Што гэты гіцаль там вярзе? Дзе тая Марыся, чаму свайму абармоту вушэй не надзярэ добра? Яна ж баба, здаецца, справядлівая, як такое можа цярпець?!.
За столькі гадоў чамусьці адно цяпер так выразна Лаўрэн успомніў маці. Які людскі з яе быў чалавек, якая была цярплівая і мудрая! Як яе ён слухаўся, бо мацерын папрок і пахвала ніколі не залежалі ад яе настрою. Такую ж справядлівасць і людскасць прывівала і яму, Лаўрэну, бо кабета ведала, што гэта якраз даросламу чалавеку будзе патрэбным, як прытулак і хлеб. Дый Марысіны бацькі, здаецца, такімі самымі былі, як яго маці, як усе астатнія старэйшыя зялёнадалінцы. Чаму ж Марыся, чаму і ён з Нінкай не змаглі сваім дзецям прывіць тое самае?
Што некаторыя маладыя цяпер вычаўпляюць? Адкуль яны такія ўзяліся?!
Што з іх будзе? Як ужывуцца яны паміж людзей? Як дзяцей гадавацімуць?!
Аднак і гэта ўсё — сон.
Ух, як добра, што размова гіцляватага Франака толькі прысні-лася. Лаўрэну адно здалося, што ў Марысі ляжыць у велькай хаце. Чаго ў гэтай бязногай калекі ён не бачыў? Нянькай ёй быць і не збіраецца — хай сын даглядае.
Грэе плечы і бакі — на Кірынай раскладанцы. Толькі ж дзіва, калі ён трапіў да Уладзіка на кватэру зноў? Ён жа выразна памятаў, як прысеў у Зялёнай Даліне на камень, як зрабілася халаднавата, а болей — нічога!
Мабыць, сыны прывезлі яго сюды «Жыгулямі» ды паклалі клапатліва на заўсёдашняе месца і — ляжы сабе, бацьку, адпачывай, ты таго ў нас варты, мы цябе шануем. А не памятае нічога, бо соннага везлі.
Унь, чуваць выразна, як унучка ў пакоі, дзе Уладзікаў каляровы тэлевізар, зубрыць вершык. Маладзенькі і далікатны, як у анёла, галасок яе цвярдзіць:
— Ты, Ігар, куды?
— Да дзеда. Цукерку хацу.
— Не ідзі!
— Цаму?
— Ён — спіць! Здалёк яго прывезлі і нельга чапаць!
— А я хацу!
— Разумееш, нельга, бо — хворы! I ў яго ўжэ ні адной цукерачкі няма!
— Адкуль ты ведаеш?
— Я правярала!
— А дзве — ёсць!
— Ы-ы-ых, не разумее, гэты аршын з шапкай! Няма — ні дзве, ні тры, ні сто, ні тысячу!
— Хацу сам паглядзець!
— А калі нельга?
— А я хацу-у, ён і мой дзед!
— Давай лепш табе загадку загадаю!
— Загадай, як хочаш...
— Ну, слухай! Круглае, як сонца. Гарыць пад ім донца. Зарумяніцца бачок — скок на ручнічок! Што гэта?
— А што?
— Ты, ты кажы!
— Не ўмею разгадваць! Сама мне разгадай!
— Гэта — блін! Ы-ы-ых, нічога ты ні разу не разгадаеш, аршын з шапкай!
— А цаму — аршын?
— «Цаму», «цаму»! Дзед на цябе так кажа! Мурза ты, лепш ідзі і памыйса!
— Я мы-ыўся раз узэ!..
I ўжо чуецца голас Кіры:
— Света, на капейкі, злётай у магазін ды купі свежанькага малака, бо няма чым вас пакарміць!
— Ма-ам, цяпер чарга каля касы, а я шчэ вершыка не вывучыла! Ніна Мікалаеўна двойку паставіць. Ой! — Слава миру па земле! Слава хлебу...
— А ты адразу да касіркі звярніся! Скажы, у школу познішся, і яна адпусціць цябе, калі будзе там чарга! I ўсе цёці і дзядзі ў чарзе цябе прапусцяць!
— Хэ?!.
— Што шчэ?
— Хэ-хэ?!. Прапусцяць!.. А што я — наш дзядуля, што без чаргі стану браць?! Што я — ветэран і на Вялікай Айчыннай вайне ваявала?! Што, я з немцамі білася, і цяпер без чаргі мне ўсё можна і ў касах, і без білета ў тралейбусах ездзіць?
— Не мудры, бо атрымаеш!
— Ма-ам, я не мудру-у, я пра-аўду кажу!..
— Што я табе сказала? Ану — марш!
Чаму яна так на малую? Добрая дзеўчынка расце! Ой, якая файная і разумненькая, каб яна была здаровая! Шкада, не бачыць яе Нінка! I ніколі, бедная, не ўбачыць ужэ...
Нінка ўбегла ўся запыхапая:
— Лаўрэн, ты сабе тут разлёгса, як той пан Вішпінг, і вылежу-ваешса, а якіясь адстаўнікі халерныя на «Масквічы» прыехалі з Гродна стрэльбы прабаваць і нашаго бусла застрэлілі! Там ляжыць, на балоце!