Сёлета не стала і дзядзькі Змітрака...
Памятаю яго з сорак пятага. Недзе восенню ці на пачатку зімы ён вярнуўся дадому. Вярнуўся не з фронту, а з «трударміі». Што гэта такое, я тады не ведаў, але адчуваў, што ў гэтым не надта звычным нам слове ёсць нешта ці не абразлівае. Прынамсі, Алёшка, мой сябрук і аднагодак, радуючыся звароту бацькі, не хваліўся, як іншыя, яго ўзнагародамі ці подзвігамі. Узнагарод, мы бачылі, не было. Не было, пэўна, і подзвігаў. Рукі і ногі ў дзядзькі Змітрака былі на месцы, і на целе, бачылі ў лазні, ніякіх шрамаў ці рубцоў, як у іншых мужчын і хлопцаў, што прыйшлі з фронту. А шрамы ж — адзнакі подзвігаў. Ну, значыць, і подзвігаў не было. Пытацца ж у самога дзядзькі Змітрака пра тое, як ён ваяваў у сваёй «трударміі», было марна: ён быў не з гаваркіх. Без патрэбы слова не прамовіць. Пры мне, памятаю, Алёшка папытаўся быў у бацькі, што ён рабіў у «трударміі». Дзядзька Змітрок адказаў: «Усё рабіў, што загадвалі: зямлю капаў, будаваў, з канём рабіў...» Алёшка пакрыўдзіўся: «Дык ты зусім не ваяваў, га, тата?» Дзядзька Змітрок адказаў няпэўна: «Як табе сказаць, сынку. Ваяваў і не ваяваў. Другім памагаў ваяваць...»
І яшчэ памятаю. Аднойчы ў лазні да дзядзькі Змітрака прыляпіўся, як ліст да спіны, Юрка Чмель: маўляў, раскажы, Змітрок, як ты Гітлера па Берліне шукаў. Раскажы ды раскажы. Дзядзька Змітрок адмоўчваўся, а ўрэшце не стрываў, адмахнуўся: «Што гаварыць з табой, пустынёй? Лепш сам раскажы, як задніцу фрыцу падставіў, ваяка...» Мужчыны зарагаталі, а Юрку Чмялю як заняло. Вядома, зойме, калі быў Юрка палахлівец — несусветны. Са страху, казалі, і ў партызаны пайшоў — вясною сорак чацвёртага. Ужо і браць не хацелі, але ўрэшце ўзялі, у гаспадарчы ўзвод. Са страху і паранены быў — не ў баі, а па дарозе на фронт. Трапіў нібыта іхні батальён пад артабстрэл на маршы. І трэба ж было такому здарыцца, што асколкам снарада Чмялю пеканула якраз у мяккае месца. Здорава пеканула, вышматала паўсцягна, ці не з паўгода ў шпіталі праваляўся. А прыйшоў дадому і патрапіў мужчынам на язык. Ледзь што, дык і прыплятуць: «Нашаму Юрку Фрыц зрабіў запасную дзюрку...»
Зрэшты, дзядзькі Змітракова «трудармія» мною і Алёшкам хутка была забыта. Іншы інтарэс паявіўся. Мы вучыліся ў дзядзькі Змітрака клеіць бахілы.
Ён клеіў бахілы адмысловыя. Мужчынам — з чорнай гумы, з тупымі мыскамі, шырокія і глыбокія, каб і на валёнкі, і на ватовыя буркі. Жанкам, дзеўкам, калі здабываў чырвоную аўтамабільную камеру, рабіў бахілкі чырвоненькія, з завужанымі, а то і зусім вузкімі, вострымі мыскамі, мяльчэйшыя, падобныя на бліскучыя куплёныя галёшы, на падэшву наклейваў з таўсцейшай гумы нешта накшталт абцасіка.
Гэтае сваё ўмельства дзядзька Змітрок прынёс з «трударміі». Прынёс не толькі ўмельства. У рэчавым мяшку больш месца, чым сціплыя падарункі і пачастункі жонцы і дзецям, займалі бутэлечкі з клеем, драўляныя калодкі, дзесятак розных — ад буйных, дзіркаватых, да драбнюсенькіх, ледзь-ледзь шурпатых — бляшаных, набітых; на драўляныя дзяржальнікі тарачак-шчотак для зачысткі гумы, пэндзлікі, спецыяльныя з вострымі лёзамі, з тронкамі, абкручанымі скурай, ножыкі, каб рэзаць гуму і абразаць пасля прыклейвання падэшву. Дзядзькава ўмельства аказалася вельмі дарэчы.
У хаце ў дзядзькі Змітрака паявілася ці не сапраўдная майстэрня па вырабу гэтых самых бахілаў. Заказы сыпаліся адусюль, нават з далейшых вёсак, ажно з суседняга сельсавета. Спрыту ў дзядзькі Змітрака хапіла б на ўсіх, не хапала галоўнага — гумы. Тым не менш, невядома адкуль і як, яна знаходзілася, і бахілы клеіліся, і мы з Алёшкам былі ў майстра першымі памочнікамі і вучнямі. Ды такімі, што ў хуткім часе ўжо і самі маглі склеіць бахілы, адно дзядзька Змітрок вырэзваў нам загатоўкі. Тут ён не рызыкаваў: сапсаваць дэфіцытную, як цяпер мы сказалі б, гуму — гэтага ён не мог дапусціць.
Бахілы клеіліся зімою, трохі — вясною. А ўлетку дзядзька Змітрок навучыў Алёшку і мяне плесці кошыкі. З ракітавых дубцоў і сасновага карэння. Найцяжэй было зрабіць аснову, каркас будучага кошыка. Як ні стараешся, а, глядзіш, то аднабокі нейкі выходзіць, то крываваты, то вузкі і доўгі, як чаўнок, то, наадварот, пузаты і круглы, як гарбуз. Дзядзька Змітрок, пакручваючы ў руках маю ці Алёшкаву работу, павучаў: «Ты ж прыкінь спачатку, дзе заплёт зрабіць, каб і не мелкі быў і не глыбокі... І скабіны тыя самыя. Навошта адразу пазарэзваў? Прымерай, а пасля ўжо абрэж...»