Я і цяпер не ведаю, якім чынам і чаму, але Цадзілка быў заўсёды дасведчаны ў многім, што выклікала нашу хлапечую ўвагу. Ён «ведаў», напрыклад, што мужык нашай хімічкі, інжынер МТС, мае палюбоўніцу ў калгасе «Энергія». Цадзілка прыводзіў нам «неабвержныя» доказы таго, што малы сынок нашага старэнькага дырэктара зусім не яго сынок, што да яго паяўлення на свет мае дачыненне адзін настаўнік са Смалявіцкага раёна, з якім маладая дырэктарава жонка была на нейкіх курсах. Ён мог на перапынку аглушыць нас «навіной» пра нядаўна прыехаўшых у школу фізкультурніка і яго жонку-геаграфічку. Быццам ён, Цадзілка, аднаго разу нешта рана прыпёрся ў школу, яго напаткаў у калідоры дырэктар і паслаў па ключ да фізкультурніка, а там яшчэ не ўставалі, і ён, Цадзілка, пабачыў, што геаграфічка спіць у пасцелі зусім голая. Тады нам было ўсё гэта дужа цікава!
А яшчэ Цадзілка ўмеў з'арганізаваць нас уцячы з урока і схадзіць у калгасную бручку ці ў гарох. Устрымацца ад спакусы было цяжка — час быў яшчэ галаднаваты, і паласавацца салодкай бручкай, асабліва ж пражаным гарохам было вунь як заманліва.
Бручка расла ці не ўсе тры гады на адным і тым жа полі за рэчкай. Мы, збегшы з урока, шыбавалі ўздоўж рэчкі, хаваючыся за надрэчнымі зараснікамі лазы і вольхі, з лёту ўрываліся ў храбусткія барозны, намацвалі рукамі круглейшую — будзе саладзейшая! — бруччыну і зноў зашываліся ў кусты. Нож меўся ў аднаго Цадзілкі, і мы чакалі, пакуль ён абчысціць сваю здабычу. А ён, як знарок, ніколі не спяшаўся, і мы не вытрымлівалі, абмывалі свае бруччыны ў чыстай і сцюдзёнай рачной вадзе і прымаліся чысціць іх зубамі — здзіраць шалупайку — і грызці крамяную і даўка-салодкую мякаць. Пасля, калі да цябе, нарэшце, трапляў Цадзілкаў сцізорык, ты ўжо толькі падчышчаў амаль абгрызеную, выслабаненую ад шалупайкі бруччыну. Згаворваліся мы ўцячы толькі з аднаго ўрока, але здаралася так, што ўцёкі задоўжваліся: набіўшы жываты бручкай, нам дужа не хацелася вяртацца ў клас, на наступны ўрок, і рэшту ўрокаў мы праводзілі ўжо там, на беразе рэчкі.
Яшчэ лацвей было схадзіць у гарох. Ён таксама, памятаю, рос чамусьці на адным і тым жа полі пры дарозе, за пагоркам, дзе сярод маладога альшэўніку тырчалі бетонныя рэшткі колішняга, яшчэ даваеннага дота — іх калісь нямала было паблізу старой мяжы з Польшчай. Вырваўшыся ў гарох, мы не рвалі стручкоў. Мы ахапкамі цягалі сухое, шапаткое гарохаўе на пясчаную дарогу і там падпальвалі яго. Гарохаўе гарэла зырка, весела, высокім полымем. У гэтым полымі гарэлі і стручкі — было чуваць, як яны, патрэскваючы, лопаліся ад гарачыні. Пасля, як кучка чорнага попелу трохі астывала, мы бралі той попел прыгаршчамі і дзьмухалі на яго. Попел выдзьмухваўся, а ў далонях заставаўся пражаны, часам ажно падгарэлы гарох — смачны да аб'ядзення. Рукі да локцяў, твары нашы былі чорныя, як у камінараў, адно блішчэлі зубы, але затое ў кожнага ў кішэнях было па некалькі жменяў гароху, які можна было пасля есці і на ўроках цішком, і на перапынках, і пасля якога хацелася адно піць. Адчуванне голаду гарох наталяў куды лепш, чым бручка.
Як было пасля гэтага не заўважаць Цадзілку! Калі б не ён, мы, іншыя хлопцы ў класе, наўрад ці ведалі б тыя незабыўныя ўцёкі ў бручку і ў гарох.
А яшчэ запомніўся Цадзілка сваімі жартачкамі. Нягледзячы на тое, што твар у яго быў добры, пагляд блакітных вачэй шчыры і лагодны нават, Цадзілкавы жартачкі былі, як ні дзіўна, жорсткія.
Аднойчы ён, «жартуючы», паклаў на крэсла за настаўніцкім сталом канцылярскую кнопку вастрыём угору. Вольга Кірылаўна, русічка, той кнопкі, вядома, не ўгледзела і, як заўсёды, спакойна і лёгка апусцілася на крэсла і... падскочыла, як дзяўчынка, з войканнем, збялелая. Потым яна густа пачырванела і, не стрымаўшы слёз, выскачыла з класа. Урок быў сарваны. Прыходзіў да нас у клас дырэктар, паўгадзіны, пэўна, трымаў усіх на нагах, прымушаючы прызнацца, хто гэта зрабіў, хоць усе мы ведалі, што, акрамя Цадзілкі, ніхто гэтага не мог учыніць.
Выбрыкі такія ён рабіў не раз. Неяк пакарміў хлоркай малога Петрыка-паліцая — мянушку сваю хлопец атрымаў у спадчыну ад бацькі, янавіцкага паліцая, якога судзілі і не то саслалі кудысьці, не то расстралялі. А жонка былога паліцая з сынам засталася ў Янавічах, нікуды не паехала, хоць, казалі, ёй і раілі з'ехаць адсюль, не быць сярод людзей, якім усё тое баліць і балець будзе доўга,— жанчыну як шкадавалі, кажучы гэта. Цадзілка злавіў неяк таго самага малога Петрыка, ушчаміў яго між ног, адной рукой націснуў Петрыку на пашчэнкі, а другою набіў повен рот хлоркі. Малы: ледзьве не задыхнуўся, аж вочы пад лоб закаціў і ссінеў увесь, адратоўвалі пасля. Угледзеў гэта Антон Уладзіміравіч, настаўнік матэматыкі, не стрымаўся, заехаў Цадзілку поўху і раз, і другі. Цадзілка вырваўся, адбегшыся, крыкнуў: «Яны газам людзей труцілі! От хай сам пакаштуе, як гэта смачна!..» Антон Уладзіміравіч зноў спружынаю матлянуўся да Цадзілкі і, ухапіўшы яго за каршэнь, закрычаў: «Хто — яны? Пры чым тут Петрык? Ты ж сам паліцай, калі так робіш!» Цадзілку і гэта неяк сышло з рук. — Петрыкава маці не скардзілася, прасіла не чапаць яго: маўляў, дзякаваць богу, усё абышлося, а злосці прыбаўляць у свеце не трэба...