Выбрать главу

Падобная на Кіру Ліпа Вацлаваўна аб'явіла:

— Рабяты! Перад вамі зараз выступіць праслаўлены ветэран Вялікай Айчыннай вайны, выступіць усімі ў горадзе паважаны і добра вядомы Лаўрэн Яфімавіч Маркевіч! Давайце ж, рабяты, дружна яму папляскаем — гэтак вітаючы ў нашым класе!

Апладысменты былі рэдкія.

— А цяпер папросім яго ўзяць слова!

Выступаць Лаўрэн надта ж не любіў. Яго здаровы мужыцкі розум быў прызвычаены назіраць ды абдумваць зусім простыя і ясныя з'явы, а сам ён меў звычай гаварыць коратка ды адно пра тое, што накіпела. На розных сходах часамі аніяк не мог злавіць сувязі паміж патокам мудрагелістых слоў, што ліліся і ліліся з вуснаў іншага краса-моўцы на трыбуне, з так зразумелай і простай рэчаіснасцю. У гэтых выпадках, калі яму давалі слова, мазгі Лаўрэна як бы нечым закліньвала, і ён тады рабіўся нібы дурны — стаяў ды маўчаў. Альбо бездапаможна мыкаў. Таму баяўся і ў школу ісці,— угаварыла не толькі нявестка, але і сын з унучкай. Святланцы надта хацелася потым хваліцца дзедам — у школе, у двары.

Бачачы, што шаноўны і «праслаўлены ветэран» не ведае, з чаго пачынаць, тоненькая ў поясе, з белымі кудзеркамі ды ў акулярах на вострым носіку дробненькая маладзічка падказала:

— Лаўрэн Яфімавіч, а вы, калі ласка, зрабіце гэтак, як заўсёды робяць перад намі тут іншыя ветэраны, — раскажыце нам спачатку, на якіх франтах служылі.

Не было куды дзявацца.

Добра адкашляўшыся, тужлівым ды нудным голасам Лаўрэн паціху пачаў:

— Калі ўсё тое было — даўно надто!.. О-ой, даўно-даў-но-о!..

— А ўсё ж такі, смялей давайце!

— Гэто — мо-ожно... Ну, прызвалі нас з вёсак у тутэйшы ваенка-мат сорак чацвёртага восенню. Куды бо гэто? А-а, адтуль ён, здаецца, і цяпер навабранцамі кіруе — за старым паркам, на вуліцы Багда-новіча, дзе гэтак многа алычы расце. А ў тую восень яна надто ж урадлівай была! А восень цёплая, о-ох, урадзі-іла — як жаўтком хто дзеравы абляпіў!.. Усіх тады на ваенкаматаўскім падворку перапісалі. Дактары кожнаго перамералі і на вагу паставілі, як заўша робяць у такіх выпадках. Пераслухалі нас, пераслухалі дый павязлі афіцэры да Бабруйска ў запасны полк. Ну, а там зноў з месяц паганялі, паганялі да сёмых патоў з вінтоўкамі па хвойнічках ля тае самай Беразіны, дзе калісьці французы тапіліса, шчэ крыху пакідалі мы дзеравяных гранат у фанерныя танкі, падзыгалі цераз ровікі ды калючыя драты, пастралялі ў шчыты і тады адправілі ўсіх цяплушкамі пад Варшаву. Ну, і там кватараваліса мы ля Мінска Мазавецкаго. Не ў кватэрах звычайных, вядомо,— у лесе, здаецца, жылі. Ага, сярод сосен старых, у зямлянках. Але ў цёплых і з саломай на нарах нават сухой — выгоду мелі там файную, нічого не скажу. Каб потым заўша так было, ого!..» Але — дзе ты бачыў!.. Часамі было такое, што зара чалавек, успамі-наючы, сам сабе не паверыць!.. Ну, а пасля рускаго Новаго року, сорак пятаго, ужэ і пачалоса ўсё тое — ваяваць усіх падчыстую па-гналі.

Лаўрэн якраз падышоў да самага галоўнага і цікавага. Здавалася б, тут менавіта і трэба перад юнымі слухачамі развярнуцца яму з падзеямі, каб уразіць іхнія чулыя душы. Але ў беднага прамоўцы бытта скончыўся раптам завод ці — не хапіла духу, і чалавек канчаткова замоўк.

Хвіліну панавала цягучае маўчанне.

— А вы на танку ваявалі, на самалёце ці на чым іншым? — з катэгарычнай патрабавальнасцю, нібы ветэран яму нечым абавя-заны, нібы пажылы гэты чалавек нашкодзіў і цяпер выкручваецца, закрычаў з-за першага століка бойкі пуцалаваты хлопчык у форменным пінжачку з чырвоным гальштукам на белай кашульцы.

— Не, не на танку. I не на самалёце.

— На браневіку?

— Бэтээр цяпер называецца, не ведаеш?!

— Які там бранявік!..

— Цішэй, рабяты! Лаўрэн Яфімавіч сам нам раскажа!

Калі нашых салдат прывезлі пад Варшаву, з розных часцей прыбылі афіцэры набіраць сабе папаўненне. Перад Лаўрэнам узнік капітан з эмблемай медыцынскай службы.

«Салдат, ты родам з вёскі? Шчэ і з заходняй? Цудоўна! А лет табе сколькі? Сорак, не ашукваеш? Бо выглядаеш на ўсе пяцьдзесят. Чаму? А-а, мабыць, цябе вусы так стараць! Ладна, паверым. Калі ты з вёскі, канём, вядома, правіць можаш, карміць яго і абыходзіцца ўмееш, вучыць цябе гэтаму не трэба? Так! Ну, і цудоўна — лічы, табе пашанцавала. Забіраю ў свой медсанбат. Будзеш у мяне возчыкам — «вадзіцелем кабылы», як у нас хлопцы кажуць пра такіх. Нашая часць завецца — «Гаспадарка Копысава», як і маё прозвішча. Зразумеў? Запамятай добра — калі згубішся, так будзеш дапытвацца. А цяпер глядзі ўважліва на ўказальнікі, што вісяць на слупах, дрэвах, платах, і зараз жа ў тым кірунку — шагам марш!»