Увогуле, ён яе не абгаворвае і не асуджае. У яе было сваё жыццё, і яна хацела, каб і ён жыў так, як павінен, па яе разуменні, і жыць чалавек. Хацела, каб было як найлепш. Шчыра хацела. Ліза Макараўна ўвогуле чалавек шчыры, хоць і не без хітрасці, як казала. Без хітрасці не змагла б яна столькі гадоў рабіць у краме. А то ж робіць, і прытым з выгодаю для сябе. Ён жа бачыў. Не напрасліну ўзводзіць. Мела, хоць і невялікі, прыварак з усяго. З бутэлек, якія то прымала, то не прымала. З кардонных і фанерных скрынак, якія то спісвала, то прадавала. А найбольш — з дробнага недавесу цукру, цукерак, круп, вермішэлі, макаронаў. Усё гэта яна ўмела недаважыць пакрысе, так, што ніводная душа не заўважыць і не прыдзярэцца, а, тым не менш, наварчык ідзе. У яе свята на душы, як у магазін прывозяць муку і камбікорм. Тут ужо можна недаважыць і па-сапраўднаму, бо лік ідзе не на грамы, як пры цукерках, скажам, а на дзесяткі, на сотні кілаграмаў. А яшчэ ж — аблічвае. Амаль кожнага, і старога, і малога, калі не на дваццаць капеек, дык на тры, на пяць, на капейку, а — аблічыць.
Яго ўсё гэта абурала, а яна, расказваючы і нават паказваючы яму, як гэта робіць, радавалася, бы дзіця. Ліза, бачыў, любіць сваю работу. Само па сабе гэта, вядома, няблага. Чалавек павінен любіць работу, якую робіць. Але аднойчы ён зразумеў, што яна ўсё ж любіць не работу, а пасаду. Сваю пасаду прадаўшчыцы. Аднаго разу яна гаварыла яму, і твар яе быў шчаслівы, і голас зрываўся ад радасці: маўляў, яна была не дурная, калі даўно, у маладыя гады, падалася ў гандлёвы тэхнікум; тады з яе ўсе смяяліся, яе не разумела нават матка, сварылася, казала — куды палезла, хочаш у турму сесці, хлопцы ёю пагарджалі; але яна не зважала на гэтыя кпіны і папрокі, і аказалася вось, што праўда на яе баку, прыйшоў час, калі прадаўшчыца — ці не самая прэстыжная прафесія, з ёю водзяць сяброўства ўсе, нават самыя высокія людзі, гэтак жа, як з урачамі і цырульнікамі; значыць, не такая яна і дурная, калі змагла ўбачыць такую далёкую перспектыву, і сваіх дачок яна ўжо свядома пагнала ў гандлёвае вучылішча, бо ведае, што будуць мець дочкі і хлеб і да хлеба, і золата будзе блішчэць і ў вуху, і на шыі, і на пальцах, як у самастойных, і чхаць яны будуць на тое, што няма ў іх дыпломаў інжынерак ці настаўніц, бо тым інжынеркам і настаўніцам ніколі за імі не ўгнацца, яны, тыя інжынеркі і настаўніцы, да іх, прадаўшчыц, на паклон ідуць, і яго нябожчыца, хай ён не крыўдуе, прыходзіла, хоць і адварочвала нос, балотам мяшчанскім называла, а прыходзіла ўсё ж і прасіла пакінуць ёй, калі будуць, кофтачку, боты на манцы ці фээргэўскага трыкатажу на касцюм...
Але, было, што яна дагаворвалася і да такога, дагаворвалася без злосці, проста канстатавала, так сказаць, факты, не задумваючыся ці, прынамсі, мала задумваючыся над тым, што яму гэтая канстатацыя — як нажом пад сэрца, што яму хацелася, чуючы такое, воўкам выць...
Некалькі разоў ён спрабаваў пярэчыць ёй, даказваць, што існуе на свеце і яшчэ сёе-тое акрамя грошай, але яна і слухаць не хацела. Яна смяялася. Шчыра і добра. Як з малога. Яна гладзіла яго па галаве і гаварыла павучальна-паблажліва. Кімачка, казала, ты ж ужо чуў, што я не божая пташачка і не зялепуха якая-небудзь, што раскрые раток на такі покарм, гэта Валерыя Віктараўна твая магла табе — ці ты ёй — гаварыць такое, і вы верылі, развешвалі вушы, а мне грошы давай, тады я табе адпушчу, што папросіш, такое я разумею, на гэтым свет трымаецца, а кніжку пачытаеш-пачытаеш ды есці папросіш, бо па адной кніжцы сыты не будзеш, хоць твая Валерыя Віктараўна і наадварот казала, і было, што і мае дочкі верылі, і з маткай-прадаўшчыцай спрачаліся, але, дзякаваць богу, нядоўга, пакуль у школку хадзілі, а тады ўраз паразумнелі...
Хоць бы яна ўжо Леру не чапала!..
Сёння ён паскідаў у чамадан свае і Юркавы транты, тыя, што трапіліся на вока, і занёс да Любы Міхалкавай. Старая ўжо стала Люба Міхалкава, а ці даўно ж, здавалася б, хадзіла па гэтай хаце маладзенькая настаўніца Валерыя Віктараўна! З тае пары і хата пастарэла. Мо не так пастарэла, як асунулася ад недагляду. Спытаў у цёткі Любы, ці пусціць з сынам пажыць. Жывіце, сказала. Ёй, маўляў, весялей будзе. І не стрымалася, расплакалася, папракнула: нашто ж гэта ён, каб хто спытаў, раскідаў бацькаву хату, ніколі, маўляў, не трэба таго рабіць, супраць чаго пярэчыць тваё сэрца, а яму ж сэрца, пэўна, балела, ці не так, Кімачка?..
Сам па сабе мо і не рашыўся б на такі крок, калі б не Юрка. Здаецца, і выгляду не падаваў, а заўважаў дзіцячым вокам, лавіў дзіцячым вухам, даткліваю душою ўсё, кожную дробязь. І нешта ж варылася ў Юркавай галаве, калі аднойчы сказаў бацьку коратка і адкрыта: пойдзем адсюль, тата! Пачуў ён тыя сынавы словы, і ў яго як гара з плеч звалілася.