Выбрать главу

— I адарвацца ад сваіх каранёў...

На лаўцы нейкі час панавала няёмкае маўчанне. Тады адзін з пенсіянераў, прытворна ўздыхнуўшы, вымавіў:

— Як бачыш і Новы год. А там каровы пачнуць цяліцца...

Напарнік няўпэўнена пацвердзіў і сказаў штосьці сваё. Абодва пазіралі ўжо ў бок Лаўрэна ды паміма волі паніжалі голас — ад павагі да яго вопыту адчувалі сябе пры ім зараз няўтульна.

А Лаўрэну было ўсё роўна, што ўмяшаўся ў чужую гутарку ды ад-наго і другога — мабыць, важных некалі спецыялістаў ці начальнічкаў — абсадзіў. Яго душу таксама агарнулі шчымлівыя ўспаміны і прымусілі забыцца, дзе ён і што з ім.

5

Лаўрэн цяпер надта пакутаваў, што пакуль тут валэндаецца з канца ў канец чужога горада, там, у Зялёнай Даліне, адбываецца вялізнае таінства прыроды — набрыньваюць, бы вясновыя пупышкі на бярозе, жываты ў кабыл і кароў. Рагулі носяць у чэраве дзвесце восемдзесят дзён, а кабыла — трыста сорак. Міне гэты тэрмін, і пачнуцца выбухі — па ўсёй ваколіцы, па ўсіх вёсках, вёсачках і хутарах...

Лаўрэн адчуў сябе ўжо знаўцам у жывёлагадоўлі ды такім, бытта жыў на свеце сем разоў і кожны — толькі гэтым і займаўся, што прымаў у жывёлы ацёл, што паіў, карміў, выхаджваў, лячыў і даглядаў сцельных, падбіраў прыплод.

Сзрца яго наймацней хілілася да кароў. Бо істоты гэтыя — разумныя і шляхетныя. Калі прыйдуць на дойку, згодна становяцца адна за адной каля загарадкі ў чаргу да «ёлачкі», цярпліва ды паважна чакаюць і маўчаць, бытта пра штосьці адно ведаючы. Нават прапускаюць уперад сябе самых малочных, бо тыя таго заслужылі — не ўсе людзі ў магазінах ля прылаўка ці на вакзалах ля білетнай касы так сябе паводзяць.

«Статак быдла» бывае часцей у людзей, а ў чарзе кароў пануе згоднасць і ўзаемная павага.

Як удзячна ўмеюць узірацца, калі ім дагодзіш! Як бяруць за сэрца! Бываюць нават яшчэ і крыўдлівымі! Бывала, п'яны Рубдвац-цаць прывалачэцца на ферму, узніме вэрхал ды сваю даярку давядзе да слёз, і, глядзіш, каровы ўдоі хоць на адрабіну, а знізілі. Новы старшыня ў Зялёнай Даліне ўвёў на фермах музыку. Калі часамі не гучыць, каровы так і паглядаюць здзіўлена на дынамік.

А якая з каровы маці!

Лаўрэн ведаў — у тлустамалочных рагуль цяляты родзяцца кволымі. Ну і што? Затое хутка растуць, бо прырода карове ў малако прэ многа тлушчу.

У кабылы малако зусім рэдкае. Затое жарабя родзіцца дужым — нават здольным адразу ўзбрыкваць. Калісьці ён заехаў у Велькую Бераставіцу да млына пытляваць жыта, бо на бацькавым быў толькі просты размол з крупарушкай, і — ажарабілася кабыла. Хацеў пакласці малое ў палукашак, а яно не далося. Пару гадзін яшчэ забавіўся ў мястэчку, і потым жарэбчык прыйшоў за мацерай сваімі нагамі аж у самую вёску. Толькі ўвесь час кабыла надта неспакойнай была — аж спацела, бедная, ад трывогі.

Ат, колькі цяпер тых коней. Як павыбівалі іх у вайну, так з той пары іх менш і менш...

Вельмі ж малымі ды слабенькімі прыходзяць на свет парасяты. Ды малако ў мацеры — адзін тлушч.

А яшчэ ў парасят абуджаецца адразу такі апетыт, што даводзіцца часамі браць авечыя нажніцы ды сашчыкваць ім малочныя зубікі, бо інакш гэтыя маладыя хуліганы мацеру сваю загрызуць аж да смерці. Сашчыкнеш, і пасля свіны вывадак як бачыш становіцца на ногі.

Столькі часу ён ужо быў на пенсіі, але адшчыкваць некаторым парасятам малочныя зубікі загадчык фермы кожны раз прасіў Лаўрэна — у яго лёгкая рука, уся вёска пра гэта ведала. I хоць зараз Лаўрэн выдатна разумеў, што на апарос яшчэ зарана, але раптам яму здалося — у Зялёнай Даліне яго вельмі ўсе чакаюць не дачакаюцца, і ён абавязкова павінен зараз жа туды адпраўляцца. Нават успомніў, куды сунуў у хлеўчыку за бэльку авечыя ножніцы.

Яшчэ запіхнуў туды за бэльку жалезнае пута — новае, нямецкае. Запіхнуў добра насталяваную бацькам Мірона сякеру, а заадно — бязмен, спушчадла для кароў, каб лягчаць іх, швайку калоць вепрукоў ды касу-васьміручку — усё самага лепшага гатунку: навостранае, бы агонь, і падагнанае да рукі...

Гэты ўспамін Лаўрэна ўсцешыў яшчэ больш, дадаў веры ў сябе і ўпэўненасці — бытта таму кавалю на чужбіне, які ўспомніў раптам пра сваю кузню на ўскраі вёскі.

А яшчэ яму нагадаўся садок.

Каторы дзень лепіць і лепіць снег з дажджом, але ж ці гэта для садка вада? Пад кожную яблыню, грушу ці сліву-венгерку трэба на зіму выліць вёдзер з трыццаць пяць. I поўных! Потым яшчэ над карэннямі зямлю мусова абкласці пластом гною — толькі тады дрэвы здольны накапіць дастаткова сокаў і пад канец лета дадуць табе фрукт — хоць заваліся. Аднак і пасля глядзі ва ўсе вочы. Пільнуй, каб дрэвы не памарнавалі чэрві, бо сакавітае лісце ад сытага дзерава для валахатага чарвяка — цукерачкі. З нашэсцем гусеніц ніякія вераб'і не змогуць справіцца?