1
Пасля снядання Лаўрэн і сёння пакурыў, патаптаўся крыху ля акна ды зноў адправіўся за гасцініцу «Нёман».
Хоць ляпіў першы снег — густы, сыры і цяжкі, але пад навесамі ў балоневых куртачках і выцертых палітонах, у кажушках і ватовачках, абматаныя хусткамі — аблезлымі і новымі, ваўнянымі і байкавымі, расселіся ўжо на масіўных лаўках з фігурнымі ножкамі з літага чыгуну бывалыя Лаўрэнавыя землякі і зямлячкі.
З-пад Бераставіцы Велькай, Бераставіцы Малой і Бераставіцы-Станцыі. З-пад Свіслачы-горада і Свіслачы-мястэчка. З-пад Ваўка-выска, Шчучына, Воранава, Радуні, Смаргоні, Дзятлава, Ліды і Навагрудка.
Некаторыя старыя былі занадта худыя ці празмерна тоўстыя. Твары мелі зморшчаныя і набрьгаялыя. Валасы — пераважна сівыя, а вочы — выцвілыя ды слязлівыя. Іх таксама дарослыя дзеці выдралі з родных мясцін, прывалаклі ледзь не сілай на гарадскі асфальт у цяплічныя ўмовы, пазбавіўшы хоць якога-небудзь занятку, аддаўшы — хацелі маладыя гэтага ці не хацелі — бязлітаснаму тэрору чужога бацькам асяроддзя,— жыві і не вякай. Толькі чаго не выцерпіць стары чалавек дзеля сваіх дзяцей!
Прытэпаў Лаўрэн пад навесы, прысеў на лаўку і адразу акунуўся ў сваю атмасферу.
— Мой унук жэніцца ў суботу! — пахваліўся ўслых бліжэйшы мужчына ды з гонарам дадаў:
— Надта здольны хлопец. Ох, і башкаві-іты, каб ён здароў быў, які галавасты, ну й далеко пойдзе! I, думаеце, дзе робіць? У аркестры рэстарана ў калгасе «Прагрэс» — у саміх Верцялішках. Заўтра туды з падарункам мушу ехаць.
Яму ніхто не адказаў — занадта асабістую інфармацыю чалавек падаў. Маўляў, а нам якая справа да гэтага — твой унук, твой і клопат.
Побач з Лаўрэнам сядзела распараная ад цеплыні, поўная жанчына з бародаўкай каля носа. На галаву яна наматала столькі хустак, што нармальнаму чалавеку было б страх і падумаць, як такое кола шмотак добраахвотна можна на сябе накруціць ды потым цэлы дзень гэта насіць.
Упакаваная ў хусткі абвясціла сваё:
— А ў маім пад'ездзе ўчора сусед-дырэктар сваю мацеру пахаваў!
Каля поўнай расселася другая пенсіянерка з таксама ахутанай галавой. З падношанага яе паліто фарба злазіла нераўнамерна, таму здавалася, што на кабеціну з верху да нізу хтосьці са свавольнікаў начапіў шкілецікаў ад уюноў.
Каб не павісла ў паветры і гэтая інфармацыя, каб падтрымаць плынь гутаркі, другая пенсіянерка ўжо з перабольшаным здзіўленнем ускрыкнула:
— Ах, бо-ожа, шчэ адна адышла!
— Чаго ты, Зося, хочаш — высакосны ж год! — распрамянёная, удзячная за падтрымку, растлумачыла і заахвоціла астатніх, каб слухалі: — Толькі я хачу зара гаварыць аб іншым. Я — пра тое, як дзеці цяпер бацькоў шануюць — адно пагляньце!
Яе перабіла худая, у старым капелюшы:
— Ого — ушануюць яны цябе, якраз! Таму я і ўпрасіла зяця, каб мяне хаваў толькі на вёсцы — там пашаны старым аддаюць усё ж такі больш!
Худая перашкаджала. Зося неахвотна зыркнула на суседку:
— Ну, ну, кажы, Ліза, расказвай! Памерла дырэктарава маці, гаворыш, і што далей?
— А слухай, збіраюса ж вам расказаць! Пазванілі дактары сыну з больніцы — прыходзь па сваю мамашу ўжэ — небарэка гатовая, царство ёй нябеснае! Дырэктар з рабочымі селі ў грузавічку, заехалі ў той морг ды цело забралі. Труну рабочыя прывязлі з Друскенікаў багатую, о-ой, бага-атую! — нават з бліскучымі ручкамі, бы свіныя вушкі! I завалаклі адразу на пяты паверх да сына. А ў яго дзеці: адной дачцэ — восем, другой — дзевяць. Малых жонка адразу — авэк! —- гуляць на двор, а сама з мужыком узялася прыбіраць свякруху. А нам, суседкам,— ані славечка! Хоць вучоная цытра добро ведала, сколькі разоў да яе старой мы хадзілі цэлым гуртам у больніцу, кампотаў ды яблык прыносілі.
— Ці ж толькі туды?! — дапамагла памочніца з выцертымі ніткамі на паліто. Нябожчыца дома не мела ні з кім і словам перакінуцца — усе такія вучоныя ды важныя ў іх!.. Выседжвалі пару гадоў мы разам ля пад'езда ды пра шчасце гаварылі. Бо кожная з нас яго аднолькава шукала. Цэлую жызню мы шукалі і шукалі, бы тую папараць-кветку, і што? Ніводная шчасця таго так і не ўбачыла. Дачка магла нас клікнуць ці праз дзяцей наказ даць. Напэўно. Але зараз я пра іншае. Ну, добро, не паклікала да нябожчыцы, то мы плакацца не сталі — ліхо цябе бяры!
— Ёй жа і горш — усё ж такі дапамаглі б!
— Вядо-омо! Шчэ як дапамаглі б! А яна — унь што выхінула! Аблаяла мужыка, што не прымусіў хірурга ў больніцы зняць у пакой-ніцы залаты пярсцёнак, і давай яе прыбіраць. А малым надто ж цікаво, што робіцца дома. Малыя ўсё наравяць у кватэру ўбіцца — хоць ты што хочаш рабі з імі! Маці сунула дочкам па тры апельсінчыка і ўжэ рамянём паперла на вуліцу.