Выбрать главу

— Няма за што дзякуваць — каб адно мая парада на карысць табе пайшла, дуралю!

— Будзьце пэўныя!.. Нават буду на сотках скалачу! Не-е, шчэ нават файны домік саб'ю, хібо ж гэто доўго зрабіць? З вокнамі, з верандай, з вастраверхім дахам, як у Друскеніках літоўцы робяць! Стары прычандалы зможа там пакідаць! Ды і Кіру з дзяцьмі сяды-тады падкіну туды! Бацько ёй пакажа, як у зямлі капацца, а яна ў мяне гаспадарлівая! А дзецям? Растуць і думаюць, што булкі на кустах, бы вінаградзіны, вырастаюць! Ды і сам падскочу часамі на вучастак! Б-бляха, як гэто раней не здагадаўса сам! Не рублі, вядомо, тыя соткі дадуць! Сколькі гульні будзе малым і яму, забаўкі той, чыстаго паветра!

— Адумаўса і ўзяў свае мазгі ў жменю, нарэшце, дзякуй богаві!

— Ей-бо, адумаўса! Яшчэ раз, цётку Марыся, дзякуй вам!

З вялікай радасці падабрэлы пляменнік вырашыў сваячніцу нават пашкадаваць:

— Вы нас бэсціце во, што забралі да сябе бацьку, а самі — ля-жыце тут пластом дзень у дзень зусім адныя, і што ў гэтым добраго? Не дай бог, занядужыце ці горшае што здарыцца — нават не будзе каму святла ўключыць! Так і валяцца будзеце ў цемры, покуль сын з рэйса не вернецца!

Сваячніца ўзглянула на яго і праверыла, ці пляменнік кажа гэта ўсур'ёз.

— Ты што такое гародзіш, Уладзік! Падумай над тым, чаго толькі тут намалоў! Мы ж тут адзін аднаго ведаем напралёт! Калі ў маіх вокнах, не дай божа, не загарыцца святло, то праз дзесяць мінут — паўвёскі збяжыцца! Ты за мяне, пляменнічак, не бядуй! Гэто ў вашых гарадах так! Гэто там у вас людзі паміраюць, а бліжэйшыя суседзі і ведаць пра гэто не ведаюць!

— Здаюса, цётку Марыся, ваша праўда... У нас так...

— То чаго мелеш быле-што? Лепш сябе пашкадуй! Пляменнік не рады быў, што ўвязаўся з цёткай у перапалку. Зрэшты, не гэта цяпер для яго было самым галоўным. Ён раптам усхапіўся ўзрадаваны з табурэткі — так проста знойдзены ў горадзе ратунак для бацькі.

— Толькі ж дзе нашаго старого носіць, дзе яго знайсці, каб вы таксамо шчэ, цётку Марыся, параілі мне? З тыдзень, як некуды знік, і ніхто не ведае куды! Дзе цяпер можа быць, куды мне падацца яго шукаць?

Цётка паківала галавой ад палітавання над нездагадлівасцю маладога сваяка.

— I не дадумаешса?

— Не-а!

— А шчэ лічыш сябе такім разумным!

— Во сітуацыя!

— А-а!.. ,

— Не цягніце, цётку Марыся, бо не вытрываю і ўзарвуса!

— То — слухай! Да Коліка вашаго ва Уладзівасток махнуў!

— Ну-у-у?!.

— От табе і «ну-у»!

Уладзік насцярожыўся:

— Адкуль такія ўпэўненыя?

— А сядзеў тут на гэтай самай табурэтцы перада мной апошні раз ды прызнаваўса — па самым меншым, па Мікалаю, надто сумуе і вельмі хоча яго пабачыць! Успамінаў тут і Нінін наказ — не забываць малого! Шчэ прызнаваўса — ветэранскі білет кожны рок у яго марнуецца за так!

— Ага! Ані разу ім не карыстаўса...

— А вы з Паўлам куды глядзелі?

— Не туды, вядомо, цётку Марыся! Дальбо, не туды! Б-бляха, як мы праваронілі — біць нас мало!

— Вядомо — мало! Але добро, што хоць пакаяўса, бо ад майго арыштанта не дабіўса б і гэтаго! Свайму дрыцкіну я заўша вытыкаю, што вы лепшыя!.. Ну, во, а цяпер твой бацько ўзяў ды махнуў аж туды! I зараз — напэўно, ужэ там даўно! Колька недзе пасадзіў яго на самы велькі ўладзівастоцкі карабель і катае свайго бацьку па тым акіяні ды паказувае яму ўсялякія кіты і хвастатыя сірэны, пра якія ў Бібліі напісано!

— Можа быць...

— I не думай нават — напэўно так е! Ён тут спачатку вагаўса — ці не з'егдзіць лепш у Караганду, пашукаць магілы бацькоў і пакла-ніцца. Помніш дзеда Яфіма і бабу Нюру?

— Мало.

— Сколькі ты меў, як іх...

— Чатыры гады было мне, калі іх забіралі. Запомніласа што? Ай, зусім мало? Як баба мёдам частавала... Дзед ракаў вучыў мяне лавіць у Верацейцы каля свайго млына, а я надто іх баяўса... Карцело да трыбаў, якіх вада круціла, але дзед не падпускаў і казаў як вырасту, тады падпусціць...

— Ну — во! Тут яму ўталкавала, што няма чаго валачыса ў пяскі да тых вярблюдаў, бо што там цяпер знойдзе? Столькі ж гадоў праляцело! Лепш падумаць пра жывых і з'егдзіць да сына. Лаўрэн і пагадзіўса.

Толькі цяпер убачыла, што пляменнік — на нагах.

— Ты — што-о, уцяка-аеш ужэ?!

— Трэбо, цётку Марыся, дальбо, трэбо!

— Пасядзі-і шчэ, Уладзічак, мы і палавіны ўсяго не абгаварылі! А то вы, абодва з бацькам, забягаеце толькі, бы агню пазычыць, ды адразу — лататы! Лепш пра дзяцей мне сваіх зара раскажы! Дзесь у мяне для іх ландрыначкі прыпашаныя... Франак паведаў, малая ў школку ўжэ ходзіць? Скажы, а памятная да навукі хоць?