Ліза, калі сядзела ў яго на кухні за сваім каньяком і шакаладам, праўду гаварыла. Нічога не выдумляла. Так, правільна, крылы ў чалавека вырастаюць у маладосці, гэта бясспрэчна. Старасць абапіраецца на кіёк, а не на крылы. Але ж вельмі важна памятаць і ў старасці аб тым, што ў цябе былі калісьці крылы. Памятаць! Гэтая памяць змушае цябе заўсёды, пры любых абставінах і акалічнасцях, заставацца чалавекам. А ў Лізы, пэўна, не было крылаў і ў маладосці. Відаць, і ў маладосці яна больш глядзела ў зямлю, а не ў неба, на зоркі. А калі ўвесь час глядзець толькі ў зямлю, то міжволі з цягам часу пачнеш бачыць не так і не тое. Агуркі на градах — гэта ўжо будзе не духмяная пузырыстая смаката, а рублі і траякі, і ўкормлены вяпрук — гэта найперш хадзячы кашалёк з чырвонцамі. Больш сабраць на кніжцы — ці не гэтым адзіным жаданнем апантана Ліза. Грошы — вось шчасце. Будуць грошы — будзе ўсё. А ён прывык думаць і думае інакш. Няма грошай? Заўтра будуць. Абы было здароўе і работа. Грошай можна і пазычыць, калі сёння ў цябе няма іх. А радасць — не пазычыш. І шчасця не пазычыш. І спакою для душы — не пазычыш. І ўцехі ад таго, што ў цябе добрая паразумеласць з блізкімі табе людзьмі, не пазычыш. А Ліза думае інакш. Што ўсё тое, чаго не пазычыш, выдумка. Блюзнерства. Міраж. Што ўсё яно ўвасабляецца ў грашах. Чым больш грошай, тым больш і таго — радасці, спакою, паразумеласці, шчасця, уцехі. І пераканаць яе, што яна памыляецца, немагчыма. Памыляюцца, маўляў, яны самі, такія ж сляпыя дзівакі, як ён, Кім, як ягоная пташка божая Валерыя.
Яму хапіла двух-трох тыдняў, каб зразумець, што Ліза шукала сабе не чалавека, з якім ёй было б спакайней, утульней, цяплей, не самотна і не тужліва, а — работніка. Парабка. Каб лягчэй было даглядаць жыўнасць і ўходжваць агарод і соткі. Ужо ці не на другі дзень ён у яе стаў... гультаём. Вядома, пра гэта было сказана ласкава, пяшчотна і быццам жартам, аднак жа абазваны ён быў менавіта гэтым словам — гультаём. А між тым ні маці, ні Лера, ні людзі ніколі яго такім словам не абзывалі — нават і жартам. У злосці ці ў крыўдзе ён улёг у работу. Затхнуўся і перарабіў склеп пад домам пад гараж. Не ўвесь склеп, частку яго, вядома. Дзеля гэтага перавярнуў рыдлёўкаю не адзін кубаметр зямлі — трэба было зрабіць заезд у гараж. Бачыў, адчуваў, што Ліза глядзела на яго ў тыя дні — ласкавей не трэба. Аднак жа знайшлася іншая прычына. Нікому ж не скажаш, у тым ліку і гэтаму Сяргею Ягоравічу, што яна абазвала яго гультаём і ноччу. Маўляў, Кімачка, трэба і гэтую работу рабіць, калі ўпрогся. Маўляў, мужавы абавязкі, Кімачка, трэба выконваць бездакорна... Сама яна не гультаявала ні днём, ні ўначы. І бянтэжыла яго не гэта. Бянтэжыла ці то бессаромнасць, ці то нейкая празмерная дзелавітасць нават у гэтай справе. Лера, памятае, пражыўшы з ім дваццаць гадоў, нейк умудралася заставацца сарамлівай, нават цнатлівай, і гэта было ў яе кранальна і прыгожа. А Ліза... Лёгшы ў пасцель, яна, ціхенька хіхікнуўшы, казала: я гатова, Кімачка... Маўляў, выконвай, мужанёк, свае абавязкі...
Вось і раскаяжы каму пра ўсё гэта. Няма каму расказаць. Ні сыну не раскажаш, ні дачцэ, ні каму-небудзь іншаму. Усё гэта толькі ў ім і з ім.
А хіба ж гэта галоўнае? Галоўнае, што адчуваў: спусташаецца душа. Робіцца ўсё больш падобная на апусцелы, амаль апусцелы капшук — вісіць такая зморшчаная, лёгкая, перавязаная матузком машоначка. Робіць, бывала, што, а сам думае, думае... І ўспомніць раптам, як калісьці чыталі яны ўтраіх, а пасля і ўчатырох перад сном, як Лера, вярнуўшыся з блізкага ці з далёкага паходу, расказвае ім пра розныя прыгоды, што здараліся ў дарозе,— і знячэўку зарагоча, як дурны,— голасна і невыразна, нярадасна. Ліза колькі разоў чула гэты рогат і тады нейкі час сачыла за ім, як баючыся чагосьці...
А Юрку не крыўдзіла. Сказаць што благое пра гэта ў яго язык не павернецца. І не дамагалася, каб мамай зваў. Цётка Ліза і цётка Ліза — большага яна не патрабавала. І сама з сынком да яго не лезла. Юрка, ідзі абедаць! Юрка, пара спаць! Юрка, ці мыў ногі перад сном? Гэта — было. За гэтым яна сачыла. А да таго, як вучыцца, не датыкалася. Што прынёс са школы, што там рабіў — пра гэта не пыталася. Ёсць, маўляў, бацька, гэта яго клопат. А мо таксама яе праўда была. Канечне ж, бацькаў гэта клопат.