Выбрать главу
Вот назаўтра рана-рана Нам адзежка наша дана; Паскідалі мы сярмягі, Салдат узяў дзве бумагі, Нас звязалі - і ў дарогу!.. Я падумаў: «Дзякуй Богу! Хоць нас слоначка сагрэе! Вецерчык на нас павее! Можа, дожджык срыбны змоча! Можа, пташка засвяргоча?..» Аж заплакаў я, зрадзеўшы! От, здаецца б, і не еўшы Быў бы сыты на свабодзе, Як той кролік у гародзе. Тут, здаецца, і сканаў бы, За свабоду жыццё б даў бы!
Скаўроначкі Бога хваляць, А пастушкі агонь паляць, А і слоначка прыгрэла, Аж мне ў душы паяснела. Да палудня ішлі гэтак, Пры дарозе шмат і кветак: То пралескі, то сасонка, Выгравае Божа слонка! Так пад вечар ў мейсцы сталі, У халоднай начавалі, - Было позна. Заўтра зрання, Якраз у дзень Звеставання*, Клічуць мяне да дапросу (Задаваць-то ужо чосу!). Той судзебнік маладзенькі, Такі быстры, хоць маленькі, Ўсё пытаецца ды піша І нагой усё калыша. Як спытаўся мяне, хто я? Я і спомніў сабе тое, Як вучыў там той з астрога: «Знаць не знаю я нічога!» І старога тут клікнулі, Папыталіся, раскулі І дадому павярнулі. А мне кажа: «Ты, брадзяжка, Сакрыў званне, будзе цяжка: Сорак розаг, потым роты! Скажы лепей - адкуль, хто ты?» А ўсё піша, піша, піша І нагой усё калыша. Пісаў, пісаў, даў другому І сам пайшоў кудысь з дому. Мяне зноў жа да астрогу, Толькі цяпер, дзякуй Богу, Адзінокі я застаўся. Айчым плакаў, як жагнаўся. «Помні, - кажа, - мяне, сыну, А я хіба што сам згіну, А цябе вярну да вёскі, Хіба б ужо гнеў быў Боскі Або б Праўда гдзесьці змёрла! Вырву цябе ім із горла: Бог паможа, проці сілы Праўда выйдзе, як з магілы!» Сказаў гэта, пакланіўся Ды ізноў слязьмі заліўся. І мне стала ў вачах цьмяна, Зашчымела ў сэрцы рана, Як бы штосьці адарвала, Сам не знаю, што мне стала? Калі гляну, ачунеўшы, - Я ў шпіталі, захварэўшы... Галава мая абрыта, Твар вадой ці чым абліты, А піць хочацца... здаецца, Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ! Так я праляжаў тры тыдні, Прадаў усе свае злыдні; Надта есці стаў памногу І паправіўсь, дзякуй Богу! Я ж тут ляжу, і ні рэчы, Што там стары гаспадара. А ён торбу ўзяў на плечы, Па начальству просьбы жара! Трэйчы Вільню, сем раз Ліду Ён адведаў. Трэба ж ведаць, - Прысягнуў, покі я выйду, Навет дома не абедаць! Раздабыў усе паперы, Запісаў мяне у сказку... Што і бацька б, можа, шчэры Не зрабіў такую ласку. Так увосень, ў замарозкі Прывялі мяне да вёскі, Пазбіралі шмат суседаў!.. Кожны гаварыў, што ведаў: Як я тут, калі радзіўся, Як і бацька мой жаніўся... Паказалі усё чыста, І што імя мне Каліста, Што завуць мяне Ліндарка, Так, на смех, што чыста гол, Як ліндар, што на фальварку: Весь маёнтак - ён ды вол. Асэсар быў ужо новы, Чалавечак так, нічога, Якісь ціхі, нездаровы І цярплівы... хваліць Бога! Пасля таго праз паўгоду Ў марцы ж мяне на свабоду, Дзякуй Богу, адпусцілі У той дзень, як і хрысцілі.