Выбрать главу

А новая ноч прынесла новую галаваломную загадку. Кіб, які знаходзіўся на самым дальнім пасту, раптам на паўслове спыніў перадачу. Аўтаматычны пульт адразу накіраваў да яго рамонтнага робата. Але і той, як толькі дабраўся да месца, абарваў сувязь. Галай счакаў хвіліну, другую. Робат маўчаў. I ён пайшоў сам.

Кібы ляжалі нерухомыя — і той, што быў тут раней, і той, што прыйшоў на дапамогу. У абодвух чамусьці былі пустыя атамныя батарэі, быццам нехта адным махам выграб адтуль усю энергію, запасаў якой звычайна хапала на некалькі тысяч гадзін.

Галай агледзеўся. Ноч, густая ад чарнаты, з якой не маглі саўладаць нават яркія калматыя зоркі, падступала з усіх бакоў, хаваючы ў сабе незразумелую таямніцу. З’ява рабілася ўжо небяспечнай. Упершыню Галай адчуў, як халодныя мурашкі папаўзлі па спіне.

Назаўтра апусцелі батарэі яшчэ трох кібаў. Стала ясна, што гэта не выпадак, што некаму, відаць, спатрэбілася іх энергія. Але каму? У пошуках адказу на гэта пытанне Антон аблазіў ці не ўсе горы вакол базы і зноў не заўважыў нічога падазронага.

А неўзабаве здарылася яшчэ горшае: ураз абясточыліся батарэі ўсюдыхода і робатаў, якія знаходзіліся за межамі базы. Пазбаўлены памочнікаў, Галай адчуў сябе бездапаможным, бяссільным супраць гэтай выпадковай, а можа, і варожай з’явы. Нібы нехта распачаў на яго планамернае наступленне. I яшчэ ён падумаў, што хутка прыбудзе экспедыцыя. Таварышы высадзяцца, выгрузяць тэхніку, абсталяванне, пабудуюць абсерваторыю, лабараторыі. А потым аднойчы прачнуцца ў асяроддзі мёртвай тэхнікі. I ніхто ўжо не зможа вярнуцца на Зямлю.

Адчуванне непапраўнай віны ахапіла Галая. Ён не меў права, не ўпэўніўшыся ў бяспецы да канца, пасылаць сваё паведамленне. I пакуль не позна, трэба папярэдзіць таварышаў. Сігнал яшчэ застане іх у дарозе. Аб тым, што ён сам сабе адразае шлях да вяртання, Галай не думаў. Заклапочаны толькі адным — хутчэй выйсці на сувязь з зоркалётам, ён кінуўся ў апаратную.

Жоўтыя, чырвоныя, сінія індыкатары на пульце свяціліся, жылі і супакойвалі. Галай настроіў хвалю, адшукаў раён прасторы, дзе зараз павінен быў знаходзіцца карабель, і пачаў кадзіраваць тэкст паведамлення.

Ціхі шолах прымусіў яго падняць галаву. Зірнуўшы, ён спачатку падхапіўся, а потым бездапаможна сеў зноў. Па аголеных правадах з лёгкім шыпеннем струменіліся блакітныя змейкі. Галоўная энергія базы беззваротна вылятала ў прастору, адразаючы яго ад Сусвету.

Гэта быў такі ўдар, пасля якога Галай не адразу апамятаўся. Абхапіўшы галаву рукамі, ён доўга сядзеў, не маючы сілы сабрацца з думкамі. Да рэчаіснасці яго вярнуў вокліч апошняга кіба, якога Антон, быццам прадбачыў гэту сітуацыю, не выпускаў з памяшкання. Кіб стаяў ля незацененага акна і варушыў кароткімі антэнамі-вусікамі. Галай падышоў да яго і выглянуў у чорную ноч.

За акном у бледным мігценні буйных зорак ледзь прыкметна вырысоўваўся высокі горны хрыбет. Гэты малюнак Галай бачыў ледзь не кожны вечар, у ім не было нічога незвычайнага, ён стаў прывычным. Аднак сёння, зараз, на ім штосекунды з’яўлялася нешта новае. Вось вяршыні гор зрабіліся больш акрэсленымі, пабялелі. I раптам за імі ўспыхнула светлая пляма. Яна разгаралася і неўзабаве ўжо ахапіла ці не паўнеба, ператварыўшыся ў сапраўднае зарыва. А яшчэ праз імгненне ярка-яркая блакітная паласа, скіраваная кудысьці ў бясконцасць, прарэзала ноч. Паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж мёртвым святлом, уражваючы магутнасцю і фантастычнасцю.

Відовішча працягвалася не больш хвіліны. А потым ноч зрабілася яшчэ чарнейшай. I Галай, аслеплены блакітным ззяннем, не адразу заўважыў на схілах гор колішнія чырвоныя агеньчыкі.

— Вы зноў тут! — злосна ўсклікнуў Галай. — Але цяпер я злаўлю вас! Хоць аднаго! — Прыхапіўшы кіба, ён выскачыў за дзверы.

Агеньчыкі паводзілі сябе, як і мінулы раз: кружылі, снавалі, але наблізіцца да сябе не давалі. I тады Антон падумаў: «А што, калі энергію кралі менавіта гэтыя няўлоўныя светлячкі?» Губляць яму ўжо не было чаго і, каб праверыць сваю здагадку, ён паслаў наперад апошняга кіба. Яны не маглі не паквапіцца яшчэ на адну ёмістую батарэю.

Хітрасць удалася. Агеньчык раптам замігаў, спыніўся, быццам у роздуме, і рвануўся да робата. Паблізу агеньчык ператварыўся ў бліскучы шар. Прынікшы да кіба, ён успыхнуў, наліваючыся барвовай чырванню. Антон паспеў падбегчы раней, чым шар пакінуў сваю ахвяру. Упартая лютасць авалодала чалавекам. Ён закрычаў:

— На, бяры! — і падставіў сваю батарэю.