У той раз прыпынак аказаўся пустым. Я сеў на лаўку і паглядзеў цераз дарогу на поле. Яно было мёртвым: купкі вербалозу нерухома тырчалі з чэрствай, застыглай зямлі, а высока ў небе крумкалі вароны. Неўзабаве пад’ехаў аўтобус. Я зайшоў у яго і, заплюшчыўшы вочы, зразумеў, што ў маім жыцці пачаліся перамены.
На заводзе Санёк з Дэнам да мяне не падыходзілі, відаць, пакрыўдзіліся з-за таго, што я збег з Алісай і ў чарговы раз не падаў ім кватэру, даўно трэба было зразумець, што яны карысталіся мной. Металічна-карункавая габлюшка разляталася ва ўсе бакі, калі я выточваў на станку свае нарыхтоўкі і так праходзіў мой працоўны час.
Пад канец змены я пачуў немы крык: жанчыне-тэрмісту адбіла пад прэсам усе пальцы на правай руцэ. Добра, што яшчэ так. На нашым заводзе і не такое здаралася.
Часам, я думаў аб безвыходнасці і сваёй заганнасці, і мне хацелася плакаць.
Калі разважаць аб гэтым паслядоўна, з самага пачатку, мусіць, усё пачалося з таго працоўнага дня. Пачалося з таго, што мне вельмі захацелася вярнуцца на прыпынак, не ведаю, ці ў пошуках Алісы, ці ў пошуках яшчэ чаго, але мне проста захацелася прыйсці і пасядзець там на лаўцы.
І я вярнуўся. Тым вечарам, у панядзелак пасля працы, я прыйшоў на прыпынак. Людзі чакалі аўтобуса, а я сядзеў і назіраў за імі. Я ўважліва прыглядаўся да жанчын, якія там знаходзіліся і спрабаваў ім усміхацца. Першыя ўсмешкі выходзілі нацягнутымі, але праз некаторы час у мяне пачало атрымлівацца і жанчыны замест таго, каб адводзіць ад мяне позірк, адказвалі ўзаемнасцю. Здаецца, тым вечарам у мяне ўзнікла манія велічы і я запэўніўся ў тым, што падабаюся любой жанчыне без выключэння.
Наступным вечар я зноў прыйшоў на прыпынак, прыйшоў туды я і ў сераду, і ў чацвер, і ў пятніцу. У суботу я вырашыў нікуды не ісці. Мне патэлефанаваў Санёк і прапанаваў схадзіць на “рэтра”, але я адмовіўся. Той суботай я напіўся ў сваёй кватэры партвейну і заснуў, як немаўля. І мой жахлівы сон кудысьці знік. Гэта было добрым знакам. Але з кожным днём мяне ўсё мацней цягнула на прыпынак. І я прыходзіў на яго. А ў адну з пятніц вечарам да мяне на лаўку падсела вельмі прыгожая дзяўчына. Зграбная і высокая брунэтка. У яе зялёных вачах, здавалася, гарэў спакушальны агонь, а прамыя пасмы доўгіх валасоў ахіналі ўсе плечы. Яна зусім не звярнула на мяне ўвагі, проста села і аб нечым задумалася. Але я адчуў яе цяпло, я адчуў пах яе прыемнага парфуму. Каля нас стаяла маладая пара і тры дзецюка. Я зацікаўлена паглядзеў на дзяўчыну і проста сказаў:
— Холадна сёння.
Яна азірнулася на мяне, але нічога не адказала, толькі здзіўлена ўзняла сваё чорнае брыво. Мяне збянтэжыла яе абыякавасць і я паглядзеў на шэрае неба, нібы намагаючыся адшукаць там патрэбныя словы. Я зразумеў, што сказаў зусім не аб тым, памянуўшы надвор’е, хаця на вуліцы сапраўды было холадна. Хутка пад’ехаў аўтобус і ўсё людзі, што стаялі на прыпынку, селі ў яго. Усе акрамя прыгожай брунэткі. Як толькі аўтобус ад’ехаў, я зноў паглядзеў на яе і яна важна прамовіла:
— Калі хочаш пазнаёміцца, спытай колькі часу.
Я вырашыў выправіць сваю памылку.
— Прабачце, а вы не падкажыце, колькі часу?
— Дзевяць сорак тры, — адказала дзяўчына і паглядзела на мяне. У яе вачах можна было заўважыць іскрынку кволай цікавасці да маёй асобы і я прысунуўся бліжэй.
— Ну і як жа завуць такую красуню? — усміхнуўшыся, запытаў я.
— Каця, — адказала дзяўчына і паказала свае белыя і роўныя зубы.
У маёй галаве адразу замітусіліся тысячы розных варыяцый разгортвання далейшых падзей. Здавалася, у тую хвіліну ўсё ў маім разуменні перавярнулася і я стаў разважаць зусім па-іншаму, як быццам у маю галаву ўклалі порцыю новых і рацыянальна думаючых мазгоў. Аднекуль нарадзілася смеласць і ўпэўненасць у сабе, як ніколі дагэтуль.
А Каця пранізліва глядзела мне ў вочы і зацікаўлена ўсміхалася. Яна была прывабней Алісы і маладзей за яе. Быў прыцемак, але я выразна бачыў яе дасканалыя абрысы твару, яе ямачкі на шчоках, колер яе цукровых вуснаў, яе, з невялікай гарбінкай нос, якая, ёй так пасавала. Я паглядзеў у яе вабныя сваёй смарагдавай зелянінаю вочы (гэта пазней я зразумеў, што яна насіла лінзы) і спытаў:
— І што ж такая прыгажуня ў такі позні час тут і зусім адна?
— Чакаю свайго кавалера, — зычна сказала яна, але мне была бачна яе іронія. Ніякага кавалера яна не чакала, яна правярала, яна проста гуляла са мной, гледзячы на маю рэакцыю. Але я не здрэйфіў, я трымаў штурвал мацней, чым яна магла сабе гэта ўяўляць.
— Штосьці, спазняецца ваш кавалер.
— А ты не такі наіўны, як здаецца з першага позірку, — сказала Каця. — Колькі табе?
— Дваццаць чатыры.
— Значыць, выйшаў на паляванне, — пляснула яна ў ладкі. — Усё зразумела, вось яно што, толькі ты месца зусім непрыдатнае знайшоў.
— Чаму? Калі я сустрэў вас, значыць гэты прыпынак для гэтага вельмі падыходзіць.
Каця зычна засмяялася.
— Няўжо ты спадзяешся, што ачмурыш мяне, га?
На прыпынак падышла бабуля і села каля нас на лаўку. Каця прысунулася бліжэй да мяне і сказала на вуха:
— Ну вось што, калі захочаш мяне яшчэ раз пабачыць, звані па гэтым нумары, — і яна працягнула мне сваю візітную картку.
Калі пад’ехаў аўтобус, Каця ўстала.
— Толькі памятай, каб не ўзнікла непрыемнасцяў, звані заўжды пасля абеду, — не азіраючыся, сказала яна і села ў аўтобус.
А я застаўся на прыпынку, застаўся сядзець да паўночы, углядаючыся ў цемень неабсяжнага поля.
Раніцай пайшоў снег. Буйны, хрумсткі і замілавана прыемны. Белыя камякі ўсыпалі ўсю нашую вуліцу, і я зачаравана глядзеў, як яны лёгка падалі на слізкі асфальт каля пад’езда, на машыны і на іншыя дамы. Я сядзеў ля акна ў залі і назіраў за гэтым зімовым хараством. Мімаволі, у галаве з’явілася Каця, відаць, я пачынаў адчуваць да яе штосьці большае, чым проста “яна мне падабаецца”. Не ведаю, раней у мяне ніколі не ўзнікала такіх пачуццяў. Дэн з Саньком шмат разоў расказвалі, як яны не маглі заснуць ноччу, пакуль не ўявяць абрысы дзяўчыны, якая ім падабалася, яе ўсмешку, яе словы. Я заставаўся чэрствым на сэрца, а тут яно пачало мякнуць. І гэта мяне бянтэжыла. Але разам з тым, я нясцерпна чакаў абеду, каб пазваніць Кацярыне. Перад гэтым да мяне на колькі хвілін зайшоў Дэн. Ён прапанаваў схадзіць на ска-канцэрт, аднак я адмовіў. Дэн заўважыў мае істотныя перамены, сказаў, што я раблюся ваўкаватым і, нібы імкнуся пазбягаць яго з Саньком. У сваю чаргу я паслаў яго куды падалей, зачыніўшы дзверы перад яго носам. Не хапала мне яшчэ заўваг недалужанага нефармала. Болей Санёк з Дэнам са мной не кантактавалі.
І вось абед. Я, хвалюючыся, набраў нумар тэлефона Каці і адразу пазнаў яе голас. Мы дамовіліся сустрэцца ў піцэрыі, назвы якой я цяпер не памятаю. Здаецца, упершыню я купіў кветкі. Гэта быў букет белых руж. Каця прыняла іх звычайна і без усялякага здзіўлення. Я зразумеў, што кветкі ёй дарылі мільён разоў. Па яе жаданні мы селі за столікам амаль у самым куце. Я заказаў піцы з сокам. Спачатку Каця паводзіла сябе даволі стрымана, як на афіцыйна-дзелавой сустрэчы: маўчала, часта азіралася і адказвала на мае пытанні толькі “так” ці “не”. На ёй была салатавая кофтачка з вялікім выразам пасярэдзіне, дзе часта спыняўся мой позірк і яна гэта заўважала. Урэшце, калі мы трохі адаптаваліся і нам прынеслі заказанае, Каця ўсміхнулася мне сваёй прыгожай усмешкай. Інтымна-кававае святло падала на яе аблічча і на доўгія валасы. Мы размаўлялі аб усялякіх дробязях. Я даведаўся, што яна працуе на фірме свайго пяцідзесяцігадовага мужа галоўным мэнэджарам. Пра яго Каця расказвала, як пра вельмі дэспатычнага і раўнівага чалавека. З захапленнем яна распавядала пра тое, у якіх краінах яна пабывала і каго з зорак сусветнага шоў-бізнеса бачыла. Я адчуваў сябе даволі мізэрным у параўнанні з ёй, але ўсё ж тое, што яна згадзілася са мной сустрэцца, ужо аб чымсьці гаварыла. Той суботні вечар скончыўся хутка: у дзесяць гадзін яна пайшла дамоў, злёгку правёўшы па маім плячы рукой і, падміргнуўшы вокам. У мяне склалася такое ўражанне, нібы мы, як старыя сябры, сустрэліся, пасядзелі разам, паразмаўлялі на дарэмныя тэмы і разыйшліся. Ці таго горш — яна развяла мяне на грошы. Але такі ход дзеянняў мяне не ўладкоўваў, я жадаў вынікаў.