Выбрать главу

Толькі здаецца, што дзеці ўсе аднолькавыя...

Вясной і ралля здаецца ўсюды аднолькава гладкай і чорнай, а ў ёй ужо і парасткі могуць быць...

Потым парасткі і даюць дзе што — там пшаніцу, там гарох, там грэчку, а там буракі і моркву...

Таксама і ў малых ляжыць усё парасткамі. Яно бегае, забаўляецца, балбыча, а тое ляжыць сабе і чакае свайго часу...

Вясной, калі не знойдзеш пад зямлёю парасткаў, так і ўраджаю потым не адведаеш — чакай яго не чакай, выглядвай не выглядвай, а жніва не будзе...

I ў людзей закладваюць ураджаі з малога...

Чаго няма ў малога, таго не чакай у яго і не выглядвай, бы на ялавым полі ўраджаю, калі дзіця вырасце...

Лаўрэн спалохаўся за Ігара, Курачкіна, Блёскіна, Самойлу, Кіру, Святланку, сыноў, Франака ды ўсіх астатніх людзей. Яму ўжо надта захацелася ўсіх зараз папярэдзіць і абараніць перад страшнай небяспекай, што іх чакала. Старому дзядзьку Лаўрэну вельмі ўжо не цярпелася гэта зрабіць. I ён разумеў, што зрабіць гэта мусіць абавязкова, што яму ні каштавала б.

Таму пажылы чалавек сабраў усе свае сілы ды выказаў трывогу людзям і ўсяму свету страшэнным крыкам.

На самай справе то быў ніякі не крык. Проста — на сухім чарнобылі і на кусціках могілак, бліжніх і дальніх, ткаў свой адвечны зімні пошум вецер.

А па небе, як шалёныя, кудысьці імчалі ўсё тыя самыя — пакрамсаныя на кавалачкі ваты — хмаркі, і з канца ў канец зялёнадалінскага поля гэтаксама шмыгалі ў адным кірунку, як змовіўшыся, палосы святла. Завейка, пераўтвараючыся ўжо ў добрую мяцеліцу, усё з мацнейшымі парывамі, усё з большай злосцю, з галаснейшай лютасцю на адкрытай плошчы кідалася дробным і пякучым сняжком. Разам з яго крупінкамі клубістая завіруха пераносіла і мільярды травяных пушынак, што прытойваліся ды заміралі за якой-небудзь грудай, каб ранняй вясной пусціць карэньчыкі і бадылікі. Па іхніх тканках шчодра паплывуць сокі глебы.

Летам ад сонца і навальніц, якія без адпачынку пражыць і паліваць стануць пад бліскавіцы ды грамы перуноў, прырода дасць раслінкам буйную жыццядайную вільгаць, ад чаго ўсе яны раптам распусцяцца мільярдамі нявінных кветак і кветачак. Покуль кветкі тыя апладняць пчолы, чмялі і матылькі, покуль яны завяжуцца ў новыя зёрны, раней замільгаюць усе да нас бязмежным морам жаласлівых вачэй і дрыжачымі вуснамі памёршых, што жылі на гэтай грэшнай ды вечна пакутлівай зямлі, дзень і ноч на ёй працавалі, цярпліва ды ўпарта змагаліся, гадавалі дзяцей і ўнукаў, а потым ляглі ў яе на вечны спачын, каб кроў, цела, няздзейсненыя мары, нявыказаны боль і думкі іхнія запульсавалі ў бадылях і бадыліках новых.

О, цені памёршых!

О, затоеныя ў сне вечным браты і сёстры!

Будзьце ж вы ўсе бласлаўлёнымі!

ЭПІЛОГ

ХАЎТУРЫ I УЛАДЗІКАВЫ ПЕРАЖЫВАННІ

1

Дзядзьку Лаўрэна знайшлі аж праз тры месяцы — у другой палове сакавіка, калі з палёў сходзіў снег, а па Нёмане збіраліся дружна шугануць крыгі.

Першыя падалі сігнал аб старым чалавеку вясковыя сабакі. Бобікі і жучкі збегліся на яго выць. Гэта зацікавіла дзяцей. Тыя паклікалі бацькоў — так усё і выкрылася.

Скаваны рэшткамі сумёту ў глыбокай баразне стары Маркевіч ляжаў каля валуна навідоку ад свайго хутара і за трыццаць крокаў ад могілак. Твар яго быў да касці абклёваны варонамі. Размоклая вопратка падобная была да набрынялай вадой кары. З былой цёплай куртачкі тырчалі ў розныя бакі стужкі цыгейкі і жоўтага паралону, а дзядзькавы ногі ў ботах з доўгімі халявамі грунтоўна замураваў заледзянелы снег — людзям давялося выдзіраць іх ломікам.

Што і казаць, здарэнне гэтае для вёскі раўнялася хіба што славутаму землятрусу, які ў 1977 годзе з Румыніі дакаціўся аж да Зялёнай Даліны.

Міліцыя сабрала людзей ды склала акт — пры якіх абставінах і дакладна калі знойдзена цела, у якім яно было стане, якая на ім выяўлена вопратка, бялізна, шапка, шалік і абутак. Затым труп старога павезлі ў горад, дзе занялася ім судовая экспертыза. Гэтым часам двое следчых сабралі яшчэ раз маладых і дарослых зялёнадалінцаў ды распыталі людзей больш грунтоўна. Допыт павялі як прафесіяналы, што ведаюць у гэтым толк.

Вопытныя следчыя вельмі хутка ўстанавілі, як наступіла ў чалавека смерць.

Л. Я. Маркевіч прыехаў у вёску пад самы вечар. Накіраваўся чамусьці па снежнай цаліне ў бок могілак і прысеў на валун. Завейка сыпала густым снегам, а на полі не было жывой душы. На валуне Маркевіча заўважалі зялёнадалінцы не адзін раз і пры жыцці яшчэ жонкі, бо камень наводзіў Лаўрэна на адпаведны роздум — гісторыя каменя на вёсцы была ўсім вядомая.