У мяне кошыкі атрымліваліся лепшыя, чым у Алёшкі: круглейшыя, раўнейшыя, наогул больш адмысловыя. Адзін кошык, на ягады, я ўмудраваўся сплесці нават з вечкам, прымацаваўшы яго да абруча алюмініевым дротам. Дзядька Змітрок пахваліў мяне і, быццам сам сабе, зазначыў: «От жа ёсць спрыт у пальцах. І галава больш, чым у майго, варыць, і ў руках спрыту больш...» Меў дзядзька Змітрок на ўвазе тое, пэўна, што і ў школе мае поспехі былі большыя, чым Алёшкавы: сын вучыўся слабавата, быў «троечнікам»...
Праз год, а мо праз два дзядзька Змітрок стаў малатабойцам у кузні. Памагаў ён кавалю дзядзьку Андрэю вясну і лета. І мы з Алёшкам тым часам прападалі ў кузні. Рабілі сабе ножыкі-складанчыкі. І тут у мяне, зноў пахвалюся, выходзіла лацвей, чым у Алёшкі. Зрабіў я сабе такі сцізорык, што сам дзядзька Андрэй, які выштукоўваў з жалеза ўсё, што толькі можна было выштукаваць, здзіўляўся і не даваў веры, што нож зрабіў я. «Калі б не бачыў, дык і не паверыў бы»,— казаў. Лязо я зрабіў з кавалка сярпа. Выпілаваў рашпілем і напілкамі, прабіў у вушку дзірачку, пасля адшліфаваў і завастрыў на тачыле. Спружыну выкаваў з кавалка стальнога дроту. Тронкі высек з таўставатай алюмініевай бляхі, старанна абпілаваў, зачысціў да бляску суконкай, пасля дзюбкай нажа павырэзваў удоўж і ўпоперак розных узораў-малюнкаў. Больш за ўсё намучыўся з заклёпкамі. Мяккі алюмініевы дрот добра кляпаўся, але быў нетрывалы, стальны ж не хацеў кляпацца наогул. Пакуль закляпаў ды пасля апрацаваў заклёпкі напілкам, падсапсаваў трошкі тронкі. Ды такой бяды. Затое нож быў — як ні ў кога. Лязо прутка шчоўкала пад спружынай і не завальвалася назад, як у Алёшкавым ножыку-аскабалку. І дзядзька Змітрок круціў галавой і зноў казаў: «Я ж гаварыў, ёсць у хлопца спрыт у пальцах...»
Пасля дзядзька Змітрок пачаў рабіць на парцы коней. Гэта былі дзве кабылкі — маленькія, грывастыя, буланыя, з белымі мецінкамі на лбах, спакойныя, рахманыя. «Пад бруха падлезь — не зачэпіць ні тая, ні другая»,— казаў дзядзька. А цётка Марыля жартавала: «Які сам, такія і коні. Сам спіць на хаду, то і коні спяць у баразне». Дзядзька Змітрок і праўда быў не толькі маўклівы, але і марудлівы, хоць і не настолькі, каб спаць на хаду. Так што цётка Марыля казала лішняе. І кабылкі, Маруська і Мурка, былі такія ж рахманыя і да яго.
Алёшку і мне ўсё гэта было, па-цяперашняму, да лямпачкі. Галоўнае — былі ў нас коні. У мяне — Маруська, у Алёшкі — Мурка. Штовечар мы, асядлаўшы іх, вадзілі ў Залужжа на начлег, а ранічкаю, калі не залежваліся, прыводзілі з начлегу. Дзядзька Змітрок даваў нам Маруську і Мурку і ў рабоце: напераменку мы з Алёшкам і аралі, і баранавалі, удоўж і ўпоперак. Асабліва ж ганарыліся, калі ў час жніва нам дазвалялася пасядзець на гарачым, як патэльня, мулкім і дрогкім жалезным седале жняяркі. І не проста пасядзець, а зрабіць адзін, другі, трэці круг вакол жытневага палетка. Ух, колькі гонару было ў нас з Алёшкам! Здавалася, што не на жняярцы-стракаталцы сядзіш ты, а на нейкай нябачанай цуда-машыне, што над галавою тваёю махаюць не граблі, зграбаючы, скідваючы са стала чарговы ахапак зжтага жыта, а магутныя, дзівосныя крылы-прапелеры, якія вось-вось адарвуць цябе ад зямлі, падымуць высока-высока і панясуць далёка-далёка.
З коньмі дзядзька Змітрок не разлучаўся шмат гадоў. На змену Мурцы і Марусічцы прыйшлі да яго, памятаю, Сіўка і Цэзар: першы — сівенькі сапраўды, амаль беленькі конік, брыклівы і куслівы спачатку, пакуль пры дзядзьку Змітраку не абрахманіўся, а другі, наадварот, чорненькі, як варанё, абуты ў белыя «шкарпэткі». Цэзара апекаваў я, Сіўку — Алёшка. Тады мы, ужо ці не сямікласнікі, не забаўляліся з імі, а працавалі па-сапраўднаму, як сталыя, падмяняючы дзядзьку Змітрака, калі яму нядужылася ці трэба было куды-небудзь адлучыцца.
Нейкі час дзядзька Змітрок грэў калгасную лазню. Гэта было зімою, ён тады нечага хварэў, Сіўку і Цэзара перадаў іншаму, а сам падахвоціўся рабіць лягчэйшую работу — грэць лазню. Мы з Алёшкам, вядома ж, і тут былі яго найпершымі памочнікамі. Наносілі паўнюткую бочку — велізарную, стовёдзерную — вады, рэзалі дровы. Увогуле, ваду павінны былі насіць па чарзе вяскоўцы, гэтаксама, як па чарзе, па радоўцы, пасвілі статак, і дровы рэзаць павінны былі таксама ўсе, хто прыходзіць мыцца, аднак мы не чакалі, пакуль падыдуць тыя чаргоўцы, самі насілі ваду і пілавалі дровы, і дзядзька Змітрок ухваляў гэты наш імпэт. Зрэшты, такім чынам нагрэлі мы тры ці чатыры лазні, а пасля прылаўчыліся пампаваць ваду ў бочку проста з крыніцы пры дапамозе ручной пажарнай помпы, а дровы пакрысе пілавалі і калолі загадзя, на працягу тыдня, а то і двух, бо лазню грэлі звычайна двойчы на месяц.