— Дзе-е?! Хто-о?! — не пазнаў ён свайго голасу ад раптоўнага хвалявання.
— Пад грэбляй!..
З хлапечай лёгкасцю і праз сцены вылецеў ён, не адчуваючы ног, на залітую па-летняму яркім сонцам зялёнадалінскую вуліцу, стаў азірацца.
Каля балота два мардатыя дзецюкі спрабавалі завезці легкавую машыну. Каля іх застылі ад жаху пастушкі. Пад альшынкай каля старыцы бялела горба пер'я і костачак. Да «Масквіча» з косамі ды граблямі ляцелі адусюль зялёнадалінскія мужчыны. Бабы стаялі на вуліцы і вішчэлі:
— Лавіце і-іх! Не выпускайце паскуднікаў!
— Зара яны ўцяку-уць!
— Як нам цяпер без бу-усла, людко-ове?!
— Высакосны ж год ідзе, а яны — унь што ро-обяць, па такой птушцы страляюць!
— Гэто — канец свету, дальбо!..
Мужчыны даляталі ўжо да чужакоў, калі тым, нарэшце, удалося матор запусціць, і машына рванула з месца ў бок Эйсмантаў. Мірон насадкай касы ўсё ж такі паспеў з усяе сілы шарахнуць браканьерам па заднім шкле, і яно з хрустам разляцелася на дробныя кавалачкі, усцілаючы грэблю квадратовымі градзінкамі.
— Эх, Лаўрэ-эн, калі б не ўцяклі-і! — ледзь не заплакаў з роспачы Кавалец.
Адстаўнік-маёр з вожыкам на галаве супакоіў Мірона:
— Нічога, нічога, ты не хвалюйся! Нікуды яны не дзенуцца, я знайду іх!
— На хвост солі цяпер ім насыплеш!
— Нумар машыны паспеў запісаць на сігарэтнай пачцы во-о, глядзі! Ту-ут яны цяпер, паскуднікі, у мяне! У гэтай кішэні цяпер сядзяць!
Мірон накінуўся на адстаўніка:
— Аляксей Аляксандравіч, ну і што, калі вы запісалі? Гэто ж — Савоська, прайдзісвет і падзёншчык, што старшынёй у нас калісь быў і качак у пойме выстраляў! А другі — швагер яго! Велькая карысць з запісанаго нумара — выкруціцца падзёншчык гэты і абібок! У яго вяздзе — блат, іх распладзіласа цяпер, як калісь — прусакоў на стрэхах!
— А хто нам бу-усла ве-ерне?
— Ігар, хто так гострыць аловак! Дай пакажу, як трэ-бо! — пачуў Лаўрэн свой голас.
— Я са-ам! — упарціўся ўнук.
— Ты ж не ўме-еш! Э-э, дай нажа!
— А от — умею!
— Ну, хто так, скажы...
— А я ўжэ ве-едаю, дзеду, ве-едаю! Трэ толькі цяпер лоб зморшчыць, праўда?
— Што ты выдумляеш, аршын з шапкай!
Але Ігар раптам палез да яго з пытаннямі:
— Дзеду, а кудой у гэтаго коніка бензін заліваюць?
— Дурань яловы. Коней аўсом кормяць, а не бензінам.
— А што такое авёс?
— Той самы геркулес.
— А маманты ў заапарку бываюць?
— Не.
— А цаму-у?
— Бо іх даўно няма.
— I ўчора ўжэ не было?
— Не.
— I раней?
— Маманты жылі да патопу.
— А што такое патоп?
— Шчэ не зразумееш, пачні табе казаць.
— А ты мне зразумей!
— Калісьці, надто даўно, дождж вельмі падаў. Ліў, як з цэбра, сорак дзён і сорак начэй. Так напісано ў Бібліі.
— А куды вада дзелася?
— Вышэй дамоў падняласа. Вышэй дрэў. Вышэй гор. А тады быдто бы ўсё-ўсенько патануло. I звяры, і птушкі, і маманты твае.
— А людзі патанулі?
— Вядомо.
— А калі гэто было?
— Я ж табе казаў — даўно.
— Не ўчора?
— I не пазаўчора! Куды раней!
— А чаму ты не ўтануў?
— ...
— Бо плаваць умеў і потым выплыў, праўда, дзед?
— Во-во!.. А-ай, які шчэ з цябе аршын з шапкай! Як ты шчэ сабе ўсё ўяўляеш просто. Тады шчэ і мяне не было! Не было і майго дзеда, і прадзеда! Дый усё гэто праўда ці не — невядомо! Усе людзі з тых часоў даўно не жывуць і няма каму нам расказаць, як там адбываласа па-праўдзе!
Лаўрэну раптам здалося — ён ужо разумее, чаму грызла аж так незадаволенасць.
Ну хто, скажыце, цяпер стане ўнукам усё гэта тлумачыць ды разжоўваць?!.
Уталкаваць малому такое — толькі яму пад сілу! Ён лепш за ўсіх зрабіць гэта зможа! Калі ў каго не хапае часу, то ў яго якраз — наадварот! Занятак яму па душы і часу — навалам!
Лаўрэн ужо намерыўся нявестцы так і аб'явіць. Але ўбачыў, як Кіра на кухні над злівам, ахутаная хмарай пары, адцэджвае пельмені. Малюнак уразіў Лаўрэна так, бытта на яго вачах рэзалі жывога чалавека.
Яшчэ большая агарнула трывога.
Пасля згатаваных пельменяў смачным булёнам можна накарміць яшчэ цэлую сям'ю, а гэтая булавешка такое дабро ў каналізацыйную трубу пускае! Ну, што яна вычаўпляе?! Ці ж не вар'яцтва гэта? Чаму ўсе яны, як змовіліся, гэтак грашаць і самі сабе шкодзяць, чаму не адумаюцца?!
Малако збяжыцца — гаксамо ў сарцір нясуць! А колькі хлеба і булак тут марнуецца! Ну, дарослыя, калі ўжо так адзеравянелі да ўсяго, то чорт іх бяры, хай сабе так і робяць. Але ж іхнія родныя дзеці глядзяць, якое марнатраўства бацька з маткай вычаўпляюць. Тое ж самае пачнуць вычаўпляць і яны, калі вырастуць. Бо як не ўталкуеш такому жэўжыку змалку, потым адкуль жа ўсё возьмецца ў яго?!