Выбрать главу

— Вы — што?! — Кіра ўся аж устрапянулася.— А пантэра, што бегае?!

— Не бойса, яе даўно злавілі і міліцыя адбой дала! — супакоіў Уладзік.

— Хібо што...

— Значыць, у звярынцы былі?

— Ат, плёнталіса, плёнталіса па парку дый забрылі — ці доўга нам? — удакладніў Лаўрэн, ужо асмялелы, што паход іхні сыну спадабаўся.— Білет мне адно дзесяць капеек каштуе, малому — зусім без грошай... Шкада, хлеба не набралі зубрам...

— Хвалю! Вельмі, тату, добра зрабілі! Малому надто карысно! I, кажаш, сын, трактара там бачыў?

— Ага. Чырвонага.

— Для гэтага, пляменнічак, і ў заапарк не трэба было хадзіць! — пасмяяўся Павел.

Жонка яго была бяздзетная, і ён братавым малым уміляўся, бы сваім.

— Але ты, Уладзік, глянь адно, не быў бы то хлопец — першым чынам — што яму ў вочы ўпало, га? Тэхніка!

— О-о! Ён у мяне ўжэ даўно ўсе маркі машын разлічвае! Дый не толькі хлопец гэтым цікавіцца! Учора, разумееш, раскалупаў памідор відэльцам і крычыць да Кіры: «Мама-а, ты казала, у ім вітамін многа, а дзе яны?!» Ха-ха-ха-ха! Гэты народзец такое заўважае ўсё-о! Калі ашчэ рабіў на гарадскім маршруце, любіў за імі назіраць. Адарвуцца ад мамаў ды цікуюць праз шкло да цябе ў шафёрку! На прыпынку націскаеш кнопачкі, каб паадчыняць людзям дзверы, а гэтыя з зайздрасцю сочаць за тваімі рукамі ды кантрольныя агеньчыкі вачанятамі аж пажыраюць. У кожнага на вуме адно — дапусцілі б туды яго!.. Ну, ну, кажы нам, што ў заапарку шчэ было, Ігар? — павёў допыт ужо надта горды бацька.

— Шчэ малпа курыла.

— Во хуліганка, што ўздумала!

— А потым прыйшоў дзядзя і курыць папяросу ёй не даў.

— Забраў курыва?

— Ага.

— I правільна дзядзя зрабіў — нельга ёй курыць.

— Ага. У цёцяў ад курэння вусы вырастаюць.

— Правільна! Во, як ты сам добра ўсё ведаеш! Ну, і далей што там было?

— Тоўстая цёця.

— Тоўстая?

— Угу.

— I што ж яна рабіла?

— Крычала вельмі на дзядзю.

— Ы-ы-ых, крычала?

— Ага. I венікам біла.

— Адразу — венікам?

— Ага! Так — па галаве! Дзядзя руку наставіў, а яна яму па руцэ — бум-м!

— Ну-у?! А за што?

— Бо малпе курыць даваў. А дзед наш цёцю абнімаў, бо ўжэ будзе з той цёцяй жаніцца.

Каб пад акном у Маркевічаў выбухнула нават бомба, уражанне, мабыць, было б не меншае. Толькі на тварыку адной Святланкі адмалявалася радаснае здзіўленне. Яна шчаслівымі вачыма зірнула на дзеда. Затое ў дарослых ад жаху павыцягваліся твары, і ўсім адразу адняло мову.

Адчуваючы, што дарослым зрабіў якуюсьці непрыемнасць, хлопчык захацеў паправіцца:

— У той цёці грошай много... I адзенне... I качкі на рэчцы ў яе плаваюць...

Вінаваты Лаўрэн пастараўся сыноў супакоіць:

— Выпадкова напаткаў там Соньку Касілу з Масалян. Вы яе, хлопцы, павінны добро ведаць — што за стэльмахам Нічыпарам была замужам. Цяпер у звярынцы прыбірае ў клетках. От, пагаварылі з ёю пра жызню пару хвіляў, вёскі нашыя ўспомнілі, даўніну, пра мужыка мне расказала — як хавала яго...

— Доўга я твае выбрыкі цярпець буду?— занадта строга накрычала незадаволеная Кіра на сына.— Не плёхайся ў кефіры, а хлябай, гэта табе не лужа!

Мужчыны паступова прыходзілі ў сябе.

— Тут много нашых служыць у горадзе,— асцярожна, яшчэ з недаверам растлумачыў Уладзік.

Зноў мінавала хвіліна цягучага маўчання. Асмнлелы хлопчык пацікавіўся:

— Тата, малако робіць карова. А кефір ад якога звера робіцца, ад каня?

I такое пытанне малога пестуна ў сям'і сярэдняга Маркевіча выклікала звычайна бурлівае захапленне. Потым яго перадавалі сваякам і знаёмым. Цяпер жа на Ігаравы словы ніхто не адрэагаваў. Мужчыны ўсё яшчэ былі ўстрывожаныя навіной, бо ўбачылі ў ёй якісьці выклік сабе і пагрозу. Абодва зараз вырашалі — верыць таму, што сказаў бацька, ці не верыць, магло такое быць ці — не.

Адна Кіра заставалася гэтаксама непарушнай у сваёй злосці:

— Не балбачы за сталом, а — еш!

— Ну, бацьку, ведаеш — крыўдуй на мяне не крыўдуй, а я табе скажу чыстую праўду: у твае гады думаць пра жаніцьбу — пазнавато крыху! — на ўсялякі выпадак заявіў Павел.

Уладзік падхапіў:

— У семдзесят пяць гадоў? Нават перад людзьмі смешно! Гэто з'егджаны каленчаты вал адшліфаваў на станку, уставіў туды само пад машыну, і аўтобус зноў будзе егдзіць — ніхто табе нават і слова не скажа, ніхто і не заўважыць!

Паўлу братава параўнанне надта спадабалася. Ён дапоўніў:

— Ха, падганяць на станку! Нават чатыры разы такі фокус з ім робяць! Аж чатыры! Першы раз вал шліфуюць пад допуск ноль-ноль-пяць! Затым — ноль-дваццаць пяць! Потым — ноль-пяць! I яшчэ апршні раз — ноль-семдзесят пяць!