— О-о, толк паны ў гэтым ве-едалі... Уздыхнуўшы, Крапак зноў хвіліну памаўчаў ды пакруціў галавой:
— I калі нашая жызня праляцела — здаецца, учора ўсё тое было, а ё-о, маё-о!.. Ну, ладно, з гэтым цяпер ніц не зробіш — шчэ ніхто жызні не вярнуў назад! Але твой прыезд у Зялёную Даліну адзначым па-лю-удску, гэто — мурава-ано! I тады ўсё-ўсенько ўспомнім! Бо маем што ўспомніць, каб я з гэтаго месца не скрануўса! Ёо-о, ма-ё-о, такое здарэнне!
Лаўрэн — бытта не чуў.
— Па-царску адзначым, скажу табе шчыро! У сталоўцы цяпер буфетовай — мая сваячка, Бася. I нават сваячніца зусім блізкая — родная сястра маго зяця, не хто-небудзь. Ведаеш, як паналівае нам куфлі — з такімі во капцамі! Напэўно, не пашкадуе! I закусі шыковай знойдзе пад прылаўкам — карпы ў яе заўсёды з нашых ставаў смажа-ныя па-жыдоўску, і такія — ёо-о, маё-о! Праўда, сколькі жывём, ты мяне ўвесь час не прызнаваў чамусь, але я кажу, тут такое дзе-ело і пра ўсё трэ нам забыць! Ісусу Хрысту сказалі, што Юда яго прадаў, аднак Хрыстос ногі яму мыў, з ім вячэраў ды шчэ і віном частаваў, а я ж — сам добро ведаеш, не Юда Іскарыёцкі! Я нават — не Амэрыка-нец!
Кукса, бывало, паабяцае таму выпіць, Аляксей ужэ і лазіць за ўсі-мі, падслухоўвае, хто што скажа, выглядвае, дзе хто тытунь садзіць, ды нясе Яворскаму! А ляснічы на ровар і хутчэй — у Скідэль на пастарунак! Таму Яворскаму вы і стагі палілі! I Амэрыканца таўклі не раз, але ж мяне не чапалі, праўда? Бо я — што-што, але не прадаваў нікого і з даносамі нікуды не бегаў, хоць сам ведаеш, сколькі тут розных уласцей мяняласа за нашу жызню! Не бегаў з даносамі і нікого не прадаваў, хоць вашыя ўсе таямніцы мне былі вядомыя! Я ведаў нават, дзе ты трымаў кудзелю і смалу на Куксавы стажкі сена!
— Усё-ўсё ведаў, не думай, што я — дурны!.. Здагадуваюса, чаму да мяне набэчаны заўсёды быў і такі анаровы. Як Савоську паставілі старшынёй — я з калхоза ўцёк. Бо многія так зрабілі тады, Лаўрэне. I скажу табе — час паршывы надто быў. Прайдзісветы атрымалі тады раздолле на вёсцы, і людзі ратаваліса, як хто мог. Але ж пры чым тут я? Чапляешса невядомо чаго!
Як бы атрымаўшы дыханне, Крапак пачаў выкладваць з сябе з новай энергіяй:
— Во кіраўнічок быў! Зойдзе на ферму і да бабаў: «Што, доім?» — «Доім, Віктар Цімафеевіч!» — кажуць тыя. Ён: «Дойце, дойце!» — I тупае ў магазін. Там да дзяўчыны: «Што, гандлюем? То гандлюй, гандлюй!..» Цэлы дзень боўтаецца, бывало, так! I не доўжыласа яму нават! Альбо браў дубальтоўку, паўлітэрку і — на пойму да вечара качак вартаваць!
Ён аж адступіў, уражаны ўспамінамі. Паўзіраўся на земляка цяпер жахлівымі вачыма:
— А раз, калі мы архавалі збожжа, зачыніў нас у гумне на ключ да самюткай ночы, і хто адважнейшы, праз выбітую дошку ў шчыце ўцякалі!
— Бо так і архавалі вы там! Ведаю вас! Кралі больш, таму і замыкаў! — не вытрываў Лаўрэн.
— О-ой, кра-алі, а ё-о, маё-о, што праўда, то праўда! Бывало, зарухуеш, загорнеш ячмень пірагом ды — хутчэй насыпаць яго сабе ў штаны і пад кашулю, добро падперазаўшыса! Насыплеш і — як калода станеш!
— Во-во! Ад гэтаго надто сыты зробішса? Ад крадзенаго не пасыцееш.
— Тады было не да жыру — быць бы жыву! Што, Лаўрэне, людзям было рабіць? Існаваць неяк мусово ды дзяцей карміць і — не святым духам! Якая была карысць з тых галачак, што брыгадзір ставіў табе ў працадзень?
Нябось калі ты старшынствуваў, красці, акрамя Амэрыканца, ніхто не думаў і з калгаса не беглі. А то ўбачылі, што ідзе ўсё цераз пень-калоду, так і пачалоса! Адвеку, калі дзе што бязхознае ляжало, мужык браў, і лічыласа — па-гаспадарску гэто! Але во, скажы ты, Савоська шчэ і ў перадавых слыў! Як газеты яго хвалілі, радзіво! Бо заўша першым планы выконваў! Помнім з табой, як гэтаго дабіваўса, добро помнім! Дзе трэ пару коней да малатарні — ставіў шэсць. Замест васьмі чалавек да машыны прыганяў — дваццаць! Людзі таўкуцца, перашкаджаюць адны адным — душаць семярых аднаго пеўня! А тады было гэтак — хоць ты ўсё астатняе збожжа згнаіў, вераб'ям скарміў ці пад снегам пакінуў на полі, не адклаўшы нават на семя, але калі першы здаў нарыхтоўку, ты — герой: цябе і газеты распішуць, і радзіво расхваліць, і начальство, і ордэн самы велькі атрымаеш!
«Тут ты, чалавеча, маеш рэхт,— захацелася Лаўрэну дадаць.— Бо такія Савоські і не зацікаўленыя былі ў добрым ураджаі — абы хапіло на здачу нарыхтоўкі! Калі яму казаў я — а чым будзем карміць быдло, Віктар Цімафеевіч, ён бяспечна заяўляў: «З раёна падкінуць, я ў іх на добрым шчату!»
Лаўрэн зноў стрымаў сябе і прамаўчаў.
— Пойдзем у канцы лета на старыцу касіць. Трава застарэла, пад касой звініць, як сталёвы дрот, і нікому да гэтаго дзела няма!.. О-ой, быў дурны час! Тады і налогі плацілі, падумай — ад яблыні. Памятаеш, як па вёсках сады высякалі? У Зялёнай Даліне ўцалеў мо толькі — твой, Кавальцоў ды шчэ два-тры садкі! Камісіі з настаўнікаў, медыкаў, фінагентаў хадзілі ды ў хлявы праз шчыліны зазіралі! Глядзелі, ці е там другі падсвінак, кароўка, каб цябе такім податкам кропнуць, каб ты адразу жывёліну ў мясакамбінат здаў!..