Пчолы — насякомыя вельмі сур'ёзныя. І таму іх урэшце пачалі абураць такія паводзіны іх сястры. Каля ўвахода ў вулей заўсёды дзяжурыць некалькі вартаўнічых пчол, якія глядзяць, каб у вулей не запаўзлі казуркі. Звычайна гэта сама старыя пчолы, якія ўжо добра дасведчаныя ў жыцці. Спіны ў іх зусім голыя, бо яны ўвесь час труцца аб дзверы вулля і выціраюць у сябе на спінах усе валаскі.
І вось аднойчы вартаўнічыя пчолы спынілі гультаяватую пчолку каля ўвахода і сказалі ёй:
— Сястра, ты павінна працаваць, бо ўсе мы, пчолы, заўсёды працуем.
Пчолка адказала:
— Але я ўвесь дзень лётаю і вельмі стамляюся.
— Справа не ў тым, што ты вельмі стамляешся, — сказалі пчолы, — а ў тым, што ты павінна хоць крыху працаваць. Глядзі, мы папярэджваем цябе першы раз.
І сказаўшы гэта, яны прапусцілі яе.
Але гультайка не падумала выпраўляцца. І наступным вечарам вартаўнічыя пчолы сказалі ёй зноў:
— Сястра, ты павінна працаваць.
А яна адразу адказала на гэта:
— Ну добра, днямі пачну.
— Не, не днямі, — сказалі пчолы, — а заўтра. Запомні гэта.
І яны ўпусцілі яе і гэты раз.
Але наступным вечарам паўтарылася тое самае. І не паспелі вартаўнічыя пчолы ёй што-небудзь сказаць, як пчолка сама ім крыкнула:
— Добра, добра, сёстры! Я памятаю, што паабяцала!
— Справа не ў тым, ці памятаеш ты абяцанне, — адказалі ёй вартаўнічыя пчолы, — а ў тым, каб ты працавала. Сёння 19 красавіка. Дык вось, пастарайся заўтра, 20 красавіка, прынесці хоць бы кропельку мёду. А цяпер праходзь.
І сказаўшы гэта, яны саступілі ўбок, прапускаючы яе ў вулей.
Але і 20 красавіка прайшло марна, як і ўсе ранейшыя дні, з той толькі розніцаю, што, калі сонца пачало апускацца, надвор'е сапсавалася і падзьмуў халодны вецер.
Гультаяватая пчолка хуценька паляцела да вулля, думаючы, як ёй будзе ў ім цёпла. Але калі яна сабралася ўвайсці, вартаўнічыя пчолы не ўпусцілі яе.
— Нельга! — цвёрда сказалі яны.
— Я хачу ўвайсці, — пачала румзаць пчолка. — Гэта мой вулей.
— Гэта вулей добрых і працавітых пчол, — адказалі ёй вартаўнічыя. — Гультайкам сюды ўваход забаронены.
— Я заўтра абавязкова пачну працаваць, — папрасілася пчолка.
— У тых, хто не працуе, заўтра няма, — адказалі пчолы, якія былі добра знаёмыя з філасофіяй.
І з гэтымі словамі яны выштурхалі яе прэч. Не ведаючы што рабіць, пчолка яшчэ трошкі палётала вакол вулля, але надыходзіла ноч і ўжо амаль нічога не было бачна. Яна хацела зачапіцца за ліст, але павалілася на зямлю. Ад халоднага ветру ў яе здранцвела ўсё цела, і яна ўжо зусім не магла лятаць.
Тады яна папаўзла па зямлі, пералазячы цераз палачкі і каменьчыкі, якія здаваліся ёй цэлымі горамі, і калі дапаўзла да ўвахода ў вулей, з неба пачыналі падаць халодныя кроплі дажджу.
— Ах, Божухна! — закрычала няшчасная. — Ідзе дождж! Я памру ад холаду.
І яна паспрабавала ўвайсці ў вулей. Але ёй зноў заступілі дарогу.
— Прабачце мне! — зарумзала пчолка. — Дазвольце ўвайсці!
— Позна! — адказалі ёй вартаўнічыя пчолы.
— Сёстры, калі ласка! Мне хочацца спаць!
— Позна! — зноў быў ёй адказ.
— Сяброўкі, мне холадна! Злітуйцеся!
— Немагчыма!
— Даруйце астатні раз! Я памру!
Тады вартаўнічыя пчолы сказалі:
— Не, ты не памрэш. Але за гэтую ноч ты даведаешся, што такое адпачынак, зароблены працаю. А цяпер — ідзі.
І яны выштурхалі яе.
Дрыжачы ад холаду, спатыкаючыся, з мокрымі крыламі, пчолка папаўзла прэч. Яна паўзла і паўзла, пакуль раптам не правалілася ў нейкую дзірку. А дакладней, гэта была не дзірка, а цэлая пячора, і пчолка пачала ў яе падаць.
Ёй здалося, што яна не перастане падаць ніколі. Але ўрэшце яна апынулася на дне і ўбачыла якраз перад сабой вялікую гадзюку — зялёную змяю са спінай чырвона-цагельнага колеру. Гадзюка ляжала, скручаная ў клубок, і пазірала на пчалу, гатовая на яе скочыць.
Папраўдзе тая пячора была дуплом у старым дрэве, і гадзюка зрабіла ў ім сваё логвішча.
Трэба сказаць, што змеі вельмі любяць пчол, бо пчолы для іх — вялікі ласунак. Таму, калі пчолка апынулася перад сваім ворагам, яна заплюшчыла вочы і шэптам прамовіла:
— Бывай, маё беднае жыццё! Сёння апошні раз мне давялося бачыць святло...