Выбрать главу
Ты мо-я дзевчы-ыно, Ты мое-е ко-ха-не, Дай мі тысёнц зло-отых На слюбнэ ўбра-не-е!..

Раптам разанулі жаласлівыя гукі жалобнага марша. Крапак «плютону» свайму падаў каманду:

— Стой, хлопцы, во-ольна! Давайце цяпер на іх паглядзім! Там і вашая баба!..

Пераўтварыўшыся ўвесь у слых, Крапак прыліп да плота ды пачаў назіраць, як у бок могілак пацягнулася працэсія.

4

Канчалася зіма. Бы пярэстыя каровы, яе рэшткі яшчэ белягцелі адно ў полі — па ямінах, лагчынах ды балотах.

У Зялёнай Даліне, праз якую везлі на вечны спачын дзядзьку Лаўрэна, таксама ляжалі там-сям языкі снегу. Ён тут быў прыцямнелы, бытта снег сціснуў ад болю калісьці так белыя зубы ды ўсё яшчэ іх гэтак трымаў,— цвёрды ляжаў, як бетон, бо па ім усю зіму тапталіся ды ездзілі,— ён віднеўся ля платоў пад вясковым брудам і разлезлымі газетамі.

Затое неба — сіняе-сіняе, бы з лакіраванай паштовачкі — ураж-вала сваёй бязмежнасцю. Грэла і сляпіла сакавіцкае сонца. Першыя жаўрукі спрабавалі цягнуць сваю адвечную песню — без пачатку і без канца. Праз шыбіны дамоў, размаляваныя на каляровыя квадраты, віднеліся старыя фанерныя скрыначкі ад пасылак ці бляшанкі з-пад кансерваў з зямлёй, у якіх ужо дружна цягнуліся ўгору зялёная шчотачка з тонкіх стрэлачак цыбулі, памідорная ды капусная расада для парнікоў.

Людзі крочылі за труной, парасшпільваўшы зімовыя палітоны. Распрамянёныя жанчыны пасцягвалі на патыліцы цёплыя хусткі ды пазабіралі ў дзяцей шалікі, рукавічкі, пальчаткі.

Лаўрэнавы сыны з нявесткамі ў чорных шаляновачках тупалі адразу за платформай. Уладзік трымаў сына на руках, бо малы імкнуўся ўзабрацца на воз, і не маглі знайсці на яго ўправы. Браты крочылі з апушчанымі галовамі, паныла — не маглі не заўважаць да сябе варожай адчужанасці аднасяльчан. I от дзіва, яшчэ толькі восем месяцаў таму, калі забіралі старога ў горад, была гэта толькі іх аса-бістая справа, і тады ніхто нават не падумаў бы соваць у яе свой нос. Вяртанне ж бацькі ў вёску ўжо датычыла ўсяе Зялёнай Даліны, а яго родныя сыны як бы не мелі цяпер і права што-небудзь пікнуць.

Падзея з нечаканай смерцю старога Маркевіча ўсё пашыралася і пашыралася, абрастаючы, бы той снежны камяк, дзіка неверагодны-мі падрабязнасцямі. Вёска аж млела ад здагадак. Людзі былі наструненыя і намагнічаныя.

Франак Шмігельскі праінфармаваў братоў, што сярод вяскоўцаў разышлася чутка, бытта сыны ў горадзе старога не толькі не даглядалі ды не спрыялі яму, а якраз з бацькі надта здзекаваліся. Бытта білі Лаўрэна ды марылі голадам: калі бацька хацеў чаго-небудзь, напрыклад, баршчу, бонды ці капусты, мусіў употайкі ад родных багатых дзяцей шукаць у звярынцы Соньку Касіла, і масалянка яго падкормлівала, бо інакш — з голаду бы чалавек стары памёр. Бытта нявестка калі і давала свайму свёкру якога балаболу, то гэтак брыдзілася, што посуд і лыжку потым старанна працірала карболкай. Бытта бы нават спаў Лаўрэн у іх, як той сабака,— на галюткай падлозе ў кутку, а пра ложак нават і марыць не мог. Бытта бы паштарка выявіла праз міліцыю, што і калгасная пенсія да Лаўрэна не даходзіць — нявесткі спраўныя забіралі сабе ды дзялілі на ўборы.

А ўсё з-за таго сыны яго гэтак мэнчылі, бо бытта дабіваліся, каб стары прызнаўся, дзе хавае золата, атрыманае ў спадчыну. Яшчэ Лаўрэнаў дзед і прадзед з Налібоцкай пушчы цэлы свой век ганялі па Нёмане аж у Клайпеду плыты, за якія ў Прусіі плытагонам залатымі рублямі плацілі. Лаўрэн сынам бытта бы так і не паддаўся, як яго, беднага, ні муштравалі, як ні мардавалі, як ні здзекаваліся, ні вы-пытвалі.

Лаўрэн бытта бы прыехаў аднойчы ў вёску на ноч, са схованкі ўзяў толькі крыху золата на зубы, а рэшту зноў закапаў туды сама. Вярнуўшыся ў Гродна, зубы тыя сабе ўставіў, паказаў сынам ды нявесткам аб'явіў:

«Бачылі? Астатняе — хай лепш у сырой зямлі гніе да канца свету, чым вам, абармотам такім, чым вашым надто спраўным жанкам карыстацца ім!»

Аўтару гэтага рамана-рэквіема па дзядзьку Лаўрэну сярэдні сын потым прызнаваўся:

— Я тады, б-бляха, з жахам пабачыў — не хочуць чамусьці мяне людзі і слухаць нават. Што — слухаць! Упадзі тады перад зялёнадалін-цамі на калені, разарві на грудзях кашулю, пачні ў дадатак клясціса ды бажыцца і роднай маткай, і ўсімі святымі, шчэ, б-бляха, у доказ стань на вачах у іх зямлю з граззю грызці, што ўсё гэто буйда, што старога ў мяне ніхто не кранаў і пальцам, не казаў на яго кепскага слова, ніколі мы не адбіралі ў яго пенсіі, што ўсе мы, б-бляха, як толькі маглі, бацьку кармілі, паілі і даглядалі, каб цёнгле чалавек быў сыты, у спакоі і дастатку, каб заўсёды свае грошы меў, каб быў незалежны, каб яму цяпло было ды не мулко, каб доўго спаў і смачно з'еў з чыстаго посуду, а ўсё роўна — ніхто не паверыць мне, хоць трэсні! Чамусьці баек ім пра Маркевічаў раптам захацеласа! Уладзік задумаўся.