Выбрать главу

Аляксандар Пушкін

Казка пра рыбака і рыбку

Жыў стары са сваёю старою Ля самага сіняга мора; Жылі яны ў старэнькай зямлянцы Роўна трыццаць год і яшчэ тры. Стары лавіў невадам рыбу, Старая прала сваю пражу. Раз у мора закінуў ён невад. Прыйшоў невад з адной тванню. Ён другі раз закінуў невад, Прыйшоў невад з травою марскою. Трэці раз закінуў ён невад, Прыйшоў невад з адною рыбкай, З няпростаю рыбкай, залатою. Як узмоліцца залатая рыбка, Голасам кажа чалавечым: «Адпусці ты, дзеду, мяне ў мора, Дарагі за сябе дам выкуп: Адкуплюся, чым сам пажадаеш». Дзіву даўся стары, напужаўся: Ён рыбачыў трыццаць год і яшчэ тры І не чуў, каб рыба гаварыла. Адпусціў ён рыбку залатую І сказаў ёй ласкавае слова: «Бог з табою, залатая рыбка! Выкупу твайго мне не патрэбна; Ідзі сабе ў сіняе мора, Гуляй там сабе на прасторы». Вярнуўся стары дахаты, Расказаў старой вялікае дзіва: «Я сягоння злавіў быў рыбку, Ды не простую, а залатую; Па-нашаму гаварыла рыбка, Дамоў у мора сіняе прасілася, Дарагою цаною адкуплялася: Адкуплялася, чым толькі пажадаю. Не пасмеў я ўзяць з яе выкуп, Так пусціў яе ў сіняе мора». На старога старая напала: «Ах ты, дурань стары, недарэка! Не ўмеў ты ўзяць выкупу з рыбкі! Хоць бы ўзяў ты з яе карыта, Наша вунь зусім раскалолася».
Вось пайшоў ён да сіняга мора.
Бачыць: мора злёгку разгулялася. Стаў ён клікаць залатую рыбку. Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка, Дужа лае мяне мая старая, Не дае мне, старому, спакою: Патрэбна ёй новае карыта; Наша, бач, зусім раскалолася». Кажа дзеду залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам. Будзе вам новае карыта». Вярнуўся стары дахаты, А ў бабы новае карыта. Яшчэ горай злуецца старая: «Ах ты, дурань стары, недарэка! Выпрасіў, дурань, карыта! Ці ж многа з карыта карысці? Вярніся, дурніца, да рыбкі, Пакланіся ёй, выпрасі хату».
Вось пайшоў ён да сіняга мора (Памутнела сіняе мора), Стаў ён клікаць залатую рыбку, Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка: Яшчэ горай злуецца старая, Не дае мне, старому, спакою; Хату просіць сварлівая баба». Кажа дзеду залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам. Так і быць: хата вам будзе».
Пайшоў ён да сваёй зямлянкі, А зямлянкі няма ўжо і следу; Перад ім хата са святліцай, З цагляным комінам белым, З дубовай дашчанаю брамай. Старая сядзіць пад акенцам, На чым свет стаіць мужа лае: «Ах ты, дурань стары, недарэка! Выпрасіў, недарэка, хату! Вярніся, пакланіся рыбцы: Не хачу быць чорнай сялянкай, Хачу быць сталбавою дваранкай». Пайшоў стары да сіняга мора (Неспакойна сіняе мора); Стаў ён клікаць залатую рыбку, Прыплыла к яму рыбка, спытала: «Чаго табе трэба, дзядуля?» Ёй з паклонам стары адказвае: «Злітуйся, матухна рыбка: Яшчэ горш уздурэла старая, Не дае мне, старому, спакою: Ужо не хоча быць яна сялянкай, Хоча быць сталбавою дваранкай». Кажа дзеду залатая рыбка: «Не журыся, ідзі сабе з богам».
Вярнуўся стары дахаты, Што ж ён бачыць? Высокі церам. На ганку стаіць яго старая У дарагой сабалінай душагрэйцы, На галаве парчовая хустка, Жамчугі агрузілі шыю, На руках залатыя пярсцёнкі, На нагах чырвоныя боцікі. Перад ёю старанныя слугі; Яна б'е іх, за чуб цягае. Кажа стары сваёй жонцы: «Добры дзень, пані дваранка! Ну, цяпер твая душачка здаволена». На яго прытупнула старая І на стайню служыць яго паслала.
Гэтак тыдзень, другі мінае, Яшчэ горш уздурыла старая; Зноў да рыбкі старога пасылае: «Вярніся, пакланіся рыбцы: Не хачу быць сталбавою дваранкай, А хачу быць вольнаю царыцай». Напужаўся стары, узмаліўся: «Ці не з глузду ты з'ехала, баба? Ні ступіць, ні сказаць што не ўмееш, Насмешыш ты цэлае царства». Узлавалася горш старая, Па шчацэ ударыла мужа: «Як ты смееш, мужык, спрачацца са мною, Са мною, дваранкай сталбавою? Ідзі да мора, дабром табе кажуць; А не пойдзеш - павядуць паняволі».
~ 1 ~