Уладзік павярнуўся да брата:
— А ты яго бачыў?
— Фігу з макам! На перагоне ў гэты час кукаваў — паміж Тэалінам і Россю. Каля Мачуліна пяцікіламетровы аб'езд з лужамі, левая рысора ў аўтобусе паляцела — халерную лятучку выглядваў гадзіны дзве. Слухаў крыху па транзістары ў кабіне, як «кляновыя лісты» гол нашым забілі. Але гэто — мучэнне было, а не слуханне. Адно злосць разабрала. Пасажыраў адправіў папутным, а сам лёг і хра-павіцкага задаў да прыезду нашых. Калі б прадбачыў такое, захапіў бы турыстычны тэлевізар — ён у мяне старога выпуску, а ізабражэнне шчэ дае файнае, не тое што цяперашнія! Але ж да міжнароднага матча спадзяваўса сем разоў вярнуцца дамоў!
— Во!
Уладзік паўзіраўся на бацьку з папрокам.
— Да тэатра схадзі! Ты калі-небудзь у ім быў?
— Бачыш — не быў яшчэ нават у ім! Хоць нікому не прызнавай-са! Не заглядуваў ніколі ў яго і я — схадзі за сябе і за мяне! Кажуць, туды толькі ў гальштуках пускаюць, то бяры мой — у шафе іх поўная сценка! У музей загляні — шафёры нашыя бачылі ў ім надто здаровыя мамантавыя косткі і якісьці крыжацкі меч, што дзвюма рукамі бяруць! У Друскенікі махні на пару гадзін ці — у Вільнюс, Мінск, а то і ў Рыгу! Альбо выпішы сабе на вакзале казённы білет па свайму ветэранскаму пасведчанню ды з'егдзі да нашага Коліка ва Уладзівасток! Чуеш, бацьку?
— Я на татавым месцы даўно там ужэ быў бы! — падтрымаў брата Павел.
— А я што кажу? Тое самае! I не хадзі, бацьку, такі шчарбаты — зубы сабе ўстаў!
— Абавязково!
— I — залатыя!
— Шчэ што вы мне выдумаеце...
— Павел табе дзело кажа!
— А чаму б табе іх і не ўставіць?
— На чорта мне золато? Патрэбно яно мне, як рыбе парасон... Сколькі мне зубамі тымі жаваць засталоса...
— Усё роўно — хай ведаюць нашых!
— Слухай, бацьку, што гаворым — не бунтуй, а так і рабі! Астатняе — маёй бабе пакінь! Выдзюжыць, іншым шчэ й не так дастаецца — маладая, да капрамонту ёй далёко!
— Ты пра мяне і слоў людскіх не знойдзеш каб сказаць! — з-за дзвярэй, не вытрымаўшы, агрызнулася Кіра.— Для мяне лепшага не падбярэш — адно хамства!
— А ты маўчы там!
— Чаго буду маўчаць? Чаму я павінна заўсёды маўчаць ды пераносіць тваё бескультур'е?! Ну ж і дурная была я, выходзячы восем гадоў тамў за цябе замуж!
— Думаеш, намнога была б разумнейшая, каб выйшла ў гэтым року? Ані крыху!
Паміж імі разгарэлася такая сварка, якой Лаўрэн яшчэ ані разу не чуў. Нявестка заадно пачала і на яго выкрыкваць усё крыўднае і несправядлівае. Лаўрэн пры гэтым адчуваў сябе, як той голы ў крапіве.
4
З Кірыных слоў Лаўрэн неўзабаве даведаўся пра многае. Галоўнае — надта кепска сябе паводзіць, таму клопату з ім куды больш, чым з малым.
Навучае яе сына непрыстойным песням.
Аднойчы, не памыўшы, даў малому грушу.
Да стала можа сесці, не спаласнуўшы нават рук,— хіба што сама прасочыць ды прымусіць яго схадзіць у мыцельнік.
Вечна наравіць сваімі старымі і босымі нагамі лазіць па кватэры ды разносіць розную заразу.
Суседка Лілія Уладзіміраўна — Вадзікава маці — ёй гаварыла, што раніцой швэндае ад пад'езда да пад'езда са старым вядром, падбірае недагрызкі і камяні! То зноў на лесвіцы святло кожны раз бяжыць выключаць, хоць яшчэ не зусім развіднела. А калі б і развіднела, якая яму да гэтага справа, хіба ён дворнік?
Стрэліла яму ў галаву цэментам дзіркі замазваць, а потым усю прыхожую, усю ванну заслядзіў, ды гэтак, што і малыя аж такое не вычаўплі б!
Бытта ўсяго гэтага было яму замала і зараз зусім новы падаруначак для яе сям'і падсунуў — з нейкай бабай зблытаўся. Каб якую-небудзь інфекцыю прывалакла на кватэру, каб потым яшчэ абакрала, патруціла альбо кватэру падпаліла — мала такіх выпадкаў здараецца цяпер у горадзе?!.
Кіра нібыта была супроць халернай машыны — абы толькі ў сям'і панаваў «спокуй і лад», а што з гэтага атрымалася? Чортавыя «Жыгулі» стаяць і стаяць у гаражы ды ржавеюць. Адзін-адзінюсенькі раз адно і выскачылі па грыбы пад Друскенікі. I то — на гадзіну, а камары не далі ў лесе добра і разглядзецца, а мурашкі ўсе ногі абсеклі. Бо завёз у самую камарыльню ды ў адныя мурашнікі — як спецыяльна, каб паздзекавацца з сям'і. Мужа яна мае і не мае — калі толькі вернецца з рэйса, дык адразу, у чым стаяў, прэцца хутчэй у свой гараж! Не пацікавіцца, як ты тут з малымі, не распытае, а — прэцца, каб нават свет валіўся, у той гараж ды лезе пад праклятую машыну, нават у чым стаіць, а дома — цвіка даўно ўжо не ўваб'е!..