.
— Што будзем рабіць з гэтым парушальнікам? — спытаў старшына ў сяржанта.
Той спярша асалапеў, а потым стрымана прамовіў.
— Як звычайна.
— Грошай у мяне няма! — умяшаўся Дзяніс.
— Ты толькі паглядзі на яго, — абурыўся мент. — Мы сумленныя санітары гэтых вуліцаў, хабары не бяром, але для такіх як ты ў нас маецца асобнае пакаранне. Сяржант!
Сяржант узяў Дзяніса пад руку і ўтрох яны пайшлі за Палац Рэспублікі. На працягу шляху Дзяніс чуў, як з рацыі старшыны бесперапынна бразгаў мужчынскі голас: “Першы, першы, я — трэці, каля Дома Афіцэраў п’яная бойка, паўтараю…” Аднак мянты маўчалі.
— Добра, — сказаў старшына ўжо за палацам, — цяпер павярніся.
Дзяніс разгубіўся.
— Што вы збіраецеся… — роспачна запярэчыў ён.
— Не хвалюйся, колькi ўдараў дубінкай табе не перашкодзяць, паварочвайся, — буркнуў сяржант. — Ці ты жадаеш у апорку, а адтуль дакумент па месцы працы, ці вучобы.
Дзяніс пакорліва павярнуўся і знерухомеў у чаканні, бы перад растрэлам.
— Ну, хто першы? — пачуўся за яго спінай голас сяржанта.
— Давай ты, — сказаў старшына.
У наступнае імгненне Дзяніс прачуў на сваёй спіне такі моцны ўдар, што злёгку пахіснуўся, але раўнавагу не згубіў.
— Стаяць, смоўж, яшчэ за мною слова! — гыркнуў старшына.
Дзяніс дакрануўся да спіны — яна гарэла, нібы яе аблілі варам.
— Гатовы?!
Дзяніс заплюшчыў вочы.
— На-а-а!!!
Другі ўдар быў мацнейшым і прыйшоўся па нырках. Дзяніс сціснуў зубы, каб не ўскрыкнуць і рэзка прысеў на кукішкі. Яму хацелася ванітаваць.
— Усё, хлопец, бывай. Мы цябе не бачылі і ты нас таксама, — засмяяліся мянты.
Калі супрацоўнікі міліцыі зніклі, Дзяніс зваліўся на калены і, амаль не цалуючы глебу, званітаваў, ужо ў другі раз за гэты вечар. У спіне пякло, а ў нырках было адчуванне вакууму. Хацелася заплакаць, але ён стрымаў сябе і сеў на азадак. Толькі цяпер Дзяніс заўважыў, што непадалёк ад яго, на лаўцы, сядзела парачка размалёваных эма.
— Ты ў парадку? — спытаў ці то хлопец, ці то дзяўчына. — Мы ўсё бачылі і можам даць паказанні супраць пярэваратняў у пагонах.
Дзяніс падняў руку ўверх — сусветны знак “усё о’кэй” і паціху ўстаў. Трэба было выносіць адтуль ногі, каб у эма ад убачанага, незнарок, не здарылася сардэчнага прыступу.
Вяртаўся назад ён, як марафонскі бягун: хуткасна і з нясцерпнай прагай помсты. Помсціць хацелася ўсім, а ў першую чаргу таму, хто думаў па-іншаму. На плошчы, тым часам, разгарнулася наступнае відовішча: “амапаўцы” урэзаліся клінам паміж русейскiмi і гішпанскімі балельшчыкамі, пры чым тварамі яны стаялі да “гішпанцаў”, і незаўважна пачалі адціскаць іх у бок мятро.
На экране высвяціўся агульны лік: 2–0 у карысць Гiшпаніі.
“Ах, вунь яно што!”
Дзяніс адразу далучыўся да “гішпанцаў” і пачаў прасоўвацца наперад. Там ён адшукаў Міху з Іллёй, якія ў п’яным чадзе разам з мускулістымі мужыкамі крычалі аб відавочнай перамозе і выкідвалі “русейцам” факі. Дзяніс быў салідарны і за адну хвіліну, нецэнзурна выказваючы сваю незадаволенасць, сарваў сабе голас. З боку “расейцаў” фанатаў узмацнілася хваля абуранасці.
— Фу, адстойнікі, здраднікі!!! — крычалі яны і размахвалі расейскiмi сцягамі.
Вочы Дзяніса наліліся крывёй.
— Маскалі! — крыкнуў ён у адказ і выставіў у іх бок кулак.
Гэта, як потым высвятлілася, не спадабалася “расейцам”.
— Стойце спакойна і не правакуйце іх, — сказаў адзін з “амапаўцаў”.
— Мы на сваёй тэрыторыі, — адгукнуўся Дзяніс.
— Я сказаў спакойна стой! На сваёй ён тэрыторыі… — прамыкаў двухметровы шланг і ў нос Дзянісу стрэльнула дробам смуроду.
Спакваля “амапаўцы” адціскалі гішпанскіх балельшчыкаў усё бліжэй да мятро, атачыўшы іх паўколам, у некаторых выпадках нахабна штурхаючы людзей у плечы. Магчыма, “расейцы” прачыталі ў гэтых дзеяннях сваю перавагу, і ў гэты ж момант пачалі закідваць “гішпанцаў” чарговым шквалам пустых бутэлек. Дзяніс разам з астатнімі балельшчыкамі паспрабаваў прарваць шэраг “амапаўцаў” і распачаць бойку, але іх высілкі маментальна спынілі балючыя і досыць тактычныя ўдары дубінак. Усіх, як тупы статак жывёлін, уціснулі ў пераход мятро і пастроілі ў два рады, паставілі з заду і з пераду міліцыянераў, і некаторы час пратрымалі ў стане поўнай разгубленасці. Дзяніс разумеў, што гэта рабілася выключна дзеля іх бяспекі, міліцыянеры чакалі пакуль “амапаўцы” разгоняць расейскiх балельшчыкаў у супрацьлеглы бок, каб пазбегнуць сур’ёзных сутыкненняў.
Ужо ў пераходзе Дзяніс успомніў, што пакінуў на плошчы свой партфель, а Міха з Іллёй, хутчэй за ўсё, не паспелі яго падабраць. І гэта было б паў бяды, — у партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, а таксама залікоўка і карысныя кнігі.
Стаяць прыйшлося яшчэ хвілін дзесяць, пакуль “амапаўцы” не далі распараджэння рухацца наперад. Дзяніс падбег да аднаго мянта з рацыяй і сказаў, што забыў на плошчы свае рэчы. Яго пусцілі. Выйдучы з пераходу, ён убачыў бязлюдную і ўшчэнт забруджаную смеццем плошчу. Падбегшы да месца, дзе стаялі зусiм нядаўна гішпанскія балельшчыкі, Дзяніс, акрамя парожніх бутэлек і ваніт, нічога не знайшоў. Ні там, ні далей.
— Што здарылася?! — прагучаў голас Іллі і Дзяніс азірнуўся.
Пагойдваючыся, як дзве таполі на Плюшчысе, за ім стаялі Ілля з Міхай.
— Мы ўбачылі, што цябе пусцілі на плошчу і пайшлі следам, — бы апраўдваючыся, сказаў Міха.
— А вы партфель мой не бачылі?
— Не, — сказаў Міха.
…Вярталіся дадому ўдваіх: Дзяніс і Ілля. Выйшлі з мятро на станцыі “Кунцаўшчына” і пайшлі пешшу.
— У партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, — разважаў Дзяніс.
— Коля, відаць, моцна раззлуецца, — невыразна вымавіў Ілля.
— Пляваць, там была мая залікоўка, гэта ж прыйдзецца зноў бегаць па ўсіх прэподах…
Яны ішлі ўздоўж па вуліцы, яшчэ не працверазеўшы і таму крычалі: “Гiшпанія перамагла, выкусіце, маскавіты!”
Не гледзячы на непрыемны зыход суботняй гулянкі, Дзянісу хацелася працягу, ён пакуль не ўсведамляў маштабу праблемы, у якую трапіў, таму вырашыў адкласці ўсё на раніцу. Разам з Іллёй яны спыніліся папаліць на школьным стадыёне і іх асабістая размова расцягнулася яшчэ на працяглы час. Дзяніс прыйшоў дамоў у тры гадзіны ночы, выпіў з-пад крана вады і паваліўся на канапу, заснуўшы сном немаўля.