На гэты раз стары чалавек чамусьці затрымаўся на валуне даўжэй. Але, на сваё няшчасце, ён задрамаў ды замёрз да непрытомнасці. Потым зваліўся ў глыбокую баразну побач, дзе да раніцы яго і замяло снегам.
Як бы ў пацвярджэнне таму, што ўстанавілі следчыя, сведчыў і акт судовай экспертызы.
У акце гаварылася:
«...Стан органаў Л. Я. Маркевіча — здавальняючы. Траўм на целе, драпін на скуры, сінякоў ды слядоў алкаголю ў крыві не выяўлена.
Смерць Л. Я. Маркевіча наступіла ад агульнага ахаладжэння».
Калі ўсё высветлілі, цела міліцыя выдала сынам.
Малодшаму брату сярэдні і старэйшы адразу адбілі ва Уладзівасток тэлеграму. Але Мікалай Маркевіч адправіўся якраз у заморскае плаванне, і нават чакаць ад яго адказу ў бліжэйшы час не было сэнсу, не гаворачы аб прыездзе. Мікалаева Іна тэлеграмай выказала братам спачуванне і папрасіла за мужа прабачэння. Заадно прыслала на пахаванне трыста рублёў ды аб'явіла, што прыляцець не можа таксама — у яслі носіць блізнят.
Павел з Уладзікам вырашылі самі — бацьку на вечны спачын пакласці ў вёсцы, пахаваць побач з мацерай і абаім паставіць летам адзін, але добры, помнік.
2
Калі пляменнік нябожчыка — Франак — раніцой з горада прывёз грузавічкай труну з целам свайго дзядзькі, даяркі прымайстравалі яе на табурэтку ў фае клуба ды выставілі ганаровую варту. Загадчык клуба вынес на сцэну і ўключыў магнітафон з жалобнай музыкай.
Зялёная Даліна, калі гаварыць па-даўнейшаму, мела ўсяго з пяцьдзесят «дымаў» — сярэдняя беларуская вёсачка. Жыло ў ёй цяпер толькі з дзвесце душ, і за пару гадзін ледзь не ўсе яны прыйшлі на пахаванне. Старэйшыя мужчыны з'явіліся чыста паголенымі ды прыстойна апранутымі — як рабілі тут у сумных выпадках з часоў дзеда і прадзеда. Найлепшае адзенне і жанчыны апранулі. А старыя падаставалі нават з куфраў тое, што насілі яшчэ іхнія бабулі. Некаторыя пажылыя цёткі прывалаклі з сабой нават і ўнукаў — тых, што не адбіліся пакуль што ад іх усохлых рук.
На вясковых мярлінах у нас заўсёды лямантавалі ды вылі бабы — голасна, роспачліва і шматслоўна. Пад бабскае выццё, жэсты і лямант кожны раз неслі на могілкі целы памёршых ды забітых. У тых лямантах і драматычных жэстах было асэнсаванне таго, што здарылася, і — пахвала ды слава нябожчыку ці нябожчыцы.
Плач і лямант па памёршых — і абадрэнне жывым.
У кожнай зялёнадалінскай цёткі была напагатове прычына да слёз, а над чужой бядой — енк і плач найбольш салодкі. Два гады з паловай таму, гледзячы на бездапаможнага ўдаўца, бабы давалі волю слязам і дружна галасілі над Нінай. «Наенчыліса» тады яны ўволю.
Ля Лаўрэнавай труны зараз толькі той-сёй украдкай усхліпнуў, бо мала засталося равеснікаў нябожчыка. У зале панавала атмасфера павагі, якая ішла ад даўняй зямной ісціны — «хоць плач, хоць скач, а не ўстане твая кляч»; ад смерці аніяк не выкруцішся, усе памром і ТАМ будзем, а Яфімаў Лаўрэн, калі па-чэснаму ды па справядлівасці разабрацца, пажыў не так і мала — акурат колькі яго аднагодкі. Затое смерць меў надта лёгкую, аб якой іншыя толькі мараць — бальніцы ды розныя аперацыі з перавязкамі і ўколамі, з працэдурамі ўліванняў ды пераліванняў яго, «дзякуй богаві», мінавалі. Толькі ў душы людзі, бытта змовіўшыся, таілі за аднавяскоўца да Лаўрэнавых сыноў горыч абурэння. Але выказаць гэта адклалі на потым, калі надарыцца адпаведная аказія — не станеш жа тут, пры нябожчыку, узнімаць скандал!
Браты на ферме ўзялі гнядога каня з платформай, на якой бацька столькі гадоў звозіў бітоны з малаком ад прыватных кароў да сябе на ферму і валачыў траву з пакосу. Покуль той самы, яшчэ Лаўрэнам добра адкормлены гняды з яблыкамі на крупе, наставіўшы аксамітныя шырокія храпы, падазрона нюхаў паветра ды зыркаў з сумам на людзей, бытта нават сваімі конскімі мазгамі разумеючы павагу хвілі, кабеты ўмомант выслалі платформу даматканымі дыванамі. На краі платформы паставілі цэлыя батарэі вазонаў і вазончыкаў. Затым уладкавалі вянкі. Наклалі яшчэ і кветак.
Не раней і не пазней, дакладна ў той момант, калі было трэба, з'явіўся і старшыня калгаса — энергічны кірпаты хлапец у лёгкай куртачцы з бліскучымі замкамі на грудзях, кішэнях і рукавах ды з такім медзяным ад загару тварам, ілбом, шыяй і вушамі, бытта прыляцеў толькі што з Каўказа.
Усе адразу прыціхлі.
Старшыня дзелавітым позіркам акінуў усіх, хто сабраўся. Учэпістымі вачыма апёк непрыязна Лаўрэнавых сыноў ды не без варожай цікавасці з ног да галавы агледзеў захутаных у чорныя шаляновачкі нявестак. Затым кіўнуў загадчыку клуба, каб выключыў жалобны марш. I адкрыў грамадзянскую паніхіду.