Лаўрэн адразу насцярожыўся — унь яно што. Успомнілася аголеная Соньчына прапанова аб жаніцьбе. Параўнаў яе зараз з намё-кам пажылой касіркі, абвешанай цацкамі, ды ледзь не ўголас падумаў — каб вас халера, бабы чортавыя! Яшчэ масалянка палічыць, што да яе на змовіны прыпёрся з гасцінцам. Бо на гэта і выглядала.
Бачыцца з зямлячкай раптам расхацелася.
Патупаў Лаўрэн да вальера, дзе цёмнай камлыгай застыў зубр. Спаткаўшыся з цягучым і цяжкім позіркам карычневага барадача з пыльнай грызай, падманіў яго ды пачаў ласунак па кавалачку адломваць ды піхаць паміж прэнтаў. Звер ласунак прыняўся глытаць са здавальненнем. Пры гэтым ён чмыхаў, хрукаў, як свіння, павесялелымі вачыма прасіў яшчэ, а жорсткім, бы рашпіль, языком пачастунак стараўся вырваць з рукой.
З-за прэнтаў суседняга вальера пацягнулася да Лаўрэна на гібкай шыі ласая мыса з раздвоенай губой «карабля пустыні». Пачаставаў крохкім ласункам і гэтага мяшанца лебедзя з мядзведзем, як вярблюда ахрысцілі калісьці салдаты з яго «плютона».
Наздраватыя кавалкі грыба дасталіся нават амерыканскаму бізону ды нейкаму заморскаму буйвалу -- абодва яны праглынулі іх таксама са смакам.
5
Змахнуўшы з курткі белыя крошкі, Лаўрэн цяжка ўздыхнуў ды паволі павалокся дамоў, а тая самая згрызота агарнула яго зноў. Яшчэ адчуў такую стомленасць, што ледзьве змог перастаўляць па тратуары анямелыя ногі. Падумаў:
«Зх, Лаўрэне, Лаўрэне, а ты шчэ хацеў прасіцца возчыкам у звярынец! Куды табе, пень трухлявы, у твае гады лезці да тых коней і вазоў? Які дырэктар стане з табой нават гаворку пра гэто заводзіць?!»
Горкі голас у ім яшчэ і пакпіў:
«Калі ты ім нябось патрэбен быў, твае гады лічыліся козырам — у прэзідыум цябе запрашалі заўсёды! У газетах, па радыё мо з дзесяць разоў упаміналі! Калі табе зара трэ чаго-небудзь, твае гады ўжэ перапонай становяцца — от як на свеце бывае!»
На аўтобусным прыпынку стаяла маладзічка з хлопчыкам. Крыху меншы за Уладзікавага Ігара аршын з шапкай біў кулаком па камлі каштана і дапытваўся:
— Ма-ам, а хто ето здзе-елаў?
Маці прамаўчала.
Лаўрэну ўспомнілася, як учора пад вечар спаткаў у двары ўнука з хлебам, намазаным маслам. Хацеў прыласкаць, але спахапіўся. Толькі не выцерпеў, каб не спытацца:
«Чаму ж ты, унучак, адзін?»
«Та-ак!»
«Дзе твой друг, Валерка?»
«Адстойваць пайшоў».
«Каго-о?»
«Куток. Муку на сябе высыпаў!»
Вечарам Кіра за нешта яго нашлёпала. Пачакаўшы, калі нявестка выйшда ў другі пакой, унуку паспачуваў:
«Ну, цяпер будзеш гжэчны?»
Ігар хвіліну падумаў:
«А ты, дзеду, адгадай!»
Кіра ўвайшла зноў і гутарку ім папсавала. Тым часам на прыпынку малы патрабаваў свайго:
«Ма-амка, а хто ето здзе-елаў?
— Само вырасло, сынок.
— Цаму-у?
— Бо расло, расло і вырасло!
— А цаму-у?
— Ай, не дуры мне галавы!..
Ад адчування непапраўнай страты, ад жалю Лаўрэну аж забіла дыханне. Спатрэбілася ўся сіла волі, каб узяць сябе ў рукі ды не расплакацца, ці — не завыць на вуліцы.
Перад домам у лыжным касцюме ўвіхаўся Аляксей Аляксандравіч са старымі вёдрамі ў руках. Гэты чалавек усю вайну праслужыў у штабах. Што такое штаб, Лаўрэн дакладна не ведаў і ўжо не стараўся даведацца. У адным быў абсалютна ўпзўнены — штосьці надта важнае. Як запамяталася яму яшчэ з часоў вайны, нават медсанбатаўскае начальства гэтае слова вымаўляла з пашанай ды і параненыя яго як бы баяліся. З той пары ў Лаўрэна да штабістаў сядзела такая насцярожаная павага, што адчуў яе і цяпер, пры кепскім настроі.
— Вітаю, Маркевіч, цябе! — спаткаў яго, бытта добрага знаёмага, былы маёр.
I адразу дзелавіта:
— Ну, надумаў да мяне на працу?
— Хто яго ведае...
— Шчэ не-е?
— Чаго цягнеш?
— Усё неяк так...
— Ага, не адважваешся! Усё трусіш! Усё хаваешся! А яшчэ франтавік!
Адно цяпер Лаўрэн успомніў пра школьніц.
— А ў вас, Аляксей Аляксандравіч, вучаніцы былі таксама нядаўна? — ён не без прыемнасці раптам адзначыў, што вайна з гэтым, хоць і былым маёрам ды штабістам, як бы звязала яго назаўсёды адной вяровачкай.— Чаго яны ўздумалі нас перапісваць?
— Каго-о?
— Тых, хто на вайне быў.
— А-а!
Былы маёр паўзіраўся ўдаль ды скрывіўся.
— Сам падумай!
— Хто яго ведае...
— Не здагадваешся?
— Аніяк.
— Ха, ён і не датумкае!
— То скажыце!
— Адстрэл ветэранаў будзе!
Лаўрэн жахнуўся:
— Адстрэ-эл?