У застоллі на яго амаль не зважалі. На ўсіх іх, чырванаборцаў, не звярталі ўвагі. Іх быццам не заўважалі. Як выпілі напачатку чарку за бацьку маладой, так больш, бадай, і не ўспомніў ніхто, што ён тут ёсць, Юльчын бацька, хоць нявестку ці не ўсе госці хвалілі навыперадкі, гэтак жа, як і Гену. Адно пасля, як усе падаліся ў суседні пакой танцаваць, яго таксама пацягнулі туды, у агульны круг — ляпаць сябе локцямі пад бакі і ў далонькі пляскаць, прыкідвацца «курачкамі», і нейкая, на добрым падпітку, жанчына ўсё махала перад яго носам пальцам з вялізным пярсцёнкам і лапатала аб тым, што сёння трэба жаніць не толькі Гену, але і ягонага цесця, і рагатала пры гэтым гучна, закідваючы назад галаву і паказваючы повен рот залатых зубоў...
Вярнуўся ён дадому з даччынога вяселля ў горшым настроі, чым ехаў на яго. Зразумеў, што не прыйшоўся да двара свата і свацці — не іхняга кола ён, калгасны інжынер па тэхніцы бяспекі. Не пагаварылі з ім ні аб чым, як і да вяселля — ні пра тое, дзе будуць жыць маладыя і як, што ім трэба прыдбаць напачатку, чым ён як бацька можа памагчы,— ні аб чым. Узялі дачку, а яго за дзверы, можна сказаць. Што ж, ён не ў крыўдзе. Мусіць, не надта пасля таго і разумныя яны людзі. Разумны чалавек заўсёды просты, шчыры, добры. Лера не памылялася, калі казала так, не памылялася. Ліха з імі. Яны яму гэтак жа патрэбны. Хай толькі Юльцы добра будзе. Юлька казала, што Лера бачыла Гену і ўпадабала яго, то, можа, і ўсё добра будзе ў іх. А яны з Юркам не прападуць.
І зноў ішоў нас. Юлька скончыла універсітэт, атрымала дыплом, неўзабаве пасля дыплома нарадзіла дачку, назвала — у гонар бабулі — Валерыяй. У Чырвоны Бор прыязджала рэдка. Што ж, ён, Кім, не крыўдаваў. Нічога не зробіш. Цяпер у яе сваё жыццё, свой клопат, свае турботы. Так яно і павінна быць. Так і Лера казала. Маўляў, бацькам нічога не вяртаюць дзеці. Тое, што бацькі далі ім, яны аддадуць сваім дзецям, дзеці дзяцей — сваім дзецям і так без канца. І таму, калі разабрацца, калі зірнуць глыбей і пільней, чалавек не памірае, не знікае бясследна, ён паўтараецца бясконца ў сваіх дзецях. Мо і праўда. Вось і Лера паўтараецца. Расце ўнучка, і з гадамі, хто ведае, мо будзе як дзве кропелькі вады падобна на ягоную Леру, на сваю маладую, прыгожую, разумную бабулю...
А яго ўсё жанілі. Адзін раз, другі, трэці, пяты. То кацілася па Чырвоным Бары чутка, што Кім Курловіч бярэ замуж Інэсу Аркадзьеўну — старую дзеву, былую сяброўку Валерыі Віктараўны, і жанчыны ў тым жа магазіне абгаворвалі навіну да стомы ў языках. То раптам на змену ранейшай чутцы прыходзіла другая: нібы бачылі яго надвячоркам з Надзяй Яскевічавай, самай малодшай сястрой Пецькі Яскевіча, якая вярнулася ў бацькаву хату аднекуль здалёку — ці то з БАМа, ці то з Казахстана і што нібыта Надзя бессаромна проста вісела на ім. А потым гаварылі пра дваюрадную пляменніцу Надзі Тарыкі, колішняй Кімавай суседкі. Пляменніца тая сапраўды некалькі разоў прыязджала ў Чырвоны Бор пасля Надзінай смерці, каб прадаць каму-небудзь хату, але, здаецца, так і не прадала, і хата ўрэшце адышла пад калгас. Пляткарылі бабы і наконт Волькі Мяхедкі з Рудні, развядзёнкі, якая рабіла на ферме і жыла ў бацькоў з сынам, ці не аднагодкам Кімавага Юркі. Урэшце дайшла чарга і да Лізы-прадаўшчыцы. Няйначай, недзе нехта сказаў: а чаму б ім і не сысціся, Кіму і Лізе? Сказалася тое, можа быць, проста так, у выглядзе людскога пажадання, можа, нават у выглядзе спачування да яго і яе лёсу. А нехта пачуў і зразумеў па-свойму — што яны, Ліза і Кім, таксама думаюць пра тое ж — чаму, маўляў, ім і не сысціся б, а трэці ўжо ўпэўнена гаварыў, што яны парашылі між сабою пажаніцца. Дайшло да таго, што Кіма нават асмельваліся віншаваць, і ён спачатку абураўся, сварыўся, адбрэхваўся, а пасля і перастаў, бо ўжо і злосці не ставала. І ён ужо, натыкаючыся на пытанне: дык што, Вікенцьевіч, вяселлем пахне? — адказваў: ага, і цябе паклічу, чакай. Больш таго, ён, здаецца, ужо не здзівіўся, калі аднойчы ўвечары — Юрка пайшоў спаць, а ён сядзеў на кухні, збіраючыся парадкаваць брудны посуд,— да яго ў хату зайшла Ліза.
— Не чакаў, Вікенцьевіч? — сказала яна замест таго, каб паздароўкацца. І сама сабе адказала: — Не чакаў, канечне. Ведаю, не чакаў. Але ж і не здзівіўся, Вікенцьевіч?