Выбрать главу

Той самы пуцалаваты піянер не адставаў:

— Раскажыце, а як у партызаны набіралі? Прымалі туды ўсіх, хто хацеў?

Ашаломлены пытаннем, Лаўрэн задумаўся. Яго ўзялася выручаць настаўніца зноў:

— Самойла, я ж вам у класе талкавала пра гэта неаднойчы! Мы ўжо з вамі гэта праходзілі і вы павінны ведаць! Забыў? Так слухай! У пачатку вайны, трэцяга ліпеня,— запамятайце гэтую, дзеці, дату назаўсёды, яна вам яшчэ не раз на экзаменах спатрэбіцца, калі станеце потым у інстытуты свае паступаць,— па радыё выступіў да народа таварыш Сталін з заклікам. I тады савецкія людзі адразу пай-шлі ў лес! Цяпер табе ясна?

— Я-асна!

— Зразуме-ела!

— Да Самойлы нічога ніколі не даходзіць!

— Затое — да цябе даходзіць!..

Лаўрэну так і захацелася рубануць: ну, а каб Сталін не выступаў па радыё трэцяга ліпеня, то і партызанаў не было б? Што ты гаворыш, кабета! Але ж змаўчаў — не выпадала ставіць маладую настаўніцу ў няёмкае становішча.

Самойла не здаваўся:

— А вы самі ў партызанах былі?

— Не.

— Чаму?

У класе запанавала насцярожанасць. Ад дзіцячых дапытлівых позіркаў Лаўрэн крыху бы сумеўся ды адчуў сябе вінаватым.

— Не ўсіх туды бралі, бо...

Вучань яму дапамог:

— А-а, ведаю ўжэ! Бо з вашага дома немцы нікога не расстралялі і не было за каго помсціць, праўда?

— Не таму. Бо не ўсіх у партызаны бралі.

— Чаму?

— А чым ты іх узброіш, куды схаваеш — усюды ж вораг! Шчэ — ты пойдзеш, а старых бацькоў, жонку з дзяцьмі куды дзець? Немцы ж іх расстраляюць за цябе ўраз! Слабого, хвораго хто ў лес прыме?.. О-о, каб усім, хто толькі хацеў, можно было туды!.. Сувязным у іх лічыўса... Міхась Васілёк — шчэ даўні мой сябар — заўша да мяне ноччу пры-ходзіў з лесу на хутар... Днём з ім на фурманцы ў Бераставіцу егдзілі пару разоў, да Ваўкавыска. А раз нават і ў Гродно прыягджалі... Калі не мог вязці я, то Міхась з Данілам Кісляком з-за Нёмна егдзіў... Ён быў калекам, немцы на яго падумаць не маглі!.. Мы абодва былі сувязнымі. А з вінтоўкай — толькі на фронце ваяваў. Дый якое было там ваяванне — насіў яе, пачапіўшы за плячо, альбо вазіў, піхнуўшы ў воз пад сено, каб не намакала ды потым не ржавела, бо тады аніяк не дачысцішса.

— А якія вы гераічныя ўчынкі пра сябе ведаеце?

— Учы-ынкі? — сумеўся ветэран.

Клас выбухнуў, як па камандзе:

— Ага-а!

— Гераі-ічныя!

— I стра-ашныя, каб — ы-ы-ых!..

— Альбо — вельмі смешныя!

— I многа-многа раскажыце!

— Мы будзем вас слухаць!

— Гм, пра што вам такое паведаць...

У пачатку лютага медсанбат яго апынуўся каля Пазнані. Каторы тыдзень стаяла макрэнь — марасіў дождж са снегам, і ўсе былі мокрымі. Медсанбат перакідвалі з месца на месца. Яны часта блыталі дарогу, траплялі пад абстрэл. Пачынаюць бухаць снарады, міны, і што тады якому-небудзь пехацінцу — упаў у баразну альбо нырнуў у яміну ці варонку, ляжы сабе ды чакай, пакуль агнявы той вал пранясе. З коньмі так не схаваешся.

I немец тады іх нашаткаваў. Не дай бог колькі!

Перад Лаўрэнавымі вачыма адразу паўстала лагчына над чужой рэчкай, уся заваленая магутнымі конскімі тушамі — з надзьмутымі, як мячыкі, бліскучымі і пацямнелымі ад дажджу жыватамі, з выстаў-ленымі, бытта ўсім напаказ, адшліфаванымі да бляску, падковамі, з якімісьці кплівымі ўсмешкамі, што навечна застылі на вышчараных конскіх зубах, ад чаго і мёртвыя буланыя і буланчыкі, гнядыя і сіўкі, саўрасыя і вараныя ўсё яшчэ як бы заліваліся страшэнным рогатам смерці ды з папрокам крычалі — паглядзіце, людзі, паўзірайцеся, што вы з намі, такія-сякія, зрабілі! Вы паміж сабой аніяк не падзеліце і ваюеце, але ж пры чым тут мы-ы-ы-ы?!

Медсанбат размясцілі нарэшце на нейкім ацалелым хутары. Багатым, мабыць. Мураваныя будынкі гумна, дома, хлявоў, стайняў і свірнаў былі даўзёрнымі ды масіўнымі. Сцены мелі тоўстыя, як у крэпасці, і падворак закрывалі з усіх бакоў. Нямецкая авіяцыя каторы ўжо дзень не паказвалася ўвогуле, таму медыкі, нарэшце, адчулі палёгку — ва ўтульных, цёплых ды з моцнымі сценамі пакоях баўэра заняліся сваёй справай — ратаваннем параненых.

Раем цешыліся нядоўга.

Прарваліся аднекуль ашалелыя нямецкія батальёны ды надумалі ісці акурат на гэты хутар у прыступ. Капітан Копысаў загадаў эвакуацыю. Лаўрэн вывез сваю фурманку ў лес, і якраз тады хутар накрыў артналёт. Пяхота ўжо адышла, а паміж будынкаў засталіся яшчэ тры медсанбатаўскія фурманкі.

Час ішоў, але на падворку не заўважалася аніякага руху. I Лаўрэн нават не стаў чакаць капітанавага загаду — кінуў сваю фуру пад апеку іншых ды пашыбаваў да мураванак. Дзе раўчуком па лёдзе, дзе барознамі. На гладкім, бы сподачак, полі адчуваў сябе як голы, а ўсё ж такі на месца неўзабаве дабраўся цэлым. Толькі шынель пасекла яму ў двух месцах, прастрэлілі халяву, але — глупства. Тое, што ўбачыў, выглядала страшней.