Хлопцы ў класе казалі таксама, што Цадзілка ловіць, падсмажвае і есць маладых сіваваронак. Само па сабе гэта нас не здзіўляла, усе мы, бадай, любілі паласавацца качынымі ці галубінымі яйкамі, сёй-той, ведалі, каштаваў і тых самых маладых, тлустых сіваваронак. Абурала ж нас, змушала проста ненавідзець Цадзілку тое, што ён падсмажвае птушанят жывымі. Прывязвае да неапераных яшчэ крылляў па арэхаваму пруту і, трымаючы за гэтыя самыя пруты над вогнішчам, падсмажвае, пакручваючы, пераварочваючы тое птушанё пад полымем.
Не любілі мы Цадзілкі. Не любілі, але і — пабойваліся. Пабойваўся і я. І, мусіць, з прычыны гэтай самай боязі і заходзіў сяды-тады да Цадзілкі ў хату, каб разам ісці ў Янавічы...
Аўтобус гайдануўся, затросся — дарога знянацку пагоршала, і сусед мой, як спахапіўшыся, хуценька нагнуўся і, намацаўшы рукамі матузы-вочапкі шарачковай торбы з сінім малюнкам, прыпадняў яе. Павярнуўшыся да мяне, супакоена патлумачыў:
— Не разбіўся, цэлы.
— А што там у вас?
— Ат! Слоік з вадою.
— З вадою? — здзівіўся я.
Сусед быццам збяптэжыўся, неяк журботна ўздыхнуў, пацішэлым голасам загаварыў:
— Мо і смешна трохі. Але ж... Трэці раз вязу. Пасля работы сяду на аўтобус, прыеду ў Селішча, набяру слоік вады і назад... А што рабіць, калі просіць?
— Хто просіць? — не стрымаўся, учуўшы ў ягоным голасе непадробныя скруху і жаль.
— Мама. Хворая яна. Каторы дзень нічога, можна сказаць, не есць. Адно піць просіць... І неяк папрасіла: каб гэта, Віцечка, папіць вады з нашай крыніцы, з Міхалкавай... У Селішчы ў нас крыніца так завецца — Міхалкава... Жонка казала: не едзь, скажы, што з'ездзіў, прывёз, ці ж яна пазнае, што за вада... А я не магу. А як пазнае? Не! Што, мне цяжка з'ездзіць? Хай пап'е... А вада ў крыніцы і праўда смачная...
Мне зрабілася непамысна. І на Цадзілку забыўся. Дай ты веры! За шэсцьдзесят кіламетраў трэці раз едзе, бо — «Мама піць просіць...». Згадалася, як колькі гадоў назад памірала мая мама, і як варам мяне апарыла адчуванне цяпер ужо заўсёднай віны перад ёю...
— Маці даўно хварэе?— пракаўтнуў я ўрэшце горкі камяк у горле.
— Даўно. З год ужо. Усё кволілася, жалілася, што блага ёй, што галава кружыцца, у вачах, казала, нейкія мушкі мітусяцца, але — хадзіла, тупала і работу рабіла — усё ходнікі кручком вязала. А ўжо во трэці тыдзень як злягла. І есці не ўзяла. Адно — піць просіць.
— А што з ёй?
— Ай, не пытайцеся! Гэта самае, мусіць, хоць урачы і не гавораць. Яна сама здагадваецца. Спытаюся: як ты, мама? А яна: есць маё, сынок, нутро, пракляты, смокча і смокча, чую, як ён, быццам клешч, прысмактаўся...
— А маці ў вас ці ў Цадзі... ці ў Косці? — папытаў я, згадваючы, што Цадзілка падчас стрэчы, здаецца, нешта гаварыў пра маці.
— Была ў Косці, але ўжо даўно ў мяне. Косця яе з Селішча сарваў. Перавёз, значыць...— як паправіўся ён.— Тады яшчэ жылі ў Селішчы, тры хаты стаялі. Мама не хацела выбірацца. Казала: не прывыкну я ў горадзе... Ну... Але Косця тады ў кааператыў уступіў, грошы трэба былі. Дык — прадаў хату, пуньку, хлеў і перавёз маму да сябе...
— А цяпер жа во ў вас...— мяне як хто за язык цягнуў.
— Дык жа... Не, вы не падумайце, не таму — Косця... тут ні пры чым. Яго барыня неўзлюбіла, да Косці, як з нажом: ці матка твая, ці я! Мама трывала тое, трывала, а пасля прыйшла да мяне: адвязі ты мяне, Віцечка, у Селішча, няма маёй радачкі болей... Ага, у Селішча, калі там і варыўні нават не засталося... Ну, от... Засталася ў мяне... Косця прыходзіў, казаў, грошы верне, і жонка, казаў, за тое, каб вярнуць грошы, але дзе тыя грошы? Што за хату ўзялі, дык жа на хату і ўперлі! А колькі іх там і было? Гэта ж каб гаспадар купляў жыць там, а то — на перавоз... А пасля на машыну пачалі збіраць. Ці ж спаганяць з іх будзеш? Мама, праўда, была заікнулася перад Косцем, каб той хоць палавіну сплаціў мне, але я сказаў маме, каб не рупілася з гэтым. І Ленка мая гэткая самая: мама, кажа, не трэба, што калі было, тое прайшло, а цяпер — якія грошы з іх спаганяць? І праўда, якія грошы? Мы ж не чужыя. Ці ж я Косці не ведаю? Калі б не яго барыня, дык ён апошняе аддаў бы...
— А вы, даруйце, дзе працуеце і кім? — Я ўсё больш пранікаўся да яго павагаю і спагадаю.