Выбрать главу

— I пра гэ-эта вы ведаеце?! — надта здзівіўся шафёр.

— У гэтым кабінеце, грамадзянін Маркевіч, пытанні задаю толькі я!

— Вінаваты, таварыш лейтэнант...

Уладзік стаў тлумачыць, што жонка хацела да бацькі паддоб-рыцца, што жылі адной сям'ёй, і стары мусіў бы валачыся на пошту спецыяльна, што ў сям'і яго адны адным пакуль што давяраюць.

Усё гэта малады лейтэнант выслухаў з каменным выразам твару, а тады спытаўся яшчэ больш строга:

— Зразумела. А цяпер вы, грамадзянін, мне коратка скажыце — якое права ваша жонка мела атрымліваць не свае грошы, а грамадзяніна Эл. Я. Маркевіча?

Доўга яны яшчэ так пікіраваліся, пакуль Уладзік не прызнаў — вядома, яго Кіра не мела аніякага права распісвацца ў паштовым бланку за чужыя грошы.

Наконт таго, дзе стары цяпер можа быць, у гарадскім аддзяленні міліцыі нічога сказаць не маглі. У службовых зводках і спісах, акрамя выпадку пра яго пенсію, прозвішча Маркевіча покуль што не ўпаміналася. I пра якое-небудзь выдарэнне з такім старым нічога аддзяленню невядома.

Неўзабаве туды выклікалі і Паўла.

Дзяжурны з прафесіянальнай дзелавітасцю ўзяўся спісваць са слоў братоў усе прыкметы старога — узрост, вышыню, вопратку, колер валасоў, характэрныя рысы. Яшчэ спытаўся — былі на іхнім бацьку, калі апошні раз выходзіў з сынавага дому, трусы ці кальсоны, кашуля ці майка, і нават — якога колеру, якія па форме былі ў яго гузікі, пачка сігарэтаў.

У аддзяленні загадалі зараз жа прынесці фатаграфію старога ды парэкамендавалі братам чакаць. Маўляў, бацька за гэты час яшчэ і сам аб'явіцца — бывае і так! — а калі знойдзе хоць малейшыя сляды міліцыя, браты абавязкова атрымаюць інфармацыю.

Тым часам ён усё не аб'яўляўся.

ЛАЎРЭНАЎ СОН

Уладзікаў бацька аб'явіцца і не мог.

Апошнія тыдні чалавеку абрыдла да немагчымага, як слушна сказала Кіра, «блытацца» пад нагамі ў сына. Паступова ў ім мацнела рашэнне — плюнуць на ўсё, пасяліцца ў швагеркі ды рэшту сваіх дзён правесці ў Марысі.

Лаўрэн нават не сумняваўся — швагерка яго прыме: свой жа чалавек, а для схварэлай бабы — хоць якая апора і памочнік. Швагерка не толькі яго паважае, а яшчэ і разумее, як разумела яго некалі хіба толькі адна Ніна, таму зробіць усё, што ёй скажа. Уладзіку пра намер свой аб'яўляць не адважыўся. Урэшце падумаў — паедзе ў вёску, уладкуецца, а праз пару дзён загляне ў праўленне, папросіць дзяўчат заказаць Гродна і скажа пра сваё рашэнне сыну па тэлефоне. Дзяўчаты давалі гэтак не раз пагаварыць з Уладзікам, калі яшчэ жыў на хутары адзін.

У Зялёную Даліну адправіўся Лаўрэн пасля абеду, бо вяртацца ж не збіраўся, а для Марыі было, у рэшце рэшт, усё роўна калі да яе завітае — ноччу, раніцой, днём, вечарам. Білет дастаў на гэты раз таксама без месца, але цяпер ніхто, як на тое, над старым чалавекам не зжаліўся — усю дарогу давялося стаяць. Дарога — кароткая, аднак на месца прыбыў стомлены.

Зімовы дзень — зусім малы.

Калі Лаўрэн ля свайго хутара злазіў з «Ікаруса», браўся ўжо вечар, вакол — ні душы; чалавек спецыяльна выбраў такую пару дня, каб менш спатыкацца з людзьмі. Адчуўшы мёрзлы грунт пад нагамі, ён крыху патаптаўся на месцы, бо раптам агарнулі сумненні — усё ж такі ці правільна робіць? Сваячніца, напэўна, вельмі ўзрадуецца, але ж там яшчэ гэты самы Франак, як зірнуць хлопцу ў вочы? Хутчэй за ўсё, Нінчынага пляменніка дома зноў не застане. Аднак жа рана ці позна вернецца...

Каб ні з кім не спатыкацца, каб мець час спакойна яшчэ раз сабе аб усім паразважаць, прыкінуць так і гэтак, да сваячкі павалокся цераз поле напрасткі.

Нават і не заўважыў, калі апынуўся каля могілак.

Стаяў марозік. Мяла лёгкая завейка. З-за рухомых хмарак выглядваў якісьці злосны і пякучы маладзік. Усё паказвала на тое, што вецер неўзабаве ўзмацнее. Але да халадоў чалавек быў цярплівы і трывалы.

Калі ўзнік перад Лаўрэнам валун, яго так і пацягнула даць нагам адпачынак на знаёмым, бы свая кішэнь, камені, абкружаным сухімі бадылямі чарнобылю. Валун вельмі ўжо настыў, таму Лаўрэн намацаў, дзе гусцейшая шчотачка моху, прысеў на яе ды задумаўся. Ісці да Марысі ці не ісці?

Ранейшая ўпэўненасць ужо некуды падзявалася — пераступіць парог да Шмігельскіх няпрошанаму цяпер Лаўрэну штосьці перашка-джала: гэта ў горадзе здавалася так усё вельмі проста зрабіць. Але ж і ў горад вяртацца не мог ужо аніяк.

Калі не да Марысі, тады — куды?

От фокус: і ў роднай мясціне, як таму лядашчаму злачынцу, якому ўдалося ўцячы з турмы, няма куды прытуліцца. Бытта зямлю гэтую не праскразіў пот бацькоў яго і дзядоў, бытта і не перасыпана яго тут рукамі кожная грудачка зямлі, не стаптана ўдоўж і ўпоперак яго нагамі кожная лагчынка і загон.