— Якая розніца, калі Нінкі тае няма.
— Усё роўно табе сваю жонку і пасля смерці крыўдзіць не выпадае!
— Мёртвыя — не крыўдзяцца.
— О-ой, не кажы так, дзевер,— грэх! I для людзей трэ!
— Што ты заладзіла — усё пра адно і адно! Прыйдзе час — паставім!
— Паставіце? Веру! Ну, то і добро. Больш пра гэто казаць нічого не буду, калі так не падабаецца. Годзі. Пагаворым лепш пра іншае. Слухай, Лаўрэн, а самаго меншаго, Колю, вы там у сваім Гродне не забываеце?
— Як ты яго, Марыся, забудзеш? Пяць пальцаў на руцэ, а ўсе роўныя.
— Не, праўда?
Лаўрэн задумаўся.
— Мо ён да гэтай пары там ужэ і велькім пісацелем стаў... На Уладзікавай шафе тры папкі яго ляжаць. Браўса нават з адной чытаць... I ведаеш, складно і разумно так усё вывеў пра даўніну... Пра палац пана Вішпінга, пра Вільчыцы... Ашчэ пра тое, як калісь мужыкі, хаваючыса ад паліцыі, табаку садзілі паміж сваіх палеткаў...
— Мо не трымай іх, а пашлі яму!
— Я спытаўса, але ён адпісаў — хай, тату, шчэ паляжаць. Ну, то хай сабе і ляжаць, і на іх прыйдзе час. Але надто хочацца самого пабачыць...
— Што табе перашкаджае з'егдзіць да таго Уладзівастоку? Дабі-раюцца ж неяк туды і старыя людзі да сваіх дзяцей! Цыбулю маладым мяшкамі туды валочаць, яблыкі, грушы і нават — бульбу! А ты, напэўно, і ветэранскі білет на дарогу маеш?
— Кожны рок прападаюць талоны...
— Бо дурны быў, а цяпер выкарыстай!
— Бярог, Маня, для Караганды... Усё збіраўса з'егдзіць туды і магілу бацькоў пашукаць... Але кожны раз не выходзіло — то тое, то гэто...
Залвіца пазмрачнела.
— Але, трэ было б і туды... Таксамо перажылі якуюсь дурасць — такіх майстраватых людзей, як твой бацько з братам, вывозіць, бытто ім тут работу ае знайшлоса б!
— Ну! Кукса, вядомо, быў ворагам і такім застаўса, але ж маі-іх?!. Калі іх забралі ў саракавым годзе, то я заляцеў хоць развітацца. Мама сунулі дзедаў насценны гадзіннік з зязюлькай, якого шчэ дзед-плытагон у Прусіі купіў, сказалі: «На, для дзяцей памяць! I чакайце, мо хутко вернемса!..» Але больш нігды ні яе, ні... Вядомо, велькая дурасць была, калі цяпер падумаеш пра тое — аж няёмко за такую сільную ўласць! Сколькі тады мужыкоў ад зямлі гзтак адарвалі, ад млыноў і кузняў, даўшы волю розным Савоськам!.. Бытта хто наверсе, гэтак іграючы, недазволеныя жарты з людзей рабіў, збыткі з іх строіў! Каб не ўсё тое, каб не тая дурасць, то жылі б цяпер, Марыя, шчэ лепш!
— А няўжэ! Шкада, таго нігды не вернеш!.. А ты паслухай мяне — не едзь у Караганду, бо што ты цяпер знойдзеш сярод тых пяскоў? Думай лепш пра жывых — да Коліка махні!
— Відаць, праўду кажаш,— цяжка сваяк уздыхнуў.— I Нінка, паміраючы, прасіла Мікалая не забываць...
— А дарога табе не страшная — папаегдзіў па свеце, дзякуй богаві!
— Ат, што там праехацца...
— То ўгаварыла, дзякуй богаві! З'егдзіш, бачу?!
— Відаць...
— О-ой, а нех цябе, як ты файно, Лаўрэне,выглядаеш! I поўны рот залатых зубоў маеш, бы той пан Вішпінг! Такі стаў ві-ідны, фарто-овы!..
I тут, раптоўна ўражаная вялікай здагадкай, залвіца ажывілася:
— Пачакай, пачакай, сваяк, а ты мо жаніцца збіраешса і, выфранціўшыса гэтак ды надушыўшыса адэкалонамі, мо на вяселле прыехаў нас з Франакам запрашаць?
— Во, во, не хапало адно мне там вяселля!
— Ну?
— Э-эх, Маня, Маня! Мне, Марыся, засталоса цяпер, калі ты хочаш праўду ўсю ведаць, бы таму буслу, што калісь над нашым поплавам за хлеўчыкам,зверху, разагнаўшыса... памятаеш?
— То — бусел. А ты — не кажы, і такія цяпер жэняцца. Унь — памаладзелы, шляхотны ды пахнеш нават!.. Чула, сыны ды нявесткі там над табой ужэ вельмі надто трасуцца і дагаджаюць — нават вядра са смеццем не даюць вынесці на двор, праўда гэто?
— Даглядаюць — аж занадто...
— Я і кажу!..
— Во-во...
— А ты — нездаволены?
— Чаму?
— Лаўрэн, паглядзі мне ў вочы!
— ...
— Я пытаюса — ты нездаволены?
— Хто табе казаў?!
— А чаму маўчыш?
— Я не маўчу! Я прызнаю — вельмі даглядаюць!
— Чэсно?
— О-о, мне там файно, калі б не сумота!.. Файно-файно, залвіца, нічога не падумай!.. А то ашчэ атрымаецца, бытто прыехаў сюды на сваіх скардзіцца!
— Як сабе хочаш ты гавары, а я, дальбо, зайздрошчу! I ўсе старыя табе надто зайздросцяць у нашай вёсцы — кожны з табой адразу памяняўса б! Дай ты веры, дзевер, і не бурчы! Жывеш сабе без клопату — на ўсенькім гатовым!
— Клопату пазбыцца, швагерко, гэто — не здабытак, а — велькая страта.
— З другого боку, калі ўзглянуць, то, вядомо, яно та-ак...
А Лаўрэн ледзь не закрычаў — ён зайздросціць якраз «усім ста-рым»! Яшчэ як зайздросціць! Бо нават галоўны на ўсю акругу былы гультай, «афэрма», лятун ды гандляр-самагоншчык, якога Лаўрэн заўсёды лекцэважыў, нават і той кудысьці пнецца, некаму дапамагае, валочачы з горада хоць сабе і свіныя аб'едкі, а ён — пазбаўлены нават і гэтага!