Выбрать главу

Ці трэба было ўсё тое цётцы Стэфе? Хто ёй тая дзеўчынёха? Хворая ў палаце, у якой яна прыбірае. Толькі ж не можа яна спакойна глядзець, як хто мэнчыцца. От гэта і падштурхнула яе да дзеўчынёхі: памажы ёй, зяленусе, справіцца з бядою, мо сумееш памагчы, ты на свеце пажыла, бачыла бяду вялікую і малую...

Чаго-чаго, а бяды-гора яна пабачыла. Таму і згадкі, спаміны яе ўсе не сказаць каб вясёлыя. Часцей прыходзіць на памяць тое, што з бядою — сваёй ці людскою — спалучана. Найбольшая ж бяда, адна на ўсіх людцаў, была тады, у вайну. Сама вайна і была той бядою. Бядою, горам вялікім, пакутамі, страхам, пракляццем страшэнным. Перажыў чалавек вайну тую — ніколі не забудзе. Ці стары, ці малы. Ніхто і ніколі. Ёй жа і па сёння вайна тая сніцца. Яна ўжо адмахваецца ад тых сноў-спамінаў, а — не можа адмахнуцца. Сярод усяго, што помніцца, найбольш яна баліць — вайна. Якая б скруха на сэрца ні лягла — першым успамінам вайна абзавецца.

От і ўчора, і сёння. Як толькі змружыць вочы, так і стаіць перад ёю той дзень, калі яна з дзецьмі ў Альхоўку з лесу вярталася. А заадно і дні перад тым, калі яна ўцякала ад блакады і не магла ўцячы, калі сама ратавалася і дзяцей ратавала. Каб жа яшчэ не ездзіла яна ў Альхоўку! Сорак гадкоў прамінула, а быццам зноўку вярнулася ўсё тое да драбніц, быццам было толькі ўчора...

Расказвала яна пра вясну і пачатак лета сорак чацвёртага Людачцы неаднойчы, унучачка яе аповяд і на цэўку сваю запісала, але ж — ці раскажаш усё і за сто разоў, ці хопіць тае плёнкі, стужачкі тае, каб запісаць усё, што ўведала яна, што рабіла, што думала і перажыла за той месяц-другі?..

Стэпачка не зайшла ў хату — сілы не хапіла, каб падняць босую, у закарэлай балотнай твані нагу на камень, ступіць на ганачак-прыстрэшак і, зрушыўшы ўгору парудзелую ад іржі клямку, пацягнуць да сябе цяжкія філянговыя дзверы. Пакуль тэпала ўслед за дзецьмі, дык і тэпала, не думаючы, здаецца, ні аб чым, машынальна перастаўляючы ногі, шлэпаючы імі спачатку па гарачым, як прысак, дарожным пяску, а пасля па халаднаватай, выбітай, быццам ток, сцежцы, якая хоць і бегла па аселіцы ўлукаткі, аднак жа ўсё ж трошкі спрамляла і скарачала шлях. Так неўпрыцям і датэпала да варотцаў, што аддзялялі падворак ад вуліцы, прайшла міма іх, паваленых, сарваных з драцяных абручоў-завесаў, дабрыла па ўтравелым і таму, пэўна, нязвычна мяккім надворку да каменя-круглея ля ганка, і тут як бы хто знячэўку выцягнуў з яе невідочны прут, што трымаў яе тырчма, стаяком — так і асунулася на той нагрэты, ажно напалены камень-круглей і бяссільна, цяжка паклала рукі на худыя, вострыя калені, звесіла на грудзі галаву. Сядзела і не то драмала, не то адранцвела ў непрытомнасці, чула і не чула, як у хаце гаманілі і смяяліся дзеці, як бегалі з першае хаты ў другую, як нечым там грукалі і бразгаталі і, здаецца, нечага гукалі і да яе, да маці, але не азывалася. Хай бегаюць, хай крычаць, хай смяюцца! Цяпер ужо можна. Можна і пакрычаць, і пабегаць, і пасмяяцца. Нават парагатаць. І громка-громка, каб ажно шыбіны ў вокнах затрымцелі-зазвінелі. Цяпер можна. Цяпер усё можна. Хай яны пабегаюць, пасмяюцца. А яна пасядзіць. Проста так пасядзіць. Во тут, на цёплым камені пры ганку сваёй хаты. Як калісь, скончыўшы палоць грады ці вярнуўшыся з Доўгага балота, дзе разбівала і варочала пракосы,— тады, натаміўшыся, таксама было добра во так пасядзець на цёплым камені, ні аб чым не думаючы. Сёння ж яна не проста натамілася-напрацавалася. Сёння яна, як той казаў, да ручкі дайшла. Добра яшчэ, што датэпала ўсё ж, дапаўзла-прысунулася сюды, да роднага котлішча, а не павалілася дзе-небудзь у іншым месцы, у Барку тым самым, у Ганаровічах, на Краснай горцы ці на кладцы ля Анціпавай сажалкі на аселіцы. Не думала, здаецца, што дойдзе. А от жа дайшла. І ліха з ім, што не хапіла сілы адчыніць дзверы і зайсці ў хату — ёй і тут добра, на камені ля ганка. Хіба яна мала на ім сядзела? Хіба толькі тады, як з гарода, спіны не чуючы, выпаўзала ці з таго ж доўгага балота вярталася? А колькі бульбы перабрала-перачысціла, на ім седзячы? А колькі разоў, кароўку падаіўшы, прысаджвалася на ім, каб ногі замлелыя адышлі? А колькі праседзела на ім, пылянят і дзяцей пільнуючы?