Выбрать главу

“Яны задумалі пацягацца са мной, забаўнікі недаробленыя”, — падумаў Дзяніс і пайшоў напрасткі да іх.

— Слухай, хлопец, гэта твае "шафы"? — звярнуўся ён да Свістулі.

Свістуля азірнуўся, выканаўшы грымасу неразумення і пакруціў галавой.

— А чые?

Ён паціснуў плячыма.

— Але ты з імі працуеш, будзь добры, адстаў іх у бок, я не магу праехаць.

— Лёха, памажы мне, — паклікаў Свістулю Пазаліні і той пакорліва пайшоў да яго.

“Вось яно што”.

Підар па-ранейшаму ўсміхаўся і Дзяніс, прапалены яго підарскай усмешкай, прыняўся самастойна разбіраць утвораны затор.

Дзяцел, як заўжды прасвістаў сабе пад нос і жэстам рукі паказаў, куды трэба паставіць цележку. У гэты момант Дзянісу захацелася разбіць яму носапырку, каб пунсовая кроў запэцкала яго сінюю робу і бетонную падлогу цэха.

Настрой быў сапсаваны, чаго Дзянісу зусім не хацелася пасярэдзіне глыбокай ночы на ненавісным заводзе. Яшчэ яму не хацелася і таго, каб над ім пачалі кпіць завадскія смаркачы, фанабэрыста абводзячы яго вакол пальцаў. Ён адчуваў, што сваімі дзеяннямі яны нібы павучалі яго.

Недзе глыбока ўнутры сваёй сутнасці Дзяніс разумеў сваю маладушнасць і кволасць перад грамадствам. Іншы раз ён усялякім чынам спрабаваў перадужыць гэтую негатыўную якасць свайго характару, але ў самыя адказныя моманты ў яго гэта не атрымлівалася і ўсё страхі выпаўзалі вонкі. Дзяніс нагадваў крохкую саломінку, якая ламалася пад уздзеяннем пэўных абставінаў і недарэчных учынкаў. Ужо потым ён па колькі разоў абдумваў свае дзеянні, чырванеючы пры гэтым, і не разумеў, чаму зрабіў менавіта так. Дзяніс нават даваў сабе жалезны зарок, што промаху больш не паўторыцца і ён ніколі не дазволіць іншым кепска з сабой абыходзіцца. Але, як следства — кожны раз ён даваў слабіну.

Вярнуўшыся з парожняй цележкай да працоўнага месца, Дзяніс убачыў майстра Прошына. Вакол яго стаялі Мявут, Масла і Зіна; Снайпер безуважна назіраў за іх гамонкай здалёк.

— Што за вечная навала з гэтым бракам, калі ў нас з’яўляюцца новенькія! — здушаным голасам абуралася Мявут. — Я дзесяць гадоў вырабляю гэтыя маразільнікі, а цяпер вы гаворыце брак!

Прошын залыпаў чырвонымі вачыма, відаць, яго пабудзіў брыгадзір Холадаў, паведаміўшы, што бабы пусцілі ў вытворчасць брак і стрымана сказаў:

— Так і ёсць.

Жанчыны на імгненне замаўчалі.

— Максім, чаму вы да нас так чапляецеся? — гулліва ўшчуваючы майстра, спытала Масла. — Мы жанчыны такія крохкія стварэнні, хіба вы не ведаеце, што да нас патрэбен іншы падыход.

Яна прыціснулася да майстра, абняла яго за стан і пачала “ставіць яму вочкі”. Такую практыку Масла, хутчэй за ўсё, пераняла ў Курвы. Прошын, здзіўлены такім абыходжаннем, пачырванеў, як бурак, нібы да яго ніколі ў жыцці не датыкаліся жанчыны і, хутка вызваліўшыся з яе пут, з ноткай далікатнасці, прамовіў:

— Я вас папярэдзіў. І яшчэ, у гэтым месяцы ўсім будзе зніжана прэмія…

Тут зноў не вытрымала Мявут.

— Ну што гэта такое?!. Што за завод такі?!. Гармідар адным словам!!! Цьху…

Дзяніс, вядомая справа, разумеў, што ўся прэмія Мявута і астатніх жанчын, не выключаючы Снайпера, пойдзе ў яго заробак. У нашай краіне летняя праца студэнтаў на розных прадпрыемствах і будоўлях толькі заахвочваецца. Гэта вельмі радавала Дзяніса і яму захацелася нахабна засмяяцца Мявуту ў твар.

Калі Прошын сышоў, жанчыны яшчэ доўга размаўлялі наконт відавочнай несправядлівасці, пасылаючы ў спіну Дзяніса незадаволеныя позіркі, а потым разыйшліся па працоўных месцах. Дзяніс адчуў, як яго сапсаваны настрой ураз адыграўся на ўсеагульнай абуранасці жанчын і ён на некаторы час забыў аб Світулі, якога, дарэчы, пасля змены намерваўся адправіць у накдаўн.

Вырабіўшы чарговую партыю маразільнікаў, Дзяніс рашуча павёз цележку да Дзятла. Ён ужо разлічваў на любыя праявы самадзейнасці, але не да такой ступені. У гэты раз шлях яму перагарадзілі дзве цележкі, на якіх віселі ўнутраныя камеры для "шафаў". Стаялі яны як раз каля пачатку другой канвеернай веткі, дзе працавалі Пазаліні, Свістуля і Підар. Дзяніс зразумеў, што такім чынам цудоўная тройца хацела намацаць яго слабое месца, трапіць у Ахілесаву пяту. Спачатку, як гэта звычайна здаралася, ён разгубіўся, пачырванеў і не мог сканцэнтраваць думкі, каб вывесці іх у адну формулу далейшых дзеянняў. Але раптам вочы яго напоўніліся крывёй, твар затросься і ён ужо больш не аддаваў справаздачы сваім дзеянням. З боку ўсё выглядала, як быццам бы раз’юшаны бык пусціўся бадаць людзей па вузенькіх вулачках Мадрыду. Дзяніс разагнаў сваю цележку і ўрэзаўся ёй у барыкады на сваім праездзе. Ад моцнага сутыкнення дзве цележкі павольна раз’ехаліся ў розныя бакі і Дзяніс спакойна праехаў далей. Уся тройца моўчкі ўтаропілася на яго, зусім не чакаючы такога разгортвання падзей. Але аслупяненне працягвалася нядоўга. Як самы старэйшы загаманіў Пазаліні:

— Ты што робіш, вар’ят? — і голас яго гучаў няўпэўнена.

Дзянісу было дастаткова кінуць на Пазаліні свой ваўчыны позірк, каб ён разгубіўся і сцяў зубы. Бачачы такі зыход, Свістуля прабурчаў сабе пад нос невыразны мацюк і хутка адвярнуўся.

— Што ты сказаў? — дзёрзка звярнуўся да яго Дзяніс.

Свістуля зрабіў выгляд, што не пачуў.

— Я, здаецца, у цябе пытаю! Ты, дрышч, у сіняй майцы!

На гэты раз Свістуля азірнуўся. Яго вочы былі перапоўненыя лютым шаленствам, вусны па-эпілептычнаму затрэсліся і ён раз’юшана гаркнуў:

— Пайшоў ты, мудак! Ты ўжо дагаварыўся, табе гамон, сука! Можаш тут болей не паказвацца! Я ведаю на якім ты раёне жывеш, ведаю вашага старэйшага! Сіплы, табе не аб чым не гаворыць?! Не?! Ты ў поўнай дупе, асёл!!!

Такім чынам Свістуля ва ўсёй красе выказаў перад Дзянісам усю сваю гоп-сутнасць. Хаця, першапачаткова, Дзяніс у гэтым зусім не сумняваўся.

— А што, самастойна разабрацца не можаш?

— Хлопцы-хлопцы, цішэй, усе разборкі пасля працы, — умяшаўся Пазаліні, а потым сказаў Дзянісу: — Дзяцюк, я не ведаю, як цябе завуць, але ты не маеш рацыю. Хіба нельга было папытаць нас, каб мы адставілі гэтыя цележкі?

Дзяніс, паглынуты злосцю, нічога яму не адказаў і завёз цележку да Дзятла. Той, убачыўшы непрыемны інцыдэнт і, магчыма, ужо пабойваючыся Дзяніса, не тое, што не прасвістаў, нават не адважыўся паглядзець у яго бок. Дзяніс паставіў цележку ў свабодным месцы, узяў парожнюю і вярнуўся назад.

Больш да сямі раніцы яму ніхто не перашкаджаў. Ён спакойна праязджаў каля незадаволенага Свістулі, бачыў Підара, які, як быццам бы, папярхнуўся сваёй тупой усмешкай і каля вонкава спакойнага Пазаліні. У глыбіні душы Дзяніса радавала, што ён усё ж такі выцер ім насы. Але, вядома, у яго ўзнікла і невялікае адчуванне згрызоты сумлення за сваю дзёрзкасць, у тую ж чаргу ён разумеў, што калі людзей своечасова не ставіць на месца, яны абавязкова сядуць на шыю. У гэты раз ён канчаткова вырашыў ніколі і не перад кім не прагінацца, і для гэтага, у прынцыпе, быў не благі пачатак.

Змена скончылася невялікім здарэннем. Мявуту стала блага і яна страціла прытомнасць. Жанчыны адразу падбеглі да яе, пасадзілі на зэдлік, на якім яна, звычайна, праводзіла перапынкі і паклалі на лоб мокрую анучку. Усе спаслаліся на ціск, які мог узнікнуць ад працоўнай нагрузкі і стомленасці. Але Дзяніс скеміў, што Мявут, хутчэй за ўсё, знервавала скарачэнне прэміі. Майстар Прошын вінавата паглядзеў на яе стан і параіў схадзіць да лекара, каб ёй выпісалі заслужаны бальнічны.

Тады ніхто не ведаў, як ёй пашанцавала.

Пасля працы Дзяніс сеў у амаль пусты 29 аўтобус. Ніякай разборкі са Свістуляй, як апынулася, не адбылося. Той неяк хутка збег, а шукаць яго па гардэробу не ўяўлялася патрэбнай неабходнасцю. У салоне аўтобуса было цёпла і Дзяніс засынаў. Сонца бліскала ў вочы. Ногі нылі ад стомы. У той момант шлях да дому здаваўся такім доўгачаканым, што хацелася расчулена расплакацца. Яшчэ нідзе пакуль Дзяніс не адчуваў сябе такім адзінокім, як на заводзе. У кожнага чалавека ёсць месца, куды б яму ніколі не хацелася вяртацца. У Дзяніса такім месцам стаў канвеер. Цераз дрымоту ён думаў аб гэтым і згаджаўся, але не на ўсе сто адсоткаў, прыблізна на палову; другая частка яго розуму абураючыся, папярэджвала: не смей! Канвеер!!! Канвеер!!! Канвеер!!!