Выбрать главу

Надта ўражаны знаходкай, сын знайшоў у кніжцы закладку на старонцы з гістарычным нарысам пра Гродна і зразумеў адно — усё гэта звязана нейкім чынам з яго бацькам. Аднак вытлумачыць, што да чаго, мог бы толькі бацька сам.

Неўзабаве забегла нечага з работы на хвіліну дамоў Кіра. Узглянуўшы на мужа, яна адразу ўсё зразумела. Паведаміла і пра свае перажыванні.

Днём заглянула да яе кірпаценькая татарка — праверыць, ці яе пенсіянер атрымаў грошы. Даведаўшыся, што Лаўрэн так і не з'яўляўся, Аркадзеўна ўзняла гвалт і запатрабавала пенсію назад. У прадчуванні няшчасця, на гэты раз Кіра не рабіла мужу ніякай сцэны і нават яго не папракнула — расказала пра ўсё не менш устрывожана, чым Уладзік.

Мужа вестка даканала.

Уладзік узняў абодва кулакі, хвіліну патрымаў іх у паветры, а тады стукнуў сябе па галаве і застыў як акамянелы.

Жонка не вытрывала і пашкадавала.

— Чаго так ужэ ўбіваешса, Уладзік?! — дакранулася да яго пляча.— Што ўжэ будзе! А ты бяры сябе ў рукі — дзеці ж у нас!

2

Стары так і не даваў аб сабе аніякага знаку.

Не знаходзячы сабе месца, Уладзік адправіўся сам не свой на ра-боту. Рэйса якраз не меў, але захацелася перад сябрамі адвесці душу.

У пракуранай дзяжурцы застаў знаёмую дзелавітую атмасферу. Рослыя, мажныя і заклапочаныя мужчыны з пуцявымі лістамі ў руках тоўпіліся каля дыспетчара і душой ужо былі ў дарозе. Уладзік добра ведаў, што не месца і не час тут скардзіцца, але стрымацца не мог.

Павітаўшыся, заявіў:

— Хлопцы, а я сваго старого так і не знайшоў! I тут усіх перапытаў, і на вёску з'егдзіў, а — няма! Як скрозь зямлю праваліўса! Б-бляха, што цяпер мне рабіць — сам не ведадо!

Сказаў Уладзік ні да кога спецыяльна не звяртаючыся і нават не чакаў, што выкліча аж такую жывую рэакцыю. Бывалыя, вечна заклапочаныя шафёры раптам знерухомелі і падабрэлі. Некаторыя, каб выказацца грунтоўна, апусціліся нават на лаўкі.

— Бо не трэ было, скажу табе, Маркевіч, валачы бацьку з хутара! — папракнуў напарнік з лідскага «Інтурыста».— Прывозіў свайго і я, але — для спробы! Думаю, пажыве пару тыдняў, прытрэцца — і тады перавязу цалкам. I што ты думаеш? Дзён з пяць у мяне толькі і вытрываў!

Стодваццацікілаграмовы белабрысы мацак з брэсцкага аўтобуса дабавіў:

— А мая мама — тыдзень адно! «Ой, сынок, як вы тут жывяце: у тралейбусах цесна, у магазінных калейках стаяць доўга, вада хіміяй смярдзіць, кусты пад лінейку падстрыжаныя і нават сонцо грэе не так! Вязі назад да маіх карэнцаў!»

Вадзіцель мінскай машыны ледзьве дачакаўся сваёй чаргі. Паведаў сваё:

— А во я вам, хлопцы, раскажу фокус! Смех і гора! Азяблы Вінцук з маёй вёскі ажаніўса на дачцэ міністра з Масквы! З Вінцуком разам дзесяцігодку канчалі. Ціхі быў, непрыкметны, а во — маеш! Пайшоў на Каўказ у турыстычны паход, пазнаёміўса, і яна ажаніла яго на сабе! Ага. Таксамо вырашыў забраць сваю маці. «Волгай». Забілі ў халупе вокны. Гародчык і садок суседцы аддалі і нават з пустымі багажнікамі у Маскве ўсё е! — паехалі ў сталіцу. А там — аж сем пакояў і жывуць на пятнаццатым паверсе супроць Крамля. Але Вінцук пойдзе на работу і з'яўляецца толькі на вячэру, а бабцы сядзі ды сядзі. Альбо з акна глядзі на Крэмль. Паўзіраласа дзень, два, а далей? Спрабавала байку ўнуку расказаць, але той не стаў і слухаць — у тэлевізар нос пасунуў! Да нявесткі не ведала як падступіцца... Адным словам, праз пару тыдняў жыццё тое бабцы абрыдло так, што яна да сына з плачам — не хачу тваёй Масквы, вязі мяне назад у нашыя Ляпешкі! I Азяблы мусіў падпарадкавацца. На днях да яе заглянуў. Не нарадуецца кабета: «Ох, як мне файно тут-ут, што лепш і не трэ! I выйду куды ўздумаецца, і ўстану, і лягу, а захочацца — і п...ну...»

Ніхто з мужчын не рассмяяўся — глыбакадумна маўчалі.

Уладзіку стала бы лягчэй — ага, і сяброў непакоіла такая праблема, і з імі магло быць такое здарэнне.

Патаптаўшыся крыху ў дзяжурцы яшчэ, ён на ўсялякі выпадак патупаў у міліцыю.

3

Маладзенькі лейтэнант чамусьці Уладзіка выслухаў надта пада-зрона — як якогасьці злачынцу. Затым разгледзеў уважліва, бытта правяраючы, ці не фальшывыя яго дакументы — пашпарт, правы шафёра, вайсковы білет. Прыгледзеўся да Уладзіка, ці ён дакладна такі самы, як на фатаграфіі. Распытаў, ці не сядзеў у турме, ці не плаціць аліментаў, ці не былі пад судом яго жонка, цесць і брат, ці не сварыўся са сваім бацькам. I як з ім увогуле жыў? Яшчэ пацікавіўся, ці не меў канфліктаў з жонкай і братамі.

Заглянуўшы ў нейкі блакнот, дзяжурны строга паўзіраўся Уладзіку ў вочы ды спытаўся:

— А навошта вы пару дзён таму назад атрымлівалі пенсію за Эл. Я. Маркевіча?