Выбрать главу

Дзядзька Змітрок і гэтую справу — грэць лазню — умеў рабіць. Марудлівы, маўклівы, ён, здавалася, не надта і стараўся-завіхаўся. Аднак жа ўсе былі задаволеныя. «Вось гэта лазня! — казалі мужчыны, выскокваючы перавесці дух у прылазнік.— Сам чорт спячэцца і не агледзіцца!» Дзядзька Змітрок на гэта адмоўчваўся, але відаць было, што чуць такое яму даспадобы. Ён і праўда, грэючы лазню, найперш дбаў аб тым, каб быў дух. «Вада калі і не закіпіць, дык ліха з ёю. Будзе дух, дык вады тае шмат не трэба. Абы адпарыцца чалавеку. А спаласнуцца можна і з крыніцы».

Вось так спакваля, неўпрыкмет, разам з Алёшкам праходзіў я пры дзядзьку Змітраку школу вясковай, сялянскай, працоўнай навукі. Сталася так, што праходзіў менавіта пры ім, а не пры бацьку. Бацька, хоць і жыў у вёсцы, быў адарваны (не цалкам, вядома) ад зямлі, хадзіў часцей з партфелем, чым з касой, віламі, рыдлёўкай, сякерай...

Ужо больш за тры дзесяткі гадоў я рэдка калі лавіў на лузе якога-небудзь Буланага ці Гнядога, распутваў яго, заводзіў у аглоблі, запрагаў у калёсы ці ставіў з плугам у баразну; зрэдзь часу за гэтыя гады браўся я і плесці кошык, кляпаць касу, пілаваць дровы, грэць лазню, што-небудзь клеіць, стругаць, майстраваць. Але ўменне тое заўсёды са мной, і, як некалі дзядзька Змітрок казаў свайму Алёшку і мне, кажу сваім сынам: «Умець — не за плячамі насіць». Ці: «Не абавязкова рабіць, абы ўмець...»

Дзядзька Змітрок, мне здаецца, умеў усё. Прынамсі, я не магу прыпомніць ніводнага выпадку, каб ён адмовіўся нешта рабіць, спаслаўшыся на тое, што не ўмее. Як не ведаю і выпадку, каб ён зрабіў што-небудзь блага, кепска, абы-як. Не ведаю, ці быў у нашым Падгаі яшчэ хто-небудзь, хто б гэтак дасканала мог завяршыць стог, як дзядзька Змітрок. Ні ў кога з падгайцаў не было такога багатага і дагледжанага саду, як у дзядзькі Змітрака. Ніхто не меў, бадай, і такога шчодрага медазбору, які меў дзядзька Змітрок са сваіх шасці вулляў. І калодзеж, выкапаны ім у двары пры вуліцы, быў адметны ад іншых: прыкрыты акуратным, пафарбаваным дашкам, з акаваным па-гаспадарску вядром, з лаўкай, на якую можна было, дастаўшы, паставіць тое вядро і пераліць ваду ў сваё.

А тым не менш падгайскія мужчыны не, не ды і пасміхваліся з дзядзькі Змітрака. Падстава для такіх насмешак, часам досыць крыўдных, пагардлівых, была адна: дзядзька Змітрок, маўляў, пад абцасам у цёткі Марылі. У маленстве, бываючы ў іх у хаце, я не прыкмячаў анічога, што гаварыла б пра яго такое падпарадкаванне цётцы Марылі. Было, вядома, што цётка сварылася, крычала на дзядзьку Змітрака, дык — а хто не крычаў, хто не сварыўся? Сварыліся, здаралася, і мае бацькі, і маці часта папікала бацьку, што ён не зрабіў таго ці другога. Бываў я ў Даманскіх і пасля, ужо будучы студэнтам: заходзіў, каб, спасылаючыся на тое, што хацеў пачуць што-небудзь пра Алёшку — ён служыў у арміі, пабачыць іхнюю Нінку, якая ўсё яшчэ мне падабалася. І зноў жа — не сказаў бы, гледзячы на ўсё ўжо і сталей тым вокам, што дзядзька Змітрок трымцеў перад цёткай Марыляй тонкай асінай.

Разгадка прыйшла пазней, калі цётка Марыля неўспадзеўкі памерла. Дзядзька Змітрок, думалі падгайцы, не перажыве гэтага свайго гора. Галасіў ён па жонцы, не саромеючыся ні мужчынскіх слёз, ні людскіх абгавораў. І аказалася, што дзядзька Змітрок вельмі любіў і шанаваў цётку Марылю, дагаджаў ёй, як малому дзіцяці.

Пра гэта мне казала пасля і Нінка. Пакуль я вучыўся, яна выйшла замуж за трактарыста Валерыка Карповіча, з нашага ж Падгая, хутка, аднаго за адным, нарадзіла трох сыноў, і я, прыязджаючы ў родную вёску і сустракаючыся з Нінкай, ужо не бянтэжыўся, не чырванеў і нічым не выдаваў, што некалі млеў перад ёю. Дык Нінка, калі мы неяк спаткаліся з ёю на вуліцы неўзабаве пасля цёткі Марылінай смерці, гаварыла мне: «Тата ж так любіў маму, так любіў! Як маладзен! Нават і маладзен не кожны дакажа. Мой Валерык хоць бы... І гаварыць не хочацца!.. А тата ссівеў, а да мамы — як да дзяўчынкі: Марылька і Марылька... Ні разу іначай не назваў... Так ужо любіў, так любіў...»

І вось дзядзькі Змітрака таксама няма. Не магу з гэтым змірыцца. Апошнім часам я зноў неяк зблізіўся быў з ім, як і ў дзяцінстве. Пасля смерці маці я не прадаў у Падгаі нашай хаты і не кінуў яе на волю лёсу. Наадварот: даў новы подруб, перакрыў, пафарбаваў. І родная хата зноў служыць мне — стала дачай, ці што. Штолета я з сям'ёй жыву ў Падгаі. І дзядзька Змітрок зноў быў маім найбліжэйшым суседам, дарадцам і, бадай, ужо і таварышам. Дзе і пад што зрабіць якую граду, як абрэзаць, абкапаць і пабяліць яблыню, адкуль прывезці колькі вёдзер гліны, каб перакласці на гарышчы дымнік-ляжак — пра ўсё гэта перамовішся найперш з дзядзькам Змітраком. А колькі паперасядзеў я з ім, ужо амаль па-старэчы, на лавачцы — ранічкаю, сустракаючы ўсход сонца, і ўвечары, праводзячы тое ж сонца на спачын! Сядзім, гамонім пакрысе, больш, бадай, я, чым дзядзька Змітрок,— і сыходзіць на душу ціхамірнасць, суладная з гэтым велічным і вечным вечаровым (ці ранішнім) спакоем прыроды, і хочацца верыць у добрае, чыстае і святое на гэтай зямлі, і ціхая, безгалосая крыўда ад таго, што сам ты, на жаль, не такі добры, не такі чысты і ўжо зусім не святы, падточвае, смокча цябе казытліва і тужліва...