Выбрать главу

Доўга яна гаварыла. Канчала нібы гаворку, а пасля зноў да таго ж вярталася, і другі раз, і трэці, усё даводзячы яму, што нічога ім не застаецца, акрамя як сысціся і жыць на пару.

— Добра мы з табой пагаварылі, Вікенцьевіч? То і добра. Зараз я пайду. На адыход давай яшчэ па чарцы вып'ем. Як мужчыны. І гаворым мы з табой так, быццам тут не баба з мужчынам, а два дружкі-таварышы апахмяляюцца. То і вып'ем, як мужчыны...

Яны выпілі, як і першы раз, па напарстку, укінулі ў рот па кавалачку шакаладу. Пражаваўшы, яна паднялася, навесіла па руку ў локці, сумачку.

— Я пайшла, Вікенцьевіч.

Ён таксама падняўся, прайшоў разам з ёю да дзвярэй.

Ліза раптам азірнулася, засмяялася:

— Пацалаваць не рашышся? Ну, то дай я цябе пацалую!

І абняла яго моцна, і ўпілася вуснамі ў яго вусны, і ён адчуў, што вусны яе салодкія пасля шакаладу, і цалавала доўга, не адпускаючы і ўсё шчыльней прыціскаючыся да яго пругкім, моцным, дужым сваім целам. Пасля рашуча адарвалася ад яго, паправіла на локці сумачку, адчыніла дзверы, ступіла цераз парог. Ужо ці не за парогам сказала:

— Прыходзь, Кім. Я чакаю. Буду чакаць. А не дачакаюся, зноў сама прыйду. І тады ўжо не пайду, як сёння... Чуеш, Кім?!

Ліза прычакала. У пачатку кастрычніка, як заўсёды, настаўнікі і настаўніцы адзначалі свой дзень. Марыя Міхайлаўна паклікала і Кіма. Гулялі яны ў школе, у самым дальнім класе, каб гулянка не надта кідалася людзям у вочы, позна, за поўнач.

Прыйшоў ён дахаты. Юрка, паглядзеў, спаў. Кім паправіў на ім коўдру, шчыльней зачыніў дзверы. Сам не лягаў чамусьці. Апусціўся ў прыхожай на крэсла, прываліўся плячом да сцяны і сядзеў так доўга, ажно пакуль не адзеравянела тое плячо. Тады ён падняўся і, ціха адчыніўшы дзверы, выйшаў на вуліцу.

Неўзабаве быў ён ля колішняй Шпільманавай хаты. Узышоў на ганак. Хацеў пастукаць, але перадумаў, асцярожна пацягнуў дзверы на сябе. Яны расчыніліся. Ён пераступіў цераз парожак і зайшоў на веранду. Дзверы ў хату таксама не былі зашчэплены. Ён, бы злодзей, асцярожна зайшоў у хату і прыпыніўся, каб агледзецца, асвойтацца. І ў гэты міг штосьці цёплае, мяккае абвілося вакол яго.

— Я ведала, ты прыйдзеш! Каторую ноч не зашчэпліваю дзвярэй, усё чакаю! Пайшлі, Кімачка, пайшлі! Сюды, сюды, любы...

Голас быў звабны і загадны адначасова, і ён, Кім, паддаючыся яго звабнасці і загаднасці, пайшоў — кволымі, як у асуджанага, нагамі — у гарачую, задушлівую, палохаючую, нібы бездань, цемень.

МАЙ 1985 ГОДА

— Сяргей Ягоравіч, можна да вас?

— Заходзь, Кім Вікенцьевіч, заходзь! Сядай. Што цябе прывяло?

Кім прысеў на крэсла за прыстаўным столікам, апусціў галаву.

— Слухаю цябе!

— Не ведаю, як і пачаць, Сяргей Ягоравіч. Брыдка пачынаць, а — трэба,— паёрзаўся Кім па крэсле.

— Ого, гэта ўжо цікава! — Сяргей Ягоравіч утаропіўся ў яго.— У такім разе, кажуць, пачынай з канца.

— Пачатак і канец адзін: трэба мне хата. Кватэрка якая-небудзь, куток,— выпаліў адным духам Кім.

— Стоп, стоп, стоп! Нешта не адразу да мяне...

Кім падняў руку:

— Толькі не пытайцеся нічога, Сяргей Ягоравіч. Зразумейце адно: трэба мне з Юркам куток. Разумееце?

Сяргей Ягоравіч апусціў выпрастаныя далоні на стол, досыць гучна ляснуўшы імі па гладкай стальніцы:

— Разумею... Нажыўся, значыць...

— Не трэба, калі ласка, я прашу...

— Добра, добра,— зноў ляснуў па стале далонямі Сяргей Ягоравіч.— Не буду... Хоць ты, брат, і не дзеўка, каб капрызіць.

— Не капрыз гэта, Сяргей Ягоравіч,— запярэчыў Кім.— Не капрыз. Не магу...

Капрыз... Не да капрызаў яму. Цяжка, брыдка і сорамна. Перад сабой і перад усімі. Нават і перад Лізай. Бо што Ліза? Яна не вінаватая. Яна праўду казала. Жывая баба. Зямная баба. Мо занадта зямная. А ён хлюпік. Думаў, пераломіцца, плюне, махне, забудзецца на ўсё, што было, як жыў, і пачне жыць нанова. Як многія жывуць. Як Ліза жыла. І жыве. А не атрымалася. Не змог. Душа працівіцца. Не падпарадкоўваецца. Не паддаецца. Плача, баліць душа. А разам з ёю і сэрца пачало ныць. Не па ім жытка такая. Не па ім. Ён прывык з пташкай божай, як Ліза сказала. Мо і праўда, пташка божая была яго Валерыя Віктараўна. Мо і праўда, ён пры ёй ніколі так смачна не еў, так мякка не спаў, так выкшталцона не апранаўся. Але затое з работы дахаты ішоў з радасцю. І ўранку з лёгкай душой ішоў на работу. І радаваўся сонцу, дажджу, снегу, ветру. Нават чорту лысаму радаваўся. Бо ведаў, што ніякі лысы чорт яму не страшны, душу ў яго не адбярэ і не купіць. А тут ледзь-ледзь быў не прадаў...