Выбрать главу

Апранута яна была па-святочнаму — у дарагой, з кароткімі рукавамі сукенцы, з паяском, які падкрэсліваў яе яшчэ зусім не старую постаць, у басаножках на тоўстай падэшве і з бліскучымі жоўтымі цвічкамі вакол той падэшвы. На руцэ вісела немалая, але і не вялікая сумачка ў тон сукенцы. Валасы таксама былі даведзены да ладу, заколатыя за скронямі моднымі па тым часе чэшскімі заколкамі-шпількамі.

Ліза прайшла да яго на кухню, дастала з сумачкі і паставіла на стол пляшку каньяку і паклала плітку шакаладу «Аўрора», села сама да стала, сказала:

— Пагаворым, Вікенцьевіч?

Ён азваўся не надта ахвотна:

— А ёсць нам аб чым гаварыць, Лізавета Макараўна?

— Ёсць, Вікенцьевіч, ёсць,— сказала яна цвёрда і рашуча.— Дзе ў цябе тут шклянкі ці чаркі якія-небудзь?

Кім падняўся, схадзіў у залу, узяў у серванце і прынёс дзве высокія крышталёвыя чаркі.

— Ну дык вось, Вікенцьевіч,— Ліза спрытна адкаркавала пляшку, наліла ў чаркі.— Слухай спачатку мяне, а пасля я цябе паслухаю. Толькі спачатку давай вып'ем па гэтым напарстку, каб гаворка наша была трошачкі весялейшая.

Яна выпіла першай, адламала ад пліткі шакаладу невялічкі кавалачак, укінула ў рот, падсунула шакалад яму. Ён зрабіў тое ж самае.

— А цяпер слухай, Вікенцьевіч. Я жанчына простая, шчырая, вясковая, уся на віду, без хітрыкаў. І таму і гаварыць буду без хітрыкаў, як умею... Калі памерла твая Валерыя Віктараўна, я, як і ўсе чырванаборцы, шчыра бедавала. Добрая была і настаўніца, і кабета. Божая пташачка. Нікому вады не замуціла... А неўзабаве палажылі каля яе майго Толю. І грэх прызнавацца, Вікенцьевіч, але прызнаюся: як убачыла я тое суседства, дык і мільганула ў мяне думка пра цябе. Так мільганула, мімаходзь. Але — мільганула, Вікенцьевіч. Падумалася: ім во выпала ляжаць побач, дык мо і нам з табой сысціся, каб побач быць... Не моршчыся, Вікенцьевіч, ведаю, грэшна гэта, я і сама тады ўскідалася таго, каб умела хрысціцца, дык перажагналася б... А як мінуў час і магла ўжо думаць пра ўсё цвяроза, дык і прагнала прэч тую думку. Не пара я табе, Вікенцьевіч. Я жанчына простая, мне фінціфлюшак розных не трэба, мне каб мужык дык мужык, работа дык работа, а твая Валерыя Віктараўна, казала ўжо, пташачка божая была, мусіць жа, думаю, і цябе на свой лад перарабіла... Мы, кабеты, гэта ўмеем, Вікенцьевіч! Мужчыны ўсе ў нас, у баб, пад пятою, хоць каторы і хваліцца, што ганяе сваю, як Марку па пеклу...

Ён сядзеў, унурыўшыся, і слухаў. Слухаў і не абураўся, не працівіўся. Недзе, хоць і не надта ахвотна, пагаджаўся, што гаворыць Ліза досыць разумна, узважана, відаць, што сапраўды шмат разоў перадумала перад тым, як сказаць. І адчуваў, што шчыра гаворыць, не хітрыць. Як ёсць, як было, так і гаворыць. А калі так, то — хай гаворыць, а ён паслухае...

— Але ж недарэмна, Вікенцьевіч, кажуць, што час — найлепшы доктар. Пакрысе пазагойваліся нашы раны. Пазагойваліся, Вікенцьевіч, зарубцаваліся. Павер мне, бабе. От тады я і стала думаць ужо трошкі інакш. Лягу спаць, доўга не магу заснуць і ўсё думаю, думаю. Няўжо ж, думаю, на гэтым і жыццё маё скончыцца так? Ці правільна ж гэта будзе? Як ні пакручу, з якога боку ні пагляджу — няправільна выходзіць. Паўвека бабе няма, баба яшчэ не знасілася, не порхаўка, чаго ж, думаю, ёй сохнуць без пары? Ці, можа, без пары, Вікенцьевіч? А як азірнуся, дык, акрамя цябе, няма наўкол нікога. Вось так я зноў да цябе вярнулася. Думаю: які б ён, ты, значыцца, ні быў, а мужчына ўсё ж, і без бабы табе нясоладка. Чалавек ён, да ўсяго, разумны, з ім, з табой, значыцца, можна калі не па любві, дык па розуме, бо дзе ўжо нам, сіротам, пра любоў думаць! Праўда, Вікенцьевіч? Падабалася мне і тое, што ты посцішся, ні да адной спадніцы не прычапіўся. Як і я, Вікенцьевіч. Я таксама гэтага не люблю. Крадзенае шчасце — не на шчасце. Ці то мужчына, ці то баба крадзе. Вось і наважылася прыйсці і пагаварыць без хітрыкаў. Давай сыдземся, Вікенцьевіч. Не падганяю, падумай, паразваж. Толькі цвяроза разваж. Пра Валерыю сваю не думай. Яна не будзе ў крыўдзе. Калі любіла цябе, дык у крыўдзе не будзе. Гэта ж ты і сам разумееш. А табе са мной будзе добра. Я не злосная, не звяглівая. Чысціню, парадак люблю. Будзеш ты ў мяне як лялечка хадзіць. І Юрка пры нас хутчэй падрасце, бо таксама ў пару і пад'есць, і зносіць. Не бойся, абяцаю, што не пакрыўджу. Як да цябе, так і да яго... Ну, а тое, што я, пэўна, не такая, якой была твая Валерыя Віктараўна, дык — не ўсім жа быць аднолькавымі. Калі падумаць, Вікенцьевіч, то, можа, гэта і к лепшаму. Малады быў, думалася пра маладое, хацелася вышэй сябе падскочыць, вакол зямлі абляцець, дык і ў дзяўчатах хацелася тое бачыць, з чым сам насіўся. У маладых ва ўсіх крылы вырасталі... А цяпер, Вікенцьевіч, бярэцца нам пад пяцьдзесят. Лятаць мы ўжо не будзем. А хадзіць, і яшчэ без падпоркі, можам. Дык от і давай. Забірай Юрку і пераходзь да мяне. У мяне вальней, чым у гэтых тваіх двухэтажных клетках. І выгоды тыя ж. Я ж, каб ты ведаў, і паравое зрабіла, і ваду ў хату правяла. Ваду ўжо сама, без Толі. Шланг у калодзеж, маторчык невялічкі, а ў хаце кнопачка. Націсні — і праз хвіліну вадзічка цячэ... Яшчэ што скажу. «Жыгулёў» чакаю. Калі не сёлета, дык налета будуць, чарга падыходзіць. Зяцю меркавала, але як ты прыйдзеш — самі будзем катацца, зяць пачакае, невялікі пан... Толькі не думай, Вікенцьевіч, што гэта я купляю цябе. Я хоць і таргую, але мужчыну не купляла і купляць не буду. Гэта к слову...