Выбрать главу

— Дзядзя.

— Са стрэльбай?

— Угу. Толькі мне яе не даваў.

— Не даваў? Чаму?

— Не ведаю!

— Ах, чаму ж гэта ён так?!

— А стрэльба хало-одная як лёд!

— Халодная?

— Угу. I мокрая!

— Ты-ы глядзі-і!.. А дзядзя быў адзін?

— I шчэ адзін.

— Толькі — два?

— Угу.

— I што ж яны рабілі?

— Сядзелі тут! А мамка ім есці давала!..

Паліцай з пераможнай усмешкай узняўся.

— Што яно, пане, ведае, што вы яго пад'юджваеце, што вы яго выпытваеце, як дурного! Вядомо, яно вам горбу арыштантаў напляце, а вы толькі слухайце! — Зіна адчула, што канчаткова заблыталася і няма ўжо ратунку, але іначай гаварыць не магла.— Не слу-ухайце вы яго! — дадала без пераканання.

Паліцай працягваў іграцца, бы кот з мышкай.

— Бо шчэ малы ён у цябе і дурны, праўда? — спыніў уважлівы позірк на Рэгіне.— Хо-оле-ера я-асная, якая пекната!.. Лепш мне скажы, Кіслячыха, як ты ад такога інваліда-недалэнгі змагла зачаць гэткую сімпатычную дачку? Хо-олера, пся крэў!.. Такая прыгажо-осць, што глядзець на яе — і то адно задавальненне!

— От, змагла, пане, неяк...

Камплімент яго Зіну падбадзёрыў. Агпукваючы сябе, што, мажлі-ва, яшчэ ўсё абыдзецца, што бяду пранясе, яна адаслала Рэгіну з сы-нам да сярэдніх дзвюх дзяўчынак, якія ўжо спалі, а сама адправілася з начальнікам на двор. Запрапанавала паліцаям павячэраць.

Ашурка кінуў:

— А што думаеш? Мае нажэрліся толькі што ў Дубне да ўпаду, але маглі б і яшчэ раз паесці, яны ў мяне — бы вярблюды...

Ля калодзежа з вядра пілі яго апрычнікі. Стала чуваць, як адзін маладым, здаровым голасам крэкнуў, бытта пасля перакуленай шклянкі спірту:

— К-кхэ!..

Насцярожаныя немцы стаялі за плотам.

Сцябаючы сябе бізуном па халявах ботаў з прамымі заднікамі, якія насілі перад вайной польскія афіцэры, начальнік пачаў нешта да нямецкага каменданта шваргітаць. Цыбаты камендант гарнізона, які размяшчаўся ў палацы пана Вішпінга, хоць і меў больш за два метры вышыні, але ж быў з надта маленькай галавой — Зіна, вядома, ведаць гэтага не ведала.

Каб яшчэ больш паддобрыцца, Кіслячыха, цалкам ужо асмялелая, сказала начальніку паліцыі:

— Па-ане, скажыце таму немцу, што сядзіць на плоце, хай злазіць адтуль — калітка унь справа! I хай вядзе сваіх людзей таксама на кухню, накармлю ўсіх — знойдзецца што перакусіць і вам! I шнапсу ўсім пашукаю — у майго Данілы надто файны шнапс атрымоўваецца! А гэтыя дома вады нап'юццо — нашто ім зубы ламаць калодзежнай!

Толькі цяпер былы капрал скончыў гульню.

— Зара я цябе буду паіць!

Ашурка сцебануў бізуном з усяе сілы Зіну па твары і кінуў памагатарам:

— Вязаць партызанскую шкуру!

4

З Данільі і лясных хлопцаў акупанты цэлы тыдзень здзекаваліся на допытах. Скатаванаму Пашку неяк удалося ўцячы — хоць без зубоў, але босы прыбег у партызаны. Яго напарніка і Кісляка немцы павесілі на тым самым пляцы, дзе і камсамольцаў.

Зінку, яшчэ ў той самы вечар збітую да паўсмерці, з сярэднімі дзецьмі спалілі жыўцом у хаце. Заадно ляснулі і астатнія будынкі хутара.

«Пасля немцаў чорны дымаход пару гадоў узнімала ў неба бездапаможная і галянястая печ, покуль мужыкі цэглу не разабралі на свае патрэбы. А зараз во — адзін помнічак, зроблены ў выглядзе калодзежнага жураўля, ад былога хутара адно і застаўса!» — уздыхнуў Лаўрэн ды паўзіраўся праз акно, хочучы хутчэй адагнаць ад сябе пры-крыя ўспаміны.

Але Лаўрэн так сябе ўсхваляваў і растрывожыў, што намер яму не ўдаваўся. Перад вачыма ўсё стаяла трывожная ноч, калі счарнелая Рэгіна, тулячы заплаканага і не менш счарнелага Лёніка, нарэшце дастукалася да яго ў хату і, пераступіўшы парог, упала на падлогу ды заенчыла.

Зразумеўшы, да чаго ўсё ідзе, дзяўчына акрываўленай маці тады кінула:

— Мамо, будзіце абаіх малых і таксамо ўцякайце! Сама ж хапіла браціка ды нырнула пад печ.

Даніла мужыком быў асцярожным і прадбачлівым. Пад печчу яму хлопцы выкапалі выхад з хаты — у старую яму ад бульбы. Нават абклалі яго дошкамі, каб не абваліўся. Піхаючы перад сабой Лёніка і молячы, каб не пішчаў, неўзабаве Рэгіна выпала з праходу на салому, што ўсцілала дно ямы.

Ці маці была аж так скатаваная, што паўзці не змагла, ці не здолела дабудзіцца сямігадовых блізнятак ды ўталкаваць разаспаным дзяўчынкам, што ад іх патрабуецца, а потым ад дыму страціла прытомнасць,— ніхто цяпер не ведае. Так ці інакш, а — не дачакалася дачка.

У старой бульбяной яме, затыкаючы брату рот, яна і прачакала пажар. Затым у адной сукеначцы і апорках на босыя ногі кінулася праз скаваны лёдам Нёман ды глыбокі снег у Зялёную Даліну. Напрасткі было — кіламетраў з восем.