Выбрать главу

Францішак Багушэвіч

Кепска будзе!

Як я толькі нарадзіўся - Бацька сказаў: «Кепска будзе!» Ну дык жа ж не памыліўся: Здзекавалісь Бог і людзе. А чым кепска? - бо на марцы Я радзіўся (пост праўдзівы, Цяжкі месяц гаспадарцы. Як пражыў хто, - будзе жывы). Пераеўся хлеб да крышкі, Бульбы толькі як пасеяць, І прыварку* ані лыжкі, І скаціна - хоць развеяць; Ні саломкі, ні то сена, Хоць бы на раз для скаціны; А тут дроў ані палена, А тут яшчэ нарадзіны! Трэба ж бабе бохан хлеба І гарэлкі ж трэба пляшку, Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба... Вот і думай, як сярмяжку Нясці жыду пад заставу* Ці прадаць каня, кароўку? «Сеў, - казаў ён, - я на лаву, Узяўшыся за галоўку, І заплакаў, аж заліўся, Так, як бацьку пахаваўшы... Кепска зрабіў, што радзіўся, Кепска будзе, свет пазнаўшы!» Ці то слова йшло урокам, Што сказаў у кепскім часе, Ці хто кінуў такім вокам?.. Ну і доля ж удалася! І збылося ж бацькі слова! Вот у тыдзень вязуць гэта Хрысціць мяне да Макрова Кумоў двое і кабета. У Аборках* мост сарвала, А я ж быў - чуць жывы, слабы. Рада - ў раду, на тым стала, Што ахрысцяць з вады бабы. З Беразіны* жменяй вады Кума сама зачарпнула, Паматала сюды-туды. Трэйчы на мяне лінула. «Вот і хрэст увесь тут, - кажа, - І ксёндз хрысце гэтаксама, Толькі яшчэ чымсь памажа, А хлопцу ўсё роўна - яма! Хоць бы жывым хоць давезці, Каб дарогай не сканала, - Скажуць - кепска вязла гдзесьці Або туга спавівала!..» Гэтак мяне пахрысціўшы, Вязуць назад ужо да маткі, Вочы добра пазаліўшы, Ледзьве уняслі да хаткі. Закусіўшы тут як трэба, Пакумаліся, і квіта: Баба ўзяла бохан хлеба, Пляшку водкі, торбу жыта; Разышліся і паснулі. Матка ж мяне калыхае: «Люлі, - шэпча, - сынок, люлі...» А як зваць? - сама не знае. Вот назаўтра спазарання Бяжыць матка да кумошкі Ды пытае: як празванне Далі сыну? Лёну трошкі Тут прынесла пры здарэнню, Трошкі сала, круп са жменю... А кума ж была праворна: Хоць што збрэша - не запнецца; Круце сабе ў сенях жорна, Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца? «Імя, - кажа, - твайму сыну Ксёндз хацеў даць па кантычцы, Думаў ён, можа, з гадзіну, Узяў ксёнжку, як стаў рыцца, Дык даў потым з каліндарка»*! Матка прандзей з хаты ў сені, Як бы цівун гнаў па карку, Усё шэпча то імене: «Аліндарку, Аліндарку!» Прыляцеўшы так дадому, За калыску узялася І зрадзела, як святому, Што аж слязьмі залілася. І калыша, і галосе: Надта імя спадабала, Надта добрае здалося, Што такога і не знала! Вот і клікаць мяне сталі Скаліндаркай, Аліндаркай... Ну, як зналі, так і звалі. Але вот што з гаспадаркай? Наперш конь здох таго ж лета, І цялушка, як лань, пала... Матка ж, ведама, кабета, Затужыла і запала, Гадкоў зо тры пацягнула, Ў марцы й ручанькі згарнула. (А ўсё ў марцы, трэба ж гэта! А разумная была кабета!) З таго гора бацька бедны Стаў маркотны, як магіла. Было сядзіць такі бледны... «Што ж ты гэта нарабіла?!» Гэтак скажа і заплача. (Хто ж пачуе, хто забача?) Потым дай памалу сватаць; Трэба ж, ведама, жаніцца, Каб было каму палатаць, Каб было у што змяніцца, А так усё памарнела: Куры, гусі, навет свінне. І свіння дзяцей паела, І карова марне гіне... Увосень давай шукаць пары, Ды ніводная не хоча; Аднэй бедны, другой стары, Трэця, чорт ве - што тароча: «Аддай, - кажа, - Аліндарку Куды-кольвек хоць на людзе, Сядзь на нашу гаспадарку, Тагды выйду, добра будзе!» Бацька кідаўсь зо тры тыдні, Яшчэ горай зажурыўся, Прадаў сякі-такі злыдні*, Разлайдачыўся, распіўся І умёр так пад гародам, Устраміўшы ў плот галоўку! Шапку найшлі аж за бродам І у шапцы залатоўку. А назаўтра прывёў соцкі Асэсара, паноў трое. Труп той зрэзалі на клёцкі... (А у марцы ж было й тое!) Мяне цётка, у апеку Ўзяўшы, трошкі падрасціла Ды якомусь чалавеку, Як за сына, адпусціла. Незадоўга змёрла цётка, Я стаў круглая сіротка. Ці гдзе днюю, ці начую, А ўсё бяду сваю чую! Пастухі збяруцца ў гаю, Пяюць песні ля бярозы, А мне чагось, сам не знаю, Смутна, цяжка, цякуць слёзы. Рос я гэтак за вачыма, Ужо трэйчы спавядаўся, Калі зімой да айчыма Ды ураднік заблукаўся. Я сяджу сабе на печы, Пляту лапці, ўю аборы, Ён паказуе праз плечы: «Што-то сын твой, - кажа, - хворы?» «То не сын! - айчым той кажа. - Ўзяў сіротку; дзякуй Богу, Добры ўдаўся: позна ляжа, Рана ўстане і адлогу Не запусце... спагадлівы; Маю сына, хоць не родны. Ажаню, як буду жывы, Будзе Богу й людзям годны!» «А лет сколькі?» - той пытае. «Дваццаць, - кажа, - мусіць, мае?» «А зваць як?» - «Да Каліндарка!..» Ратнік піша усё шпарка. Як радзіўся, гдзе хрысціўся?.. Пісаў, пісаў дый паехаў! Бацька яго угасцілі, Далі торбачку гарэхаў... После таго, так не далей, Як у тыдзень і асэсар Шусць у хату (і з мадаляй). «А гдзе, - кажа, - той пасэсар, Твой Ліндарка, ці як звецца, Што хаваецца з някруцтва, Пляцець лапцікі на печцы?.. Ашуканства, баламуцтва!..»