У суботу Рыта нічога не ела, цэлы дзень праляжаўшы на канапе, уткнуўшыся тварам у падушку. І ніхто не мог зразумець, што ж магло здарыцца з некалі вясёлай і жыццярадаснай дзяўчынай.
Ніхто акрамя яе. Рыта дакладна ведала, што прычына хавалася ў той няшчаснай пятніцы, калі Славік, яе хлопец, прапанаваў ёй правесці рамантычную ноч у яго на кватэры. Ён сказаў, што яго бацькі з’язджаюць на лецішча і яны застануцца адны. Яна даверылася яму. Відаць, з-за таго, што па-вушы была закахана ў гэтага спакушальнага шатэна, высокага хлопца з прыгожымі цёмна-сінімі вачыма. Спачатку ўсё ішло цудоўна: яны пілі шампанскае і цалаваліся на балконе пад яскравымі зоркамі і нават на шчасце скінулі з шостага паверху крыштальныя келіхі. А потым неспадзеўкі да Славіка зайшлі сябры. Яны былі п'янымі, але самым дзіўным было тое, што Славік ніякім чынам не спрабаваў вытурыць іх прэч. У Рыты пачало складацца ўражанне, быццам яны зусім яму не заміналі. А сябры былі, як назойлівыя мухі, яны шныпарылі па ўсіх пакоях, гучна мацюкаліся, дайшло нават да таго, што адзін з іх, лысы і паскудны, якога ўсе называлі Лімон, пачаў нахабна дамагацца да Рыты. Але Славік нібы не заўважаў гэтага. Асушыўшы бутэльку гарэлкі на кухні, вынаходлівыя сябры прапанавалі закаханай пары міксоў, эфект ад якіх абяцалі даволі файны. Толькі Рыта прыйшла да Славіка не за тым, каб напаліцца гэтай дрэні. Яшчэ трохі пасядзеўшы, няўрымслівыя сябры выйшлі з кватэры. Потым закаханыя аддаліся прыемным інтымным гульням, Славік быў вельмі далікатным і чулым з ёй. Рыта шмат піла шампанскага, а потым заснула і правалілася ў нябыт.
“Лаз” спыніўся, і дзяўчына расплюшчыла вочы. Непрыемны сусед і наогул усе пасажыры, што знаходзіліся ў салоне аўтобуса, кудысьці зніклі. Яна ўзнялася са свайго месца і асцярожна прайшла наперад да вадзіцеля. Аднак яго таксама не аказалася на месцы.
“Дзіўна”, — падумала яна.
У гэты момант зусім нечакана з жудасным скрыпам расчыніліся дзверцы аўтобуса і з двара ў кабіну, крадучыся да ног дзяўчыны, пачаў запаўзаць густы туман. Яна зрабіла колькі крокаў па прыступках і саскочыла на зямлю. Мясцовасць, у якой спыніўся аўтобус з-за непрагляднага туману было не распазнаць, хоць вока выкалі. Але, тым не менш, цікаўнасць падштурхоўвала яе рухацца наперад. Туман лізаў твар дзяўчыны, яшчэ злёгку заспаны, лізаў плечы і ногі, і, нібы ўзяўшы пад руку, вёў у патрэбным накірунку. Яна паспрабавала прабегчы, але як і ў сне, на яе абрынуўся нябачны цяжар. Думкі аб тым, дзе яна знаходзіцца, пачалі вярэдзіць затлумлены розум дзяўчыны. Чамусьці, ёй узгадаўся сумны мульцік "Вожык у тумане". Сентыментальна ўсміхнуўшыся, яна ўспомніла прыемны эпізод з свайго дзяцінства. У трынаццаці год бацькі завязлі яе на цэлае лета ў вёску. Там з імі па суседству жыў вясковы хлопчык Ахрэм. Яны заўжды гулялі разам і ўсе казалі, што іх вадой не разальеш, аднагодкі дражнілі “жаніхом і нявестай”, а старыя бабы на прызбе спадзяваліся, што пасталеўшы, яны абавязкова ажэняцца. Аднак гэтаму не суджана было спраўдзіцца: хлопчык пазней разбіўся на матацыкле, а яна… Аднойчы прыязная парачка заскочыла на суседскую адрыну. На адрыне вялікімі копамі ляжала духмянае сена. Яны захоплена скакалі і качаліся па ім. Там упершыню яна пацалавалася. А потым пайшоў дождж і яны, ахінуўшыся сенам, прытуліліся адзін да аднаго і затоена маўчалі, слухаючы цішыню. Дождж церушыў па руберойдавым даху адрыны і ім было так утульна разам, што здавалася ўсё на свеце на некаторы час спынілася толькі дзеля іх. Калі дождж аціх, яны выйшлі на вуліцу. Наваколле ахутаў туман, ад якога пахла мятай і парэчкай. Яны ўзяліся за рукі і блукалі ў ім да самага вечару. Туман заўжды навяваў ёй прыемныя ўспаміны. Гэты ж туман быў зусім іншы, здавалася нават, што ён штучны. Дзяўчына ішла ў нікуды ўжо колькі хвілін, а непраглядны туман ніяк ні чэзнуў.
“Што за чартаўня, дзе я знаходжуся? Не лепш было б застацца ў аўтобусе?” — падумала яна.
У тумане, між тым, пахаладнела, абрыдлівая вільгаць прасочвалася скрозь вопратку, аблізваючы гідкім языком пяшчотную скуру дзяўчыны. Але слізгаючы няўлоўным ценем праз гэты суцэльны туман, дзяўчына прыкмеціла далёка наперадзе невялікі бляклы агеньчык чырвонага колеру. Набліжаючыся да кропкі, яна пачала распазнаваць абрысы цаглянага двухпавярховага будынка з брылём, на якім высвятляліся чырвоныя літары слова “Гатэль”. Яна падышла бліжэй. Невялікую тэрасу вакол будынка ўпрыгожвалі круглыя бетонныя клумбы, у якіх, зрэшты, акрамя чарназёму нічога не наглядалася. Дзяўчына ўзышла па трох абабітых прыступках і апынулася ля дубовых дзвярэй гатэля. Злёгку крануўшы іх пальцамі, яна патрапіла ўнутр.
Гатэль, што звонку, што з сярэдзіны быў даволі несамавітым. У невялікім фае гарэў абажур, асвятляючы старыя, жоўклыя ад часу шпалеры, брудную падлогу і, як ёй здалося, абкуродымленую столь; пасярэдзіне фае стаяў абдзёрты стол, а за ім вісела паліца з ячэйкамі для ключоў, якія аднак былі пустымі, непадалёк ад стала пачыналася лесвіца, што вяла на другі паверх. Дзяўчына прайшла наперад да стала.
— Я чакаў вас, — прагучаў за яе спінай гугнявы галасок і яна рэзка азірнулася.
Перад дзяўчынай з’явіўся шчуплы дзядуля невялікага росту з пляскатым тварам, які нагадваў смаржок. У яго шэрых вачах мітусілася штосьці вар’яцкае. Дзядуля хітра ўхмыльнуўся і павольна прайшоў да стала, шорхаючы па падлозе нязграбнымі нагамі. На яго локцях дзяўчына прыкмеціла нарукаўнікі. Увогуле ён нагадваў старамоднага банкіра, якія ў часы імперыялізму сядзелі за драўлянымі рахункамі. Дзядуля абапёрся крохкімі пальцамі аб паверхню стала і ўнурыўся на разгубленую дзяўчыну.
— Ваш нумар дзевятнаццаць, — вытрымаўшы паўзу, сказаў ён і, дастаўшы з шуфлядкі ключ, працягнуў яго дзяўчыне.
Нічога не разумеючы, яна ўзяла іржавы ключ і моцна сціснула яго ў сваёй далоні.
“Што тут адбываецца? Калі я паспела заказаць сабе нумар. Ці гэты пляшывы хмыр умее чытаць мае думкі, ці ўсё гэта кімсьці добра спланавана. Толькі навошта? І наогул, што гэта за месца?”
Дзядок, не зводзячы з яе вачэй, спытаў:
— Можа яшчэ што пажадаеце?
Яе ўжо пачынаў раздражняць гэты нягегла-гугнявы галасок.
— У вас, выпадкова, не знойдзецца шклянкі вады, у горле надта перасохла?
Твар дзядка напоўніла ліхвярская ўхмылка і ён, нібы чакаючы такога запыту, дастаў з-пад стала паднос з бруднымі шклянкамі.
— Памыйце сабе адну, рукамыйніца знаходзіцца як раз за вамі.
Дзяўчына азірнулася і ўбачыла каля лесвіцы рукамыйніцу. Узяўшы шклянку, яна добра вымыла яе ў халоднай вадзе (гарачай не аказалася) ад аселага пылу і вярнулася зваротна. Замест падноса на стале ўжо стаяла вялікая конаўка вады. Дзяўчына ў поўным непаразуменні аддала вымытую шклянку дзіўнаму дзядку і нагбом выпіла ваду.
— Ваш пакой на другім паверсе, апошні з правага боку.
Яна зірнула на лесвіцу, адчуваючы як яе пачуцці прымушалі, падштурхоўвалі падняцца па гэтых драўляных прыступках; а ў цэлым яна змарылася, не замінала б крыху адпачыць.
Асцярожна ўзняўшыся па рыпучай лесвіцы, позірку дзяўчыны адчыніўся доўгі калідор. Даўно ўжо непрыдатныя люмінесцэнтныя лямпы перыядычна мігацелі, яны то паглыналі калідор у змрок, то зноў вымалёўвалі цьмяным святлом яго дапатопныя абрысы. Дзяўчына пайшла наперад. Падлога пад яе нагамі была заслана лінолеумам у чорна-белыя квадраты і нагадвала шахматную дошку. Барвовыя дзверы ўсцяж калідора здаваліся дубовымі дамавінамі, якія паставілі ў вертыкальнае становішча, а з глыбіні пакояў чуліся прыглушаныя гукі. Гукі былі рознымі: шум радыё, хтосьці ляпаў гумавым мячыкам па падлозе, смех, стрэлы, але хутчэй за ўсё з тэлевізара, скрып ложка, у адным з пакояў чуўся гітарны перабор. Урэшце яна падышла да дзвярэй з нумарам дзевятнаццаць і, уставіўшы ключ у замочную шчыліну, лёгка іх адчыніла.
У пакоі было змрочна і яна, намацаўшы на сцяне ўключальнік, запаліла святло. Пакой аказаўся зусім невялікім. Пасярэдзіне стаяў нізкі ложак, а каля яго крывая тумбачка. Акно ў пакоі забілі дошкамі, а ў паветры адчуваўся застаялы прысмак вільгаці. Усё гэта нагадвала наркаманскі прытон, але яна не грэбавала і, зачыніўшы за сабой дзверы, стомлена кінулася на цвёрды і халодны ложак.