Выбрать главу

I куды стары мог падзецца, што за фокус?

Пасяліўся на хутары зімой? Малаверагодна — занадта горды, каб паказваць сваю слабасць і заходзіць туды нават вады папіць. Дый дзядзька Крапак адразу пахваліўся б такой навіной — хіба ж магло такое быць Змітруком і яго Хвядорай незаўважаным? Аніяк не магло. То мо заехаў да сваёй швагеркі — цёткі Марысі — і там сабе цяпер спакойна жыве?

О, хутчэй за ўсё — завітаў да яе і прытаіўся. Як Уладзік пра такое раней не падумаў?!

Толькі ж чаму Франак ані слова не сказаў, калі забягаў на мінулым тыдні? Нябось чуў, як яны з Паўлам галаву ламалі — дзе бацька...

Ат, зразумееш часам таго Шмігельскага.

Зрэшты, Франак тыднямі дома не начуе, хлопец мог нічога не ведаць.

Уладзік адразу накіраваўся да цёткі. Цяпер, падагнаны надзеяй ды якімсьці трывожным азартам нецярпення, крочыў па снезе ўжо амаль подбегам.

2

Спаралізаваная жапчына пляменніка спаткала насцярожаным пытаннем:

— О-ой, і ты-ы з'явіўса?!

— Не чакалі?

— Я вас заўша чакаю! I заўсёды вам рада! Мог бы і раней завітаць!

— То чаго дзівіцеса?

— Я з-за таго, бо...

— Што «бо»? Ану, кажэце, кажэце, калі пачалі ўжэ, цётку Марыся!

— А ты не падганяй! Шчэ замалады мяне падганяць! О-ой, што гэто мы, бы малыя, гульню ўздумалі якуюсь тут разыгрываць, калі трэ нам з табой... Уладзік, скажы мне чэсно, што ў вас там з бацькам атрымаласа?

Тут ён і падумаў — нарэшце напаў на верны след.

Уладзік вінавата нават апусціўся каля жанчыны на табурэтку, рыхтуючыся выслухаць папрокі — усё, што толькі скажа. Зыркнуў па хаце, пашукаў бацькавых слядоў.

Усё было да болю знаёмае, але — цётчына. Уладзік здзівіўся — чаму так? I асцярожна пацікавіўся:

— Цётку Марыся, а чаму пытаецеса?

— Не выкручвайса, бы мой Франак, нашкодзіўшы,— аж занадто вас, такіх гунцвотаў, ведаю! — і кажы першым — я раней у цябе спыталаса!

— Што атрымаласа? — ён шчыра паціснуў плячыма.— Здаецца, нічого асабліваго. Не, не прыпомню, каб што было... А што магло атрымацца, скажэце?

Сваячніца недаверліва заглянула яму ў вочы:

— Махлюеш?

— Ва-ас мані-іць буду?!

— То пабажыса!

Уладзік аж заёрзаў на табурэтцы:

— Ісціны бог, нічого, цётку Марыся! Ісціны бог, пабажыўса і другі раз, во! А магу шчэ і перажагнацца нават!

Кабета прыкметна паспакайнела.

— Нічого?

— Не!

— А мо пра што-небудзь не ведаеш? Мо ты ведаеш не ўсё? Бывае часам і такое!

— Я-а?!. Ну, цётку Марыся, вы ж і ска-ажаце!..

— Ты глядзі, бо, калі брэшаш, пакрыўджуса — да самай смерці не дарую!

— Дальбо, сказаў вам чыстую праўду!

— Тады — паверу...

— А ў чым справа, можаце ж вы мне сказаць, нарэшце?

— Ну, добро, калі не ашуканец. Даўно ведаю, што з Паўлам вы не заменкі, бы іншыя,— з вамі шчэ ладзіць можно. Тады, Уладзік, слухай!

Збіраючыся расказаць пра ўсё грунтоўна, цётка прыўзнялася на локаць, другой рукой лоўка збіла падушку. Зноў паставіла яе тарчма і лягла больш выгодна.

— Бацько твой быў тут у мяне — тыдні з два таму, каля польскаго Новаго року. Але ўсё чамусьці маўчаў. Шчэ яго пахваліла, што файно так выглядае, што ў самого пана Вішпінга разрабіўса, а Лаўрэн мне ў адказ насупісто цыркне слово і болей — ані. Добро бачу — на сэрцы ў яго штось, бо якісь хмуры ды смурны. Відаць, уроіласа яму штось у галаву, толькі ніц мне не хоча гаварыць — анічагутко! Усё глядзі-іць, глядзі-іць, глядзі-іць на мяне, але мяне нават не бачыць! Ладно, думаю сабе, распытаю і ўсё выведаю ў цябе іншым разам — быць таго не можа, раскажаш як міленькі. Потым, чую, праз тыдзень у вёску завітаў зноў. Нават нанач станавіўса. Чакала адзін дзень, чакала другі... А гэтая мая хата вялізная ды пустая, як надзьмутая ветрам! Таму я ўжэ, паверыш, так яго выглядала, што аж кроў ва мне ўся застыла на смалу, а ён? Не завітаў! У тым канцы вёскі, у Крапакоў, спаў на раскладанцы — у велькай хаце яго прымалі! I дай ты веры, Уладзік, гэтак мне зрабіласа крыўдно, гэтак маркотно і гэтак ужэ непрыемно, што хоць ты завый! Але ж — ніц не зробіш, бо я прыкаваная да ложка, бы тымі гірамі прывязаная ўся, таму лётаць па вёсцы ды шукаць каго і клікаць покуль што не магу.

— Адкуль вы ведаеце, дзе шчэ быў, вы ж з дому не выходзілі, цётку Марыся?

— Не бойса, не бойса — ведаю ўсенько, што мне ведаць трэбо! А нават мо ведаю і больш, не лічы мяне, пляменнічак, за дурную!

Кабета ўставілася ў яго вачыма, вытрывала так хвіліну ды бытта пайшла з казырнога туза:

— Ад Басі буфетовай! Яна, пара табе ведаць, сваячок, кліночкі да маяго Франака падбівае, таму і да мяне часто лётаць пачала апошнія тыдні — з буфета тое-сёе прыносіць. Дзеўка паспела і, вядомо, баіцца, каб малако не скісло. Ніц супроць яе не маю, хай сабе браў бы. У майго — капейка не запарыцца, а з гэтай жонка, напэўно, выйдзе гаспадарлівая. Дай ты сам, Уладзік, веры — парэжа ў сталоўцы лімон на дзесяць шклянак чаю і шчэ цэлаго паўлімона дахаты прынясе! Мо скажа хто, і брыдко так рабіць, але ж памяркуеш з другого боку — а хто прызваіты ў тую сталоўку цяпер ходзіць, Уладзік, хату сваю маючы? Усе нармальныя людзі дома сталуюцца, а туды ідуць — каб выпіць. А калі ўжэ такі каўтне той брыдоты, то якая розніца яму, што падаюць!.. Ну і дзе ты, Уладзік, бачыў такія граблі, каб граблі ад сябе?!. Зыск у сталоўцы сваёй мае — сям'ю заводзіць ужэ можа!.. А ведаеш, гладкая дзеўчына, з белым і поўным целам! Бровы цёмныя, вочы тыя — аж гараць, а грудзі — добрыя бомбачкі! Такая і дзяцей цыцкай выкарміць — не тое што іншыя пстрычкі: адно родзіць і ўжэ саджае малое на іскусцвеннае, ужэ адлучае, ужэ ў раток яму тую хімію піхае! То і мужык будзе такой трымацца, а не лётаць за чужымі спадніцамі, і малое на правільную дарогу накіруе. Бо мой Франак чаму можа наследніка навучыць? Хібо што — на пень брахаць!