Колькі гадоў з таго часу мінула, а як успомніць, так і зойдзецца ў яе сэрца, і абарвецца, кудысьці ўніз ападзе — ёй у вачах так і пацямнее. Гэта ж дай веры, не чужы хто, не вораг, свае дзеці такое нарабілі. А ці ж яны вінаватыя? Сама яна, Стэпачка, вінаватая, сама. Раманок, праўда, стагнаў, зубамі скрыгатаў, на сябе віну браў — чаго яму ўзбрыло з тымі начоўкамі ў пуні, але ж яна ведае — сама вінаватая, не трэба было на малых спадзявацца, трэба было самой падысці, пакалыхаць дзіцятка, а мо і цыцкі даць, каб супакоілася. Не падышла, не дала...
Учора так увесь дзень яны і прамаўчалі — маладое і старое. А сёння Людачка з самага ранку да сяброўкі пабегла, каб разам перад экзаменам пачытаць нешта. Сёння экзамен, а, казала, нечага не прачытала і баіцца, што якраз тое, нячытанае, ёй і выпадзе. Па нейкім законе подласці, тлумачыла бабулі, але што гэта за закон такі, яна, Стэпачка, так і не зразумела. Адно зразумела, што ёй зноў ляжаць адной і маўчаць.
От яна і ляжыць на тахце сваёй. А як ляжаць надакучыць, па кватэры паходзіць, у адзін пакой загляне, у другі, на кухню сходзіць, у акно паглядзіць. Ціха, адзінока ў кватэры, і ад гэтага ёй, Стэпачцы, яшчэ самотней робіцца. Адно думкі самоту развейваюць. Ці мо наганяюць? Думкі не слухаюцца яе, прыбягаюць, як уздумаецца — то з даўнейшага-даўнейшага яе жыцця, калі яна зусім зяленухай была, то з пазнейшага, як яна ўжо ў Альхоўцы Стэпачкай жыла, а то, наўздзіў, набяжыць знячэўку і тое, што зусім нядаўначка было, як яна ў бальніцы рабіла.
Прыгадалася было — і чаго, каб хто спытаў? — як яна з маткай-нябожчыцай хадзіла нечага ў маёнтак. Ён з вёскі відаць быў, маёнтак панскі, стаяў на пагорачку. Відаць быў парк — дрэвы кучаравыя, высокія, абгароджаны рашотчатай агародкай. Відаць быў сад — шмат-шмат радочкаў яблынь, а за ім высокі і густы шарок елак, роўненькіх, адна ў адну, як блізняці. Злева ад саду бялеліся доўгія будыніны — панскія аборы, кароўнікі, аўчарні, стайні. А сярод дрэў у парку ўгадваўся здалёк палац — таксама белы, мураваны, двухпавярховы. Ім, дзецям, надта ж хацелася пабыць там, паглядзець на ўсё зблізку, але і думаць пра тое не хапала духу. Можа выскачыць, казалі, панскі служка і зацкуе сабакам... І от яна пайшла туды з маткаю. З дарогі ўзышлі на акуратны, дагледжаны, з точанымі парэнчамі масток праз канаву, ступілі на роўненькую, без адзінай выбоінкі, пасыпанку-дарожку, дайшлі ёю да высокай брамы, адчынілі ў ёй малыя ўзорчатыя веснічкі і апынуліся ў парку. Маці трымала яе, малую, за руку, але ўсё роўна дачка трымцела ад страху. Яны дайшлі да ганка — высокага, таксама з точанымі парэнчамі, прыступкі ганка вялі на ашклёную веранду, што апярэзвала з боку парку ўвесь палац. На ганак выйшаў чалавек — у чорнай безрукаўцы, з вялікімі вусамі (яна, Стэпачка, як сёння яго бачыць), нешта сказаў маці. Маці пакланілася, і яны пайшлі назад. Ішлі той жа дарожкай, сярод кветак, Стэпачка глядзела сабе пад ногі і толькі цяпер заўважыла, што дарожка так чысценька падмецена, быццам на ёй ніколі не было ні саломінкі, ні апалага лісточка з дрэва. І пасля, калі чула ад маці пра пекла і рай, малая Стэпачка ўяўляла рай тым панскім паркам, маёнткам, які яна пабачыла краем вока. А чаго яны хадзілі, што трэба было маці там, у памяці не засталося...
То раптам бачыла сябе на альхоўскай вуліцы ў той дзень, як раскулачвалі Хазяінавых і Дабрахотаў. Хазяінавых у Альхоўцы не любілі і тады, у той дзень, не шкадавалі. Яны і праўда былі кулакі — і стары Кузьма Хазяінаў, і яго два сыны. Злыя, жорсткія былі людзі. Казалі, што яшчэ за царом Кузьма купіў сабе гэтае прозвішча — Хазяінаў, як выбіраўся з сяла на хутар. Казалі таксама, што не ўсё чыста і з грашыма, за якія ён купіў зямлю і лес, каб будавацца на тым хутары, быццам ён зарэзаў і абрабаваў яўрэя-карчмара недзе за Віллёй. Жылі Хазяінавы на хутары ваўкалакамі, адасоблена ад усіх, зацята працавалі самі і гэтак жа зацята прымушалі працаваць тых, каго наймалі ўлетку, у касьбу і жніво. І, аказалася, не хлусілі людзі, калі казалі, што Хазяінавы, як барсукі, усё ў сваю нару цягнуць-валакуць. Дабра ў іх і праўда было шмат: і з адзення, і ботаў многа пар, і кажухоў новых, неадзяваных, і скруткаў палатна — саматканага і крамнага, і хамутоў, вупражы рознай, калёс, саней, панарадаў, і грошай многа. Яна, Стэпачка, сама на тым хутары не была, але бачыла, як Хазяінавых везлі праз Альхоўку ў раён. Ехалі яны на некалькіх падводах, моўчкі, злосна зіркаючы на людзей. Гануля, Кузьмова старая, падала была голас — залямантавала, але Кузьма так гыркнуў на яе, што ёй умэнт зарвала.