— Не пройдзе, не пройдзе! — закрычалі кайманы і кінуліся да плаціны кожны на сваё месца каля бярвення.
Новы параход, як і ранейшы, спыніўся воддаль і таксама спусціў лодку, якая падплыла да плаціны.
У лодцы сядзелі афіцэр і восем матросаў.
Афіцэр крыкнуў:
— Гэй, кайманы!
— Што? — адказалі тыя.
— Не прыбераце плаціну?
— Не!
— Не?
— Не!
— Добра, — сказаў афіцэр. — Тады мы разбурым яе гарматамі.
— Бурыце! — адказалі кайманы.
І лодка вярнулася да судна.
А той карабель мышынага колеру быў ваенны параход, браняносец з вялікімі страшнымі гарматамі. І мудры стары кайман, які аднойчы плаваў да самага мора, раптам успомніў пра гэта і ледзь паспеў крыкнуць іншым кайманам:
— Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра!
Кайманы адразу зніклі пад вадою і паплылі да берага. Там яны і засталіся, высунуўшы з вады толькі насы ды вочы. У тую ж хвіліну з карабля вылецела вялікае белае воблака дыму і магутны артылерыйскі снарад трапіў у самую плаціну, акурат усярэдзіну. Два ці тры бервяны разляцеліся ў трэскі, але тут жа ўпаў другі снарад, а потым яшчэ і яшчэ, і кожны нішчыў ушчэнт кавалак плаціны, пакуль ад яе нічога не засталося. Ні бервяна, ні трэскі, ні кары. Усё было разбурана гарматамі браняносца. І кайманы, якія сядзелі ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькі насы ды вочы, моўчкі глядзелі, як паўз іх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель.
Потым кайманы вылезлі на бераг і сказалі:
— Мы зробім другую плаціну, яшчэ большую, чым была.
І тым жа вечарам і тою ж ноччу зрабілі новую плаціну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглі спаць і спалі да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў і спушчаная з яго лодка не наблізілася да плаціны.
— Гэй, кайманы! — крыкнуў ім афіцэр.
— Што трэба? — адказалі кайманы.
— Прыбярыце гэтую новую плаціну!
— Не прыбяром!
— Мы разбурым яе снарадамі, як і тую!
— Разбурайце, калі зможаце!
Яны адказвалі так ганарыста, таму што былі ўпэўненыя, што іх новую плаціну не змогуць разбіць нават усе гарматы свету разам.
Але праз хвіліну карабель схаваўся ў дыме, і якраз на сярэдзіне плаціны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялі разрыўнымі. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў іх у паветра і разнёс вялізныя ствалы на дробныя трэскі. Другі снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзін кавалак плаціны. І так яны білі і білі, пакуль ад плаціны нічога-нічагуткі не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, і людзі смяяліся з іх.
— Што ж, — сказалі кайманы, вылазячы з вады. — Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды і туды і рыбы ўжо ніколі не вернуцца.
І яны замаркоціліся, таму што маленькія кайманчыкі прасілі есці.
Тады стары кайман сказаў:
— У нас яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Хадземце да Сома. Мы з ім разам плавалі ў вандроўку да мора, і ў яго ёсць тарпеда. Ён некалі бачыў бой паміж двума параходамі і прыцягнуў неразарваную тарпеду сюды. Давайце папросім у яго гэтую тарпеду, і хоць ён на нас, кайманаў, злуе, але ў яго добрае сэрца і ён не захоча, каб мы ўсе памерлі.
А ўсё ў тым, што некалі даўно, шмат гадоў назад, кайманы з'елі Сомава пляменніка, і з таго часу ён не хацеў з імі размаўляць. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, яны адразу выправіліся да Сома, які жыў у вялікай пячоры ў беразе ракі Параны і заўсёды спаў побач са сваёю тарпедай. Самы бываюць даўжынёй аж на два метры, і гаспадар тарпеды якраз быў такі.
— Гэй, Сом! — крыкнулі яму кайманы ад увахода ў пячору, бо не адважваліся ўвайсці, памятаючы пра гісторыю з ягоным пляменнікам.
— Хто там мяне гукае? — спытаў Сом.
— Гэта мы, кайманы!
— Не маю і не хачу мець з вамі ніякае справы, — сярдзіта адказаў Сом.
Тады стары кайман усунуўся трошкі ў пячору і сказаў:
— Сом, гэта я. Я твой сябар — той, што вандраваў з табою да мора.
Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры.
— Ага, а я цябе не пазнаў, — ужо лагодней прамовіў ён да свайго старога сябра. — Што ў цябе?
— Мы прыйшлі папрасіць у цябе тарпеду. Тут па нашай рацэ ходзіць ваенны карабель, які палохае рыб. Гэта браняносец. Мы зрабілі плаціну, але ён яе знішчыў. Тады мы паставілі другую, дык ён і гэтую разбурыў. Рыбы ўсе да адной уцяклі, і цяпер мы памром з голаду. Дай нам тарпеду, і мы знішчым гэты карабель.
Пачуўшы гэта, Сом надоўга задумаўся і потым сказаў:
— Добра, я дам вам тарпеду, хоць я не забыў, што вы зрабілі з сынам майго брата. А ў вас хто ўмее тарпеду ўзрываць?