Энергічны малады чалавек пачаў адразу выкладваць усё пра нябожчыка. Гаварыў старшыня без ніякіх паперак, коратка і звонка. Яго словы былі вельмі простыя, непадроблена шчырыя і цёплыя, ад чаго ў клубе зрабілася абсалютная цішыня. Паступова замерлі нават без руху малыя, а ўдзячныя вяскоўцы ледзьве ўжо стрымлівалі хваляванне — нібыта гаварылася пра іх саміх.
Пад канец прамовы загарэлы хлапец нізка пакланіўся труне ды сказаў:
Бывайце, шаноўны дзядзька Лаўрэн! Бывайце, працавіты, сумленны ды сціплы грамадзянін — чалавек з вялікай літары — адзін з тых, залатымі рукамі каторых абноўлена прынёманская зямля і нашая вёска! Усё-ўсенько вакол зробленае створана не абы-якімі намаганнямі вашага шчодрага сэрца, загартаваных нерваў і мужыцкай упартасці, мноствам вашага поту, мазалёў і цярпення! Дзякуем вам, дзядзьку Лаўрэне, за ўсё гэта! Людзі вас, дарагі Лаўрэн Яфімавіч, памятаць будуць ды насіць у сэрцах сваіх! На вашым прыкладзе мацяркі дзяцей будуць выхоўваць, і доўга-доўга, пакуль Зялёная Даліна стаяцьме каля Нёмана, красавацца будзе і плён вашай работы! Ад усіх нас тут сабраных, а таксама і ад тых, хто яшчэ вас добра памятае, хто вам многім абавязаны і шануе вас, але не змог, на жаль, сюды прыйсці сам і выказацца,— нізкі-нізкі вам паклон і ўшанаванне, а родная зямелька хай будзе для вас заўсёды пухам!
Амаль тое самае гаварылі парторг і загадчык фермы. Летам — буракаводка, а зараз — даярка, жонка лайдака Алёшкі, празванага на вёсцы двайной мянушкай — «Амэрыканец» і, па цане «чарніла» — «Рубдваццаць», за ім, пачала:
— Цяжкая, неміласэрная, гарбатая была ўся нашая жызня! У вечнай рабоце, у вечных клопатах, у вечных турботах і беганіне, як правільно ўжэ сказаў тут наш старшыня! Ох, і смылела нам спіна, Лаўрэне, ты сам пра гэто добро ведаеш! Смылела і балела, а мы ўсё тыралі, тыралі і тыралі!.. Ох, і тыралі, як праклятыя!.. I дзякуй табе, што ты нам надто... Што, вядомо, не так, бы некаторыя... Бы мой п'яніца, які з самаго ранку ўжэ адно і думае, каб дзе... Каб з кім... Каб што-небудзь дзе... Добро было і Нінцы тваёй за такім мужыком, бо за густым кустом і трава зелянейшая!.. Твая кабета і магла быць такой, бо ты, Лаўрэне, ёй... Бо яна заўша за табой, чалавекам, як за камен-най сцяной... Бо не так, як іншыя — часам з квасам, а парой — з бядой...
Расцвеленая старшынёй і ўспамінамі жанчына нагадала, як з нябожчыкавай Нінкай палола буракі, як Лаўрэн бярог жонку, як Нінка не лічыла гэта нават вартым увагі, як яна зайздросціла напарніцы, як хваліла чалавека і будзе хваліць, як зайздросцілі Нінцы зялёнадалінскія бабы...
Бедная кабеціна аж падавілася ад успамінаў горкім плачам.
Старшыня даярку ўважліва выслухаў. Паспачуваў. Падзякаваў за цёплыя словы. Спытаўся — хто яшчэ будзе гаварыць? Суседка таўканула ў бок Макараву Тэклю, выгукнула:
— Во, яна!
— Я — потым,— вельмі спакойна і самаўпэўнена аб'явіла Макарыха.
Старшыня здзівіўся, але ўгаворваць не стаў. Паніхіду на гэтым аб'явіў закрытай. Яго адразу атакаваў Белакоз Аляксандр з Гудзевіч — шэптам пачаў прасіць грошай на стары вятрак пад Баранавічамі, каб перавезці яго для этнаграфічнага музея. Каб не парушыць павагі хвілі, асцярожна ступаючы, старшыня з мясцовым актывістам адышлі.
Забітую наглуха труну мужчыны вывалаклі на двор ды паставілі на дываны — сярод вазонаў, кветак, вянкоў з мірту і жалезных, якія сыны прывезлі поўныя свае машыны з горада. Са сцэны звалаклі магнітафон і прымасцілі ззаду.
Працэсія ад клуба паволі вырушыла на могілкі, расцягнуўшыся крокаў на сто.
3
Крапак у гэты час даглядаў на сваім падворку ўнукаў. Яго Хвядора паляцела на пахаванне, а мужа паабяцала падмяніць для памінак. Зміцер пасвіў зараз малых ды, бы той застаялы конь, ірвучыся ў дарогу, стараўся з прагнасцю разглядзець, што адбываецца каля могілак і сельскага клуба.
Гарадскія дочкі трымалі ў дзеда з бабай траіх пяці-шасці гадовых хлопчыкаў. Двое падшыванцаў валтузіліся каля кастра з дрывамі, сляпенькі ж на адно вока — турзаў старога за штаны.
— Дзеду, а куды дзядзю закапааюць?— дапытваўся, заінтрыгава-ны тым, што чуў ад дарослых.
— У гліну, Антон.
— Цяпе-ер?
— Ага.
— Хы, яна ж халодная!
— Памёршыя холаду не адчуваюць.
— А я-ак?
— Просто — ніяк.
— Чаму ў гліну?
— Бо ўсе людзі з яе прыходзяць, у яе і кладуцца.
— А як з яе выходзяць?
— А табе пра ўсё трэ ведаць?
— Ага.
Выпадак з Лаўрэнам Зміцера надта ж уразіў, напоўніў неспакоем, адчуваннем невытлумачальнай віны ды непапраўнай страты. Чалавек з яго быў незайздросны. Даўно зняверыўшыся ў сабе, Зміцер усю надзею і няздзейсненыя мары аб шчасці ўсклаў на Лаўрэна, які, маўляў, спазнае ўвесь той рай і за яго. У душы Зміцер вельмі ганарыўся слаўным земляком ды радаваўся таму, як паважаюць яго людзі, як любяць дзеці і як яму ўсё «шыхуе».