— Якая гучная песня! — сказаў кааці ў захапленні. — І якія, напэўна, вялікія яйкі павінны быць у такой птушкі!
Спеў пачуўся зноў. І тады кааці кінуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткі, не разбіраючы дарогі, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзілася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак і паглядзеў у поле. Удалечыні стаяў чалавечы дом, і побач ён убачыў чалавека ў ботах, які вёў на повадзе каня. І яшчэ ён убачыў вялікую птушку, якая спявала. Тады кааці пляснуў сябе па лбе і сказаў:
— Ну, які я недарэка! Я цяпер успомніў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калі мы сядзелі на дрэве. Пеўні вельмі хораша спяваюць, і ў іх шмат курэй, якія нясуць яйкі. Вось бы паесці гэтых курыных яек!
Усім вядома — нішто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкі. І хоць на адну хвілінку маленькаму кааці ўспомнілася парада, якую дала яму маці, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску і пачаў чакаць, калі добра сцямнее, каб пралезці ў куратнік.
Нарэшце апусцілася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нічагуткі было не чуваць. Маленькі кааці вельмі ўзрадаваўся, што зараз зможа з'есці сто, тысячу — не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступіў у куратнік і першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлі. Спачатку ён вырашыў пакінуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было ладнае. Але ў яго пацякла сліна, і ён, не ўтрымаўшыся, схапіў яйка зубамі.
Ледзь толькі ён гэта зрабіў, як ТРЭСЬ! — страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, і ён адчуў невыцерпны боль.
— Мама, мама! — закрычаў ён, не ведаючы што рабіць ад болю.
Але ён быў як прыкуты да месца! І ў тую ж хвіліну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.
Тым часам, калі кааці сядзеў на ўзлеску і чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезці ў куратнік, гаспадар дома забаўляўся на саломе са сваімі дзецьмі, белагаловымі хлопчыкам і дзяўчынкай пяці і шасці гадоў. Яны смяяліся, бегалі, падалі, смеючыся ўставалі і зноў падалі. І бацька таксама падаў, на вялікую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталі дурэць, бо была ўжо ноч, і гаспадар сказаў:
— Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазіць і душыць куранят ды крадзе яйкі.
Ён пайшоў і паставіў пастку. А потым яны павячэралі і палеглі спаць. Але дзеці спаць не хацелі, яны скакалі з ложка на ложак і блыталіся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоі і не перашкаджаў ім. Але раптам дзеці перасталі скакаць і крыкнулі:
— Тата! У пастку трапіла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!
Бацька дазволіў, але з умоваю, што яны абуюць сандалі, бо вакол было шмат гадзюк і цёмначы дзецям забаранялася хадзіць босымі.
Яны пайшлі. І што ж яны ўбачылі? Яны ўбачылі, што бацька нахіліўся і, стрымліваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост і падняў кааці. Кааці быў яшчэ зусім маленькі і ўвесь час пранізліва, як цвыркун, вішчаў.
— Тата, не забівай яго! — папрасілі дзеці. — Ён зусім маленечкі! Аддай яго нам.
— Добра, бярыце, — адказаў бацька. — Але добра даглядайце за ім, і сама галоўнае — не забывайцеся, што кааці, як і вы, п'юць ваду.
Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалі мяса з халадзільніка, а вады не давалі, і ён здох.
І вось цяпер кааці запусцілі ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот і якая стаяла каля куратніка. А самі зноў пайшлі спаць.
Мінула поўнач, і вакол апала глыбокая цішыня. Але маленькі кааці, які вельмі пацярпеў ад зубоў пасткі, не мог заснуць. І раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялікія цені, якія асцярожна падкрадаліся да яго. Сэрца ў няшчаснага кааціка затрымцела, бо ён пазнаў маму і сваіх двух братоў, якія яго шукалі.
— Мама, мама! — паклікаў палоннік вельмі ціхенька, каб не нарабіць шуму. — Я тут! Вызваліце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...
І ён несуцешна заплакаў.
Нягледзячы на ўсё, што здарылася, кааці былі задаволеныя, бо яны такі знайшлі адно аднаго і лашчыліся цяпер пысамі.
Яны адразу паспрабавалі вызваліць палонніка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылі былі перагрызці драцяную сетку, і ўсе чацвёра накінуліся на яе зубамі. Але ў іх нічога не выйшла. І тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. І яна сказала:
— Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такія прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напільнікі. У іх тры бакі, як скура ў грымучай змяі, і імі водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!
Яны пайшлі ў чалавекаву майстэрню і вярнуліся адтуль з напільнікам. Разумеючы, што аднаму сілы не хопіць, яны ўзяліся за напільнік утраіх, і праца пачалася. Яны так захапіліся, што нават не заўважылі, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца і страшна грыміць. Яны нарабілі такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся і хрыпла забрахаў. Але кааці вырашылі не чакаць, пакуль іх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, і, кінуўшы напільнік, уцяклі ў лес.